Дата стварэння: 02.11.2023 16:28:40
Дата змены: 11.09.2024 14:28:46
«За Сове́цкую Белару́сь» («За Савецкую Беларусь»)
Франтавая газета.
Выдавалася Палітупраўленнем Заходняга фронту пры непасрэдным удзеле Цэнтральнага камітэта КП(б)Б у час Вялікай Айчыннай вайны з 11 ліпеня 1941 г. да кастрычніка 1942 г. на беларускай мове. Рэдактар М. Ц. Лынькоў.
Выданне было разлічана на беларускіх партызан i жыхароў акупіраванай тэрыторыі Беларусі, куды дастаўлялася авіяцыяй. Газета друкавала найбольш важныя дакументы партыі і ўрада, звесткі пра падзеі на франтах, мужнасць беларускіх партызан і працоўны гераізм народа ў тыле ворага, інфармавала чытачоў пра 1‑ы Усеславянскі мітынг у Маскве, які адбыўся ў жніўні 1941 г., і выступленне на ім Я. Купалы. На яе старонках змяшчаліся творы Я. Купалы, Я. Коласа (артыкул «Роднаму народу», вершы «Байцам-камсамольцам», «Смерць разбойнікам», «Абаронцам роднай зямлі»), П. Броўкі, П. Глебкі, К. Крапівы, М. Лынькова, П. Панчанкі, М. Танка, К. Чорнага, а таксама вершы «Комсомолка-партизанка» Дзям’яна Беднага і «Дед Талаш» А. А. Суркова.