ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 4‑я БЕЛАРУСКАЯ, Віцебскай і Вілейскай абласцей
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 4‑я БЕЛАРУСКАЯ

Дата стварэння: 02.11.2023 16:37:20

Дата змены: 11.09.2024 15:14:25

Партыза́нская брыга́да 4‑я Белару́ская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Мехаўскага, Гарадоцкага і Расонскага раёнаў Віцебскай вобласці, Дзісенскага, Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў Вілейскай вобласці БССР, Невельскага pаёна Калінінскай вобласці РСФСР (цяпер у Пскоўскай вобласці Расіі).

Створана 29 чэрвеня 1942 г. на базе асобнага атрада В. А. Сазыкіна і групы, вылучанай партызанскай брыгадай 3‑й Беларускай Віцебскай вобласці, у складзе атрадаў 1‑га, 2‑га, 3‑га і 4‑га. У ліпені 1942 г. арганізаваны 5‑ы атрад, у снежні 1942 г. — 6‑ы атрад. У баях з карнікамі ў красавіку 1943 г. 2‑і атрад быў рассеяны. У ліпені 1943 г. атрады брыгады былі перайменаваны: 3‑і ў 2‑і, 4‑ы ў 3‑і, 5‑ы ў 4‑ы, 6‑ы ў 5‑ы, у жніўні 1943 г. арганізаваны 6‑ы атрад (2‑га складу). У кастрычніку 1943 г. брыгада перадыслацыравалася ў Вілейскую вобласць.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных лініях Невель — Віцебск, Полацк — Невель, на ўчастку Друя — Шаркаўшчына чыгуначнай лініі Варапаева — Друя, на ўчастку Варапаева — Глыбокае лініі Круляўшчызна — Варапаева. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначнай лініі Полацк — Невель і ўчастку Варапаева — Глыбокае падарвалі больш за 600 рэек.

Брыгада разграміла варожыя гарнізоны ў вёсках Змяіна Невельскага раёна (жнівень 1942), Каменка (снежань 1942) і Кавалі, Завань (ліпень 1943) Мехаўскага раёна, Ліхачы (кастрычнік 1943) і Лявонпаль (снежань 1943) Дзісенскага раёна, Жыгулі і Узмёны Мёрскага раёна (люты 1944), Грыгараўшчына Шаркаўшчынскага раёна (сакавік 1944) і інш.

Партызаны вялі баі з гітлераўцамі каля вёсак Горы Расонскага раёна (жнівень 1942), Сурміно Мехаўскага раёна і Скакуны Мёрскага раёна (люты 1944).

У верасні — кастрычніку 1943 г. брыгада правяла баявы рэйд з Расонскага pаёна Віцебскай вобласці ў Дзісенскі раён Вілейскай вобласці. У лютым 1944 г. партызаны напалі на варожы гарнізон у г. Дзісна.

У лістападзе — снежні 1942 г., студзені — маі 1943 г., маі — чэрвені 1944 г. партызаны брыгады вялі абарончыя баі супраць карнікаў. У ноч на 4 чэрвеня 1944 г. прарвалі блакаду ў раёне в. Менюхі (Мнюхі) Мёрскага pаёна і выйшлі з акружэння.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы, у якіх змагаліся 609 партызан.

Камандзіры брыгады: А. А. Астрэйка, Н. Е. Фалалееў, Я. X. Сташкевіч (загінуў), В. А. Сазыкін, М. I. Ярмак (загінуў), Д. І. Дзюмін; камісары: Я. I. Касаткін, Г. С. Пятроў, У. К. Шэндзелеў, Ф. М. Расюк; начальнікі штаба: Н. Е. Фалалееў, А. Г. Собалеў (загінуў), А. П. Плотнікаў, П. I. Шарыпаў.