Дата стварэння: 02.11.2023 16:40:17
Дата змены: 11.09.2024 14:59:46
Партыза́нская брыга́да імя́ С. М. Каро́ткіна
У чэрвені 1942 — лютым 1943 г. партызанская брыгада Сіроцінская, у лютым — чэрвені 1943 г. партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага.
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Сіроцінскага, Расонскага, Полацкага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці, Пліскага і Мёрскага (Міёрскага) раёнаў Вілейскай вобласці.
Створана ў чэрвені 1942 г. на базе асобных партызанскіх атрадаў «Мсцівец», «Грозны» і імя К. Я. Варашылава. Пры фарміраванні брыгады быў арганізаваны атрад імя В. І. Чапаева, у канцы ліпеня 1942 г. — атрад «Сталінец», у жніўні 1942 г. — атрад «За перамогу». Да лютага 1943 г. мела назву «Сіроцінская».
У пачатку лютага 1943 г. у баі з карнікамі брыгада падзялілася, у сакавіку з атрадаў «Мсцівец», імя К. Я. Варашылава, «Сталінец» і роты атрада «Грозны» была створана партызанская брыгада імя У. I. Леніна. У лютым 1943 г. створаны атрад «Беларускі мсцівец», у маі — атрад імя Ф. Э. Дзяржынскага, у чэрвені — атрад імя С. М. Кірава. Арганізаваны ў красавіку 1944 г. атрад імя ВЛКСМ у баях з карнікамі ў маі 1944 г. панёс цяжкія страты і быў рассеяны.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Полацк — Маладзечна, Віцебск — Полацк, Гарадок — Невель, на шашэйных і грунтавых дарогах. Разграмілі варожыя гарнізоны на станцыях Язвіна (ліпень 1942, гл. Язвінская аперацыя 1942 г.), Лоўжа (жнівень 1942) Сіроцінскага раёна, у вёсках Гута, Янчыкава, Званае і Балдышы Полацкага раёна (красавік 1943), у в. Азярцы Пліскага раёна (верасень 1943). У час Лепельскай аперацыі 1943 г. прыкрывала ўдарныя брыгады з боку Полацка — Ветрына.
У верасні — снежні 1942 г., студзені — сакавіку, маі — чэрвені 1943 г. партызаны вялі баі з карнікамі на тэрыторыі Сіроцінскага, Асвейскага і Дрысенскага раёнаў. У жніўні 1943 г. на чыгунцы Полацк — Маладзечна падарвалі больш за 2 тыс. рэек. У красавіку — маі 1944 г. у Полацка-Лепельскай партызанскай зоне трымалі абарону на рубяжы в. Асінаўка — возера Шо — в. Шоша, прарвалі блакаду каля станцыі Кульгаі Пліскага раёна і на рубяжы вёсак Паперына — Новае Сяло Ушацкага раёна.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Грозны», імя В. І. Чапаева, «За Перамогу», «Беларускі мсцівец», імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя С. М. Кірава, у якіх налічвалася 660 партызан. У ліпені 1944 г. разам з часцямі Чырвонай арміі брыгада трымала абарону на рубяжы в. Новы Пагост — возера Важа Мёрскага pаёна, удзельнічала ў баі за в. Варапаншчына Браслаўскага раёна.
Камандзіры брыгады: С. М. Кароткін (загінуў у кастрычніку 1942), П. А. Хомчанка, У. М. Талаквадзэ; камісары: В. М. Фралоў, А. Б. Эрдман; начальнікі штаба: У. Р. Аляксандраў, П. А. Хомчанка, М. Ф. Мацвеенка.
Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад.
У гонар брыгады ў в. Капылоўшчына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў 1975 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.