ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ЛОЕЎСКАЯ «ЗА РАДЗІМУ», Гомельскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ЛОЕЎСКАЯ «ЗА РАДЗІМУ»

Дата стварэння: 02.11.2023 16:41:13

Дата змены: 28.05.2025 12:03:57


Партыза́нская брыга́да Ло́еўская «За Радзі́му»

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Лоеўскага, Рэчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці, Васілевіцкага, Хойніцкага, Брагінскага раёнаў Палескай вобласці.

Створана ў ліпені 1943 г. па ўказанні ўпаўнаважанага ЦК КП(б)‌Б па Гомельскай вобласці І. П. Кожара на базе атрада Лоеўскага «За Радзіму» (арганізаваны 22 жніўня 1941), з вылучанага ім асабовага саставу былі створаны 10 ліпеня 1943 г. атрады імя І. В. Сталіна і імя В. М. Молатава, 9 кастрычніка 1943 г. арганізаваны атрад імя М. І. Калініна.

Партызаны наносілі ўдары па ворагу на чыгуначных лініях Гомель — Ба́хмач (Украіна), Гомель — Калінкавічы, Гомель — Чарнігаў (Украіна), на шашэйных і грунтавых дарогах. З 16 ліпеня да 19 кастрычніка 1943 г. яны пусцілі пад адхон 26 варожых эшалонаў, знішчылі 35 аўтамашын, 10,2 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі, 6 мастоў, падарвалі склад боепрыпасаў, спалілі склад лесаматэрыялаў. У жніўні — верасні 1943 г. на чыгунках Гомель — Калінкавічы, Гомель — Чарнігаў падарвалі больш за 530 рэек.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 24 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады Лоеўскі «За Радзіму», імя І. В. Сталіна, імя В. М. Молатава, імя М. І. Калініна, у складзе якіх было 1 031 партызан.

Камандзір брыгады Р. I. Сінякоў, камісар С. А. Гардзееў, начальнік штаба В. Н. Камандзін.

У гонар брыгады ў г. п. Лоеў у 1966 г. і каля в. Ру́дня Бу́рыцкая Лоеўскага раёна ў 1978 г. пастаўлены помнікі.