ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «НЯЎЛОЎНЫЯ», Віцебскай, Вілейскай і Баранавіцкай абласцей
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «НЯЎЛОЎНЫЯ»

Дата стварэння: 02.11.2023 16:41:42

Дата змены: 02.06.2025 10:27:23


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «НЯЎЛОЎНЫЯ», Віцебскай, Вілейскай і Баранавіцкай абласцей

Помнік на брацкай магіле байцоў партызанскай брыгады «Няўлоўныя» і іншых партызанскіх і армейскіх фарміраванняў у вёсцы Бакшты Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «НЯЎЛОЎНЫЯ», Віцебскай, Вілейскай і Баранавіцкай абласцей

Стэла ў гонар атрада М. С. Пруднікава – папярэдніка партызанскай брыгады «Няўлоўныя» ў вёсцы Шчаперня Полацкага раёна Віцебскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да «Няўло́ўныя»

Спецбрыгада Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС) — Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі (НКДБ) СССР.

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дрысенскага, Лепельскага, Полацкага, Расонскага і Браслаўскага раёнаў Віцебскай вобласці, Куранецкага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Маладзечанскага, Мёрскага і Пастаўскага раёнаў Вілейскай вобласці, Валожынскага, Іўеўскага, Лідскага, Навагрудскага, Навамышскага і Юрацішкаўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці і Мінскага раёна Мінскай вобласці.

Дыверсійныя і разведвальныя групы брыгады дзейнічалі таксама на тэрыторыі Калінінскай вобласці РСФСР, прылеглых раёнаў Літоўскай ССР і Латвійскай ССР.

Арганізавана ў ліпені 1942 г. на базе спецатрада «Няўлоўныя», які быў сфарміраваны ў савецкім тыле і 1 сакавіка 1942 г. перапраўлены праз лінію фронту ў тыл ворага і прыбыў у Полацкі раён. Атрад першапачаткова налічваў 28 байцоў і на акупіраванай тэрыторыі папаўняўся мясцовым насельніцтвам. Яго камандаванне аб’ядноўвала асобна дзеючыя падраздзяленні. У асобныя перыяды састаў брыгады дасягаў 1,7 тыс. чалавек. За час існавання брыгады ў ёй налічвалася 16 атрадаў.

У кастрычніку 1943 г. брыгада была рэарганізавана: частка яе асабовага саставу перададзена на фарміраванне партызанскай брыгады А. М. Крыўскага, некалькі атрадаў і груп пакінуты ў ранейшых месцах дыслакацыі. Брыгада, у складзе якой засталіся 633 байцы, у кастрычніку — снежні 1943 г. перайшла з Полацкага pаёна ў Юрацішкаўскі.

Партызаны правялі больш за 140 баявых аперацый, пусцілі пад адхон шмат варожых эшалонаў, збілі 10 самалётаў, узарвалі і спалілі 104 чыгуначныя і шашэйныя масты, больш за 80 аўтамашын і трактароў, 12 дрызін і матавозаў, 6 складоў, сапсавалі 50 км тэлефонна-тэлеграфных ліній, 1 170 рэек на чыгунцы і інш. Перадавалі камандаванню Чырвонай арміі звесткі разведкі. У чэрвені 1942 г. разведчыкі атрада «Няўлоўныя» здабылі і пераправілі ў Маскву 23 сакрэтныя карты нямецкага камандавання з пазначаным на іх аператыўным становішчам. Акрамя таго, партызаны брыгады вялі палітычную работу сярод насельніцтва і салдат варожых фарміраванняў. Арганізоўвалі ўцёкі савецкіх ваеннапалонных з канцлагераў.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 12 ліпеня 1944 г., на той момант у яе складзе змагаліся 1 132 чалавекі.

Камандзіры брыгады: М. С. Пруднікаў, А. Р. Марозаў.

Камандзіру брыгады М. С. Пруднікаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У гонар брыгады ў 1965 г. у г. Ліда і ў в. Шчаперня Полацкага раёна пастаўлены стэлы, у в. Бакшты Іўеўскага раёна ў 1964 г. пастаўлены скульптурны помнік на брацкай магіле байцоў брыгады і іншых партызанскіх і армейскіх фарміраванняў (пахаваны 133 чалавекі).