Дата стварэння: 02.11.2023 16:44:12
Дата змены: 02.06.2025 11:04:56
Партыза́нская брыга́да Се́нненская
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Сенненскага, Чашніцкага і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана ў кастрычніку 1942 г. Пасля цяжкіх баёў з карнікамі партызанская брыгада М. П. Гудкова вымушана была раздзяліцца, і група з 200 партызан на чале з камісарам брыгады В. С. Лявонавым (атрад «Лявонаўцы») выйшла ў Сенненскі раён, дзе папоўнілася мясцовымі жыхарамі і была разгорнута ў самастойную брыгаду. Напачатку яна ўключала атрады В. А. Захарчанкі (арганізаваны восенню 1941), імя А. В. Суворава (арганізаваны ў маі 1942), Ю. К. Каракетава (арганізаваны ў жніўні 1942, пазней імя К. А. Хаіркізава — памочніка камандзіра брыгады, які загінуў у чэрвені 1943), імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў верасні 1942) і дыверсійную групу Я. З. Шарахоўскага (перайшла лінію фронту ў ліпені 1942, у чэрвені 1943 пераўтворана ў дыверсійны атрад «Смерць фашызму»). Пры фарміраванні брыгады ў кастрычніку 1942 г. арганізаваны атрады А. М. Захарава і 6‑ы. У маі 1943 г. арганізаваны атрад «За Радзіму», у чэрвені — атрад імя Аляксандра Неўскага, у ліпені 1943 г. — атрады П. Ф. Гарбачова, імя Багдана Хмяльніцкага, імя М. І. Кутузава. У верасні 1943 г. з брыгады вылучана група (60 партызан) для арганізацыі партызанскай брыгады Багушэўскай 2‑га складу. У красавіку 1944 г. арганізаваны разведвальны атрад.
Партызаны праводзілі дыверсіі на варожых камунікацыях. У «Рэйкавай вайне» на чыгунках Орша — Віцебск і Орша — Лепель падарвалі і папсавалі больш за 1 тыс. рэек. У снежні 1942 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў в. Чарэя, у верасні — кастрычніку 1943 г. — у вёсках Граеўшчына, Слідцы, Закур’е, Прыдвор’е, Лукомль Чашніцкага раёна, удзельнічалі ў Лепельскай аперацыі 1943 г. і ў Лепельскім баі 1943 г. У снежні 1943 г., лютым — сакавіку 1944 г. вялі баі каля в. Новая Беліца Сенненскага раёна (гл. у артыкуле Беліцкая абарона 1943–1944 гг.). У студзені — лютым 1944 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Ходцы, Ладзікава, Ля́дзіна (Лядзіны), Крыльцова Сенненскага раёна. У час карнай экспедыцыі ворага супраць партызан Полацка-Лепельскай зоны ў маі 1944 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Залессе і Матырына Лепельскага раёна, у чэрвені прарвалі варожую блакаду на шашы Лепель — Барысаў і Халопенічы — Бягомль.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 26 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады В. А. Захарчанкі, імя А. В. Суворава, імя К. А. Хаіркізава, імя В. І. Чапаева, А. М. Захарава, 6‑ы, «За Радзіму», імя Аляксандра Неўскага, «Смерць фашызму», П. Ф. Гарбачова, імя Багдана Хмяльніцкага, імя М. І. Кутузава, разведвальны, у якіх налічвалася 1 939 партызан.
Камандзір брыгады В. С. Лявонаў; камісары: П. В. Сырцоў, М. Ц. Любімцаў; начальнікі штаба: В. Д. Сыценка, I. К. Пашчанка, Я. З. Шарахоўскі.
За 12 км ад в. Крайцы Лепельскага раёна ў 1968 г. устаноўлены мемарыяльны знак партызанскаму атраду «Лявонаўцы» — папярэдніку Сенненскай брыгады.