Дата стварэння: 02.11.2023 16:44:32
Дата змены: 11.09.2024 15:24:18
«Партыза́нская дубі́нка»
Сатырычны лісток, выданне газеты «За свабодную Беларусь» (да лістапада 1942), затым Цэнтральнага камітэта КП(б)Б у час Вялікай Айчыннай вайны.
Лісток выдаваўся з 22 сакавіка 1942 г. да сакавіка 1943 г. на беларускай мове ў прыфрантавой паласе, апошнія нумары выйшлі ў Маскве. Вядома 17 нумароў (№ 1–15/16 за 1942; № 1–3 за 1943). Рэдактар І. Д. Гурскі.
На старонках выдання сродкамі сатыры выкрывалася злачыннасць намераў і дзеянняў нямецка-фашысцкіх акупантаў, друкаваліся заклікі да актыўнай барацьбы з ворагам, змяшчаліся сатырычныя вершы, байкі, памфлеты, карыкатуры. У выданні ўдзельнічалі П. Броўка, П. Глебка, К. Крапіва, П. Панчанка, К. Чорны і іншыя беларускія пісьменнікі, а таксама мастакі I. В. Ахрэмчык, Я. А. Зайцаў, У. М. Мінаеў і інш.