Дата стварэння: 02.11.2023 16:44:58
Дата змены: 11.09.2024 14:59:29
Партыза́нскі атра́д 42‑і
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Прапойскага і Чэрыкаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны ў чэрвені 1942 г. на базе груп М. М. Нікіціна і В. Я. Гапеева, якія дзейнічалі ў Прапойскім і Чэрыкаўскім раёнах. Спачатку называўся атрад «Трынаццаць», з 25 мая 1943 г. — 42‑і.
Партызаны зрывалі варожыя перавозкі па шашэйных дарогах Крычаў — Доўск, Чэрыкаў — Краснаполле. Летам 1943 г. правялі 12 засадных баёў на шашы Крычаў — Прапойск.
Атрад (248 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 1 кастрычніка 1943 г.
Камандзіры атрада: М. М. Нікіцін, Г. А. Каралёў; камісар В. Я. Гапееў; начальнік штаба І. М. Гаўрылаў.