Дата стварэння: 02.11.2023 16:46:00
Дата змены: 11.09.2024 15:48:26
«Патрио́т Ро́дины»
Малафарматная газета, выданне Мінскага партыйнага падполля ў Вялікую Айчынную вайну.
Выдавалася ў студзені — жніўні 1942 г. групай А. А. Маркевіча (кіраўнік), у якую ўваходзілі Г. С. Ананьева, В. Г. Іваноў, П. А. Саковіч, Л. Г. Флейшар, Г. А. Мохава. Друкавалася і множылася на самаробным шапірографе на кватэры кіраўніка групы. Выйшла 8 нумароў на беларускай і рускай мовах. Захаваліся 3 нумары за 22 чэрвеня, 5 ліпеня, 9 жніўня 1942 г. Тыраж складаў 80–100 экзэмпляраў. Распаўсюджвалася членамі групы.
Газета інфармавала чытачоў аб падзеях на франтах, жыцці савецкага тылу, заклікала насельніцтва не падпарадкоўвацца распараджэнням акупацыйных улад і байкатаваць іх мерапрыемствы, змагацца супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, усяляла ўпэўненасць у перамозе над ворагам.