Дата стварэння: 02.11.2023 16:47:31
Дата змены: 27.02.2025 16:09:04
Фонд абаро́ны СССР
Створаны ў СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны па ініцыятыве працоўных. З’яўляўся адным з самых масавых патрыятычных рухаў савецкіх людзей па аказанні дапамогі фронту. Складваўся з грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей, якія добраахвотна ўносілі савецкія грамадзяне.
Рух за стварэнне Фонда абароны быў падтрыманы ЦК ВКП(б) і мясцовымі партыйнымі органамі. ЦК КП(б)Б 6 жніўня 1941 г. абавязаў партыйныя, камсамольскія і прафсаюзныя арганізацыі падтрымаць і ўзначаліць ініцыятыву рабочых, калгаснікаў і інтэлігенцыі. Звесткі аб паступленні ў Фонд абароны публікаваліся з 1 жніўня 1941 г. у зводках Саўінфармбюро. Са снежня 1942 г. стаў масавым узнос сродкаў у фонд Чырвонай арміі на стварэнне узбраення. Працоўныя на асабістыя зберажэнні будавалі калоны танкаў, эскадрыллі самалётаў. У руху ўдзельнічала ўсё насельніцтва краіны.
Збор сродкаў праводзіўся і на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Да вясны 1943 г. насельніцтва і партызаны Беларусі сабралі на будаўніцтва самалётаў і бронецягнікоў «Савецкая Беларусь» 5 394 342 руб. (у т. л. партызаны — 606 тыс. руб.), 2 100 руб. золатам і 1 240 тыс. руб. аблігацыямі. 3 восені 1943 г. і да пачатку 1944 г. насельніцтва і партызаны акупіраванай тэрыторыі Беларусі перадалі ў фонд абароны каля 10 млн. руб. грашыма і аблігацыямі, больш за 13 кг золата, каля 90 кг срэбра і іншых каштоўнасцей.
Пасля вызвалення Беларусі 25 ліпеня 1944 г. па ініцыятыве мінскага хлебазавода «Аўтамат» пачаўся збор сродкаў на будаўніцтва авіяэскадрыллі і танкавай калоны «За Савецкую Беларусь». Калгаснікі Мінскай вобласці разгарнулі збор сродкаў на будаўніцтва эскадрыллі «Мінскі калгаснік». Восенню 1944 г. працоўныя вызваленай рэспублікі сабралі 50 млн руб. грашыма і аблігацыямі, сяляне здалі звыш плана больш за 3 млн пудоў хлеба і 25 млн пудоў бульбы.