Дата стварэння: 21.12.2023 10:35:23
Дата змены: 05.03.2025 09:06:11
Партыза́нская брыга́да 100‑я Глу́ская
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Глускага і Акцябрскага раёнаў Палескай вобласці.
Створана 6 верасня 1943 г. на базе атрадаў: Б. М. Цыкункова (арганізаваны ў красавіку 1942, са студзеня 1943 уваходзіў у партызанскую брыгаду 99‑ю імя Д. Ц. Гуляева), П. Я. Ігуменава (арганізаваны ў студзені 1942 на базе групы А. Г. Балахонава, якая дзейнічала з 1941, да красавіка 1942 уваходзіў у «гарнізон Ф. І. Паўлоўскага», потым дзейнічаў самастойна, са студзеня 1943 уваходзіў у партызанскую брыгаду 37‑ю імя А. Я. Пархоменкі, у сакавіку — ліпені 1943 — у партызанскую брыгаду 210‑ю Капаткевіцкую, потым зноў дзейнічаў як асобны), I. А. Бабіча (арганізаваны як асобны ў студзені 1943 з часткі атрада П. Я. Ігуменава, у сакавіку — ліпені 1943 уваходзіў у брыгаду 210‑ю Капаткевіцкую, потым зноў дзейнічаў як асобны). У далейшым атрады былі перайменаваны: Б. М. Цыкункова — у атрад імя С. М. Будзённага, П. Я. Ігуменава — у атрад «За Савецкую Радзіму», I. А. Бабіча — у атрад імя М. І. Калініна.
Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на чыгуначным участку Калінкавічы — Лунінец і на шашэйных дарогах. Правялі больш за 140 адкрытых і засадных баёў, у выніку разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Бярозаўка, Касарычы, Катка Глускага раёна, Альбінск, Ламавічы Акцябрскага раёна. Бой за в. Альбінск працягваўся двое сутак. На чыгуначным участку Калінкавічы — Пціч партызаны 8 верасня 1943 г. падарвалі каля 700 рэек. Атрад імя С. М. Будзённага за час баявой дзейнасці падарваў 16 эшалонаў, 38 аўтамашын, 2 цягачы, 2 бронетранспарцёры, знішчыў 18 км тэлефонна-тэлеграфных ліній. У красавіку 1944 г. брыгаду блакіравалі карнікі. У выніку 14‑дзённых жорсткіх баёў партызаны прарвалі блакаду.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., уключала атрады «За Савецкую Радзіму», імя С. М. Будзённага, імя М. І. Калініна, у якіх налічвалася 512 партызан.
Камандзір брыгады I. М. Кулікоўскі; камісары: А. Я. Жулега, Д. Н. Удалой, П. Р. Чарнушын; начальнік штаба П. Я. Ігуменаў.