Дата стварэння: 28.12.2023 12:08:09
Дата змены: 10.11.2025 11:50:08
Генацы́д (грэч. genos род, племя i лац. caedo забіваю)
Знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нацыянальных, этнічных, пaлітычных або рэлігійных матывах; наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае ці частковае фізічнае знішчэнне гэтых груп, таксама як i меры па папярэджванні дзетанараджэння ў ix асяроддзі. Адно з самых цяжкіх злачынстваў супраць чалавецтва. Генацыд арганічна звязаны з нацызмам, фашызмам, расізмам i аналагічнымі праварадыкальнымі тэорыямі, якія прапагандуюць расавую i нацыянальную выключнасць, нянавісць i нецярпімасць, панаванне т. зв. «вышэйшых» рас над «ніжэйшымі» i г. д.
Паняцце генацыду — пагалоўнага вынішчэння цэлых народаў — як катэгорыя міжнароднага права ўвайшло ва ўжытак пасля Другой сусветнай вайны, аднак яго праявы мелі месца ў гісторыі чалавецтва з глыбокай старажытнасці.
У масавых маштабах злачынствы генацыду ў Другую сусветную вайну ў акупіраваных краінах Еўропы, асабліва супраць славянскага (рускix, украінцаў, беларусаў, сербаў, палякаў) i яўрэйскага насельніцтва, учынялі вайскоўцы, часці СС і паліцыі нацысцкай Германіі і іх памагатыя з ліку калабарацыяністаў. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей знішчаны імі ў лагерах смерці, турмах, у час карных аперацый i інш.
У адпаведнасці з генеральным планам «Ост» нацысцкая вярхушка на чале з А. Гітлерам прадугледжвала знішчыць на тэрыторыі СССР i Польшчы 120–140 млн чалавек.
За гады акупацыі на тэрыторыі СССР гітлераўцы загубілі ў лагерах смерці 11 млн чалавек.
Паводле даных Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі Беларусі фашыстамі было створана больш за 560 лагераў смерці (Геноцид белорусского народа. Карательные операции: в 2 ч. Ч. 1 / Редкол.: под общей редакцией А. И. Шведа. — Минск: Беларусь, 2023), а не 260, як лічылася раней. За 3 гады акупацыі яны знішчылі больш як 2 млн 200 тыс. савецкіх грамадзян (гл. Акупацыйны рэжым, Карныя аперацыі, Лагеры смерці).
Выкрыццё на Нюрнбергскім працэсе (1945–1946 гг.) жудасных злачынстваў гітлераўцаў паслужыла штуршком для прыняцця міжнародна-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з праявамі генацыду. Генеральная Асамблея ААН 11 снежня 1946 г. прыняла рэзалюцыю супраць генацыду, 9 снежня 1948 г. адобрыла канвенцыю «Аб папярэджанні злачынства генацыду i пакаранні за яго», якая ўстанаўлівае міжнародную крымінальную адказнасць асоб, вінаватых ва ўчыненні генацыду. На XX cecii Генеральнай Асамблеі ААН 21 снежня 1965 г. прынята Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўcix форм расавай дыскрымінацыі. Дагавор абавязвае дзяржавы папярэджваць, забараняць i выкараняць усе формы i віды расавай дыскрымінацыі, у т. л. генацыд.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 г. узбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. У аснову прынятага рашэння пакладзены звесткі аб гібелі мільёнаў беларусаў і іншых асоб у выніку зверстваў нямецкіх акупантаў і іх памагатых. Крымінальны працэс па расследаванні фактаў генацыду накіраваны на ўстанаўленне канкрэтных асоб з ліку нямецкіх захопнікаў і іх памагатых, якім удалося пазбегнуць адказнасці за забойствы мірных жыхароў, здзекі і катаванні ў канцлагерах і гета, масавы згон грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства.