Дата стварэння: 28.12.2023 12:11:43
Дата змены: 12.11.2024 09:09:08
Партыза́нская брыга́да «Бальшаві́к»
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага, Кармянскага, Лоеўскага, Рэчыцкага, Свяцілавіцкага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці.
Створана ў кастрычніку 1943 г. на базе асобнага атрада «Бальшавік» (арганізаваны ў жніўні 1941). Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады «Патрыёт Радзімы» і імя В. П. Чкалава.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках і шашэйных дарогах Гомель — Калінкавічы, Гомель — Жлобін. У ліпені — жніўні 1943 г. атрад «Бальшавік» падарваў 42 варожыя эшалоны, у баях знішчыў больш за 40 аўтамашын, у Навабеліцы падарваў склады боепрыпасаў і гаручага. Самастойна і з іншымі партызанскімі фарміраваннямі разграміў гарнізоны ворага ў вёсках Асінаўка, Рудня-Барталамееўская, Будзішча, Валосавічы, Палессе Чачэрскага раёна, Казацкія Балсуны, Пералёўка Свяцілавіцкага раёна, Баршчоўка (цяпер Новая Баршчоўка) Лоеўскага раёна, Узнаж Васілевіцкага раёна, Якімаўка Гомельскага раёна.
У лістападзе 1943 г. разам з партызанскай брыгадай «Жалязняк», партызанскай брыгадай імя П. К. Панамарэнкі і партызанскім атрадам 108‑м імя Р. І. Катоўскага напалі на варожы гарнізон у в. Горваль Рэчыцкага раёна і захапілі калону аўтамашын (гл. Горвальская аперацыя 1943 г.). Разам з часцямі Чырвонай арміі вялі баі каля в. Баравікі і чыгуначнай станцыі Шацілкі.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 23 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады «Бальшавік», «Патрыёт Радзімы», імя В. П. Чкалава, у якіх налічваўся 531 партызан.
Камандзір брыгады I. Ф. Гамарка, камісар В. М. Палянічка.
Камандзірам дыверсійных груп Ф. П. Котчанку і А. Л. Ісачанку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У гонар атрада «Бальшавік» — папярэдніка брыгады — каля пас. Барэц Гомельскага раёна ў 1967 г. пастаўлена стэла, у 1983 г. адкрыты мемарыял «Партызанская крынічка» (рэканструяваны ў 2022).