Дата стварэння: 28.12.2023 12:13:25
Дата змены: 15.05.2025 15:22:25
Партыза́нская брыга́да «Чэкі́ст»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Шклоўскага, Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Талачынскага, Аршанскага і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана ў канцы мая 1942 г. з атрадаў Г. А. Кірпіча (арганізаваны ў сакавіку 1942, з красавіка 1943 партызанскі атрад 1‑ы) і I. Д. Буланава (арганізаваны ў красавіку 1942, называўся па прозвішчах камандзіраў, з красавіка 1943 партызанскі атрад 10‑ы) як «Аб’яднанне партызанскіх атрадаў». У чэрвені 1942 г. арганізаваны атрады А. Ф. Сімдзянкіна (пазней 5‑ы), А. С. Нікітчанкі (12‑ы). У ліпені 1942 г. аб’яднанне атрадаў перайменавана ў брыгаду «Чэкіст», утвораны атрад І. М. Суворава, уключаны ў склад брыгады атрады Б. М. Клюшнікава (20‑ы), П. А. Красякова (першы камандзір М. М. Бараноўскі загінуў у чэрвені 1942; з ліпеня 1942 атрад М. І. Кавалёва, пазней — атрад 40‑ы), атрад М. К. Хадорыка (арганізаваны ў ліпені 1942). У жніўні арганізаваны атрады А. І. Шамарына (пазней 15‑ы) і А. І. Зайцава (у гэтым самым месяцы рассеяны ў баі з карнікамі, камандзір загінуў).
У верасні 1942 г. у час баёў з карнікамі брыгада «Чэкіст» прарвала блакаду і выйшла ў Лепельскі раён. Атрады А. С. Нікітчанкі і М. І. Кавалёва выйшлі ў Круглянскі раён, дзе далучыліся да партызанскай брыгады 8‑й Круглянскай як атрады 12‑ы і 40‑ы. У кастрычніку 1942 г. атрад М. К. Хадорыка быў расфарміраваны, атрад І. М. Суворава рассеяны ў баі з карнікамі, камандзір загінуў.
У красавіку 1943 г. брыгада вярнулася ў свой раён дыслакацыі, увайшла ў Магілёўскую ваенна-аператыўную групу (абласную), брыгадзе нададзены № 15, атрады атрымалі адпаведныя нумары. Адначасова створаны атрад «25 год Кастрычніка» (пазней 25‑ы). У ліпені 1943 г. у склад брыгады вернуты атрад 40‑ы.
Партызаны вялі баі з ворагам, ратавалі насельніцтва ад загубы і вывазу на катаржныя работы ў Германію. Праводзілі аперацыі на чыгуначных участках Мінск — Орша, Орша — Магілёў. Каля в. Дымава Шклоўскага раёна 22 чэрвеня 1942 г. разбілі атрад карнікаў. Нанеслі 25 мая 1943 г. адначасовы ўдар па варожых гарнізонах у вёсках Клімавічы, Таўкачы, Аўчыненкі Шклоўскага раёна. У жніўні 1943 г. на ўчастку Магілёў — Латва падарвалі 500 рэек.
У жніўні 1943 г. брыгада, якая на той момант уключала 7 атрадаў (1‑ы, 5‑ы, 10‑ы, 15‑ы, 20‑ы, 25‑ы, 40‑ы) і налічвала больш за 800 партызан, пераўтворана ў Шклоўскую ваенна-аператыўную групу.
Камандзір брыгады Г. A. Кірпіч; камісары: Ф. М. Сядлецкі, Ф. I. Букштынаў; начальнікі штаба: I. Д. Буланаў, Р. М. Севасцьянаў.