Дата стварэння: 28.12.2023 13:51:05
Дата змены: 25.10.2024 11:17:46
Ру́ская вызвале́нчая наро́дная а́рмія (РВНА)
Вайсковае фарміраванне з грамадзян СССР, арганізаванае нямецка-фашысцкімі акупантамі ў канцы 1941 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Асновай РВНА сталі атрад т. зв. народнай міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага раёна Арлоўскай (з 5 ліпеня 1944 Бранскай) вобласці (Расія) і групы мясцовай самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К. П. Васкабойніка, кіраўніка адміністрацыі аўтаномнага раёна, створанага ў тыле 2‑й танкавай арміі вермахта. Пасля гібелі К. П. Васкабойніка ў баі з партызанамі (8 студзеня 1942) яго замяніў інжынер Б. У. Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан.
Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўтаномнага раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс. чалавек, Б. У. Камінскі ў выніку прымусовых мабілізацый скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА.
Падраздзяленні РВНА з пераменным поспехам ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1943 г. яна была прыцягнута камандаваннем вермахта да баявых дзеянняў на фронце на захад ад г. Курск і пацярпела шэраг цяжкіх паражэнняў ад Чырвонай арміі.
У жніўні 1943 г. пасля ўзгаднення з нямецкім камандаваннем Б. У. Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі, пераважна сем’яў байцоў і камандзіраў брыгады (эвакуіравана каля 30 тыс. чалавек), у раён г. Лепель Віцебскай вобласці. Партызаны і мясцовыя жыхары называлі брыгаду Б. У. Камінскага «арлоўскімі паліцэйскімі». У выніку масавага дэзерцірства і пераходу яе байцоў на бок савецкіх партызан, колькасць РВНА скарацілася больш чым на 2/3.
Брыгада Б. У. Камінскага, папоўненая кантынгентам з мясцовых паліцэйскіх, атрымала задачу абараняць тылавыя камунікацыі 3‑й танкавай арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партызанскія брыгады Полацка-Лепельскай зоны.
Б. У. Камінскі не змог авалодаць сітуацыяй у Лепельскай акрузе, і ў 1944 г. РВНА разам з цывільнымі бежанцамі была пераведзена ў г. Дзятлава. Тым не менш у красавіку — маі 1944 г. 1‑ы, 3‑і і 5‑ы палкі брыгады ўдзельнічалі ў карных аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята» супраць партызанскіх фарміраванняў і мірнага насельніцтва Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА».
У час Беларускай аперацыі 1944 г., у выніку якой Чырвоная армія вызваліла Беларусь, фарміраванне Б. У. Камінскага разам з нямецкімі войскамі адступіла на тэрыторыю Польшчы. Паводле загада рэйхсфюрара СС Г. Гімлера, ад 1 жніўня 1944 г., Б. У. Камінскі атрымаў чын брыгадэфюрара СС, а на базе яго брыгады стваралася 29‑я грэнадзёрская дывізія СС. У жніўні 1944 г. зводны полк дывізіі пад камандаваннем оберштурмбанфюрара СС І. Д. Фралова і пры асабістым удзеле самога Б. У. Камінскага ўдзельнічаў ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панёс вялікія страты і вызначыўся масавымі забойствамі, згвалтаваннямі, рабаўніцтвам мясцовых жыхароў, у т. л. немцаў па нацыянальнасці. У канцы жніўня 1944 г. Б. В. Камінскі быў асуджаны ваенна-палявым судом СС і расстраляны, паводле пашыранай версіі, за марадзёрства. У кастрычніку 1944 г. рэшткі дывізіі былі раззброены і адпраўлены ў г. Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1‑й дывізіі калабарацыянісцкай Рускай вызваленчай арміі генерала А. А. Уласава.