Дата стварэння: 28.12.2023 13:52:23
Дата змены: 11.09.2024 14:41:35
Усхо́днія во́йскі
Вайсковыя фарміраванні, якія камплектавалі нямецка-фашысцкія захопнікі ў час Вялікай Айчыннай вайны з ваеннапалонных, мясцовага насельніцтва акупіраваных тэрыторый СССР, каманд дапаможнай паліцыі на чале з нямецкімі афіцэрамі.
Пачалі стварацца з восені 1941 г. намаганнямі мясцовых камандных інстанцый вермахта. Каардынацыю іх дзейнасці на ўзроўні армій і груп армій ажыццяўлялі штабы камандуючых усходнімі войскамі асобага прызначэння.
Асноўнымі задачамі ўсходніх войск з’яўляліся ахоўная і баявая дзейнасць, удзел у карных экспедыцыях у партызанскіх раёнах.
Пры штабах нямецкіх дывізій у чэрвені 1942 г. былі ўтвораны антыпартызанскія роты з добраахвотнікаў. Да канца 1942 г. амаль кожная дывізія мела 1–2 усходнія роты, корпус — роту або батальён. Акрамя гэтага, у распараджэнні камандавання тылавых раёнаў было па некалькі ўсходніх батальёнаў і каманд (знішчальных ці паляўнічых для пошуку і ліквідацыі партызанскіх атрадаў), а ў складзе ахоўных дывізій — усходнія кавалерыйскія дывізіёны і эскадроны.
Асабовы састаў усходніх войск меў уласную форму і знакі адрознення.
На тэрыторыі Беларусі ўсходнія батальёны дыслацыраваліся ў гарадах Асіповічы, Орша, Полацк і іншых месцах. Нягледзячы на афіцыйную забарону арганізоўваць баявыя адзінкі колькасцю больш за батальён з выхадцаў з СССР, нямецкае камандаванне групы армій «Цэнтр» 1 чэрвеня 1942 г. сфарміравала ў Бабруйску 1‑ы Усходні добраахвотны полк, батальёны «Бярэзіна», «Дняпро» (пазней «Прыпяць») і інш. У адрозненне ад большасці іншых усходніх войск іх камандны састаў фарміраваўся з былых савецкіх вайскоўцаў, рыхтаваўся ў спецыяльных афіцэрскіх і унтэр-афіцэрскіх школах (дзве з іх дзейнічалі ў гарадах Бабруйск і Віцебск).
Падрыхтоўка асабовага саставу вялася па нямецкіх статутах на базе палявых армій.
Усходнія войскі ўзаемадзейнічалі з дыслацыраванымі на тэрыторыі Беларусі «рускай» усходняй эскадрылляй начной авіягрупы «Остланд» (мела на ўзбраенні 9 трафейных самалётаў У‑2 і дзейнічала супраць савецкіх партызан), шматлікімі падраздзяленнямі войск СС, паліцыі і інш.
З прычыны масавага пераходу байцоў на бок партызан у канцы 1943 г. усходнія батальёны былі перакінуты ў Францыю, Італію і на Балканы, частка іх раззброена. Удзельнічалі ў баявых дзеяннях на Заходнім фронце, у фартыфікацыйных работах. Восенню 1944 г. большасць з іх расфарміравана, асобныя ўключаны ў 1‑ю і 2‑ю дывізіі т. зв. Рускай вызваленчай арміі А. А. Уласава.
Акрамя «рускіх» фарміраванняў у склад усходніх войск на тэрыторыі Беларусі ўваходзілі: батальёны т. зв. усходніх легіёнаў — волжска-татарскага («Ідэль — Урал»), туркестанскага, азербайджанскага, армянскага, грузінскага, паўночна-каўказскага; украінскія ахоўныя і баявыя структуры (не менш за 30 батальёнаў і асобных рот рознага прызначэння агульнай колькасцю каля 11 тыс. чалавек; з восені 1941 г. дыслацыраваліся ў гарадах Бабруйск, Баранавічы, Гомель, Ліда, Орша, Слонім і інш.); казакі — дывізіён І. М. Конанава колькасцю 1 800 шабель, які ў 1942 г. змагаўся супраць партызан у раёне гарадоў Бабруйск, Магілёў, Полацк; асобныя казацкія палкі, перакінутыя ў 1942 г. у Беларусь з гарадоў Славута і Шапятоўка (Украіна); група паходнага атамана Войска данскога С. В. Паўлава (20 тыс. чалавек), размешчаная ў сакавіку 1944 г. у раёне гарадоў Баранавічы, Слонім, Навагрудак, Стоўбцы, а ў ліпені эвакуіраваная ў Паўночную Італію.
Паводле статуса і функцый да ўсходніх войск былі блізкія адпаведныя падраздзяленні СД (батальёны ў Баранавічах, Слоніме), СС (брыгада «Рускай нацыянальная народнай арміі» пад камандаваннем У. У. Гіль-Радзівонава, якая ваявала супраць партызан Барысаўска-Бягомльскай і Полацка-Лепельскай партызанскіх зон); 1‑ы Усходне-мусульманскі полк СС, які ў 1944 г. дыслацыраваўся ў раённым цэнтры Юрацішкі Баранавіцкай вобласці (цяпер гарадскі пасёлак у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці); ахоўныя і паліцэйскія часці — літоўскія (20 батальёнаў, усяго каля 20 тыс. байцоў), латышскія (30 батальёнаў і 3 палкі, 25 тыс. байцоў), эстонскія і інш. Гл. таксама Беларуская краёвая абарона, Беларускі корпус самааховы.