Дата стварэння: 28.12.2023 13:54:14
Дата змены: 11.09.2024 16:07:06
Эвакуа́цыя людскіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі ў савецкі тыл летам 1941 г.
З першых гадзін вераломнага нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз Беларусь стала арэнай бязлітасных ваенных дзеянняў. На яе тэрыторыю ўварвалася самая моцная групоўка варожых армій «Цэнтр», што прывяло да імклівага прасоўвання праціўніка і аказала вырашальны ўплыў на ўсю абаронную і гаспадарчую работу ў рэспубліцы. Асноўнай задачай стала эвакуацыя людскіх і матэрыяльных рэсурсаў у глыб краіны. Парадак правядзення эвакуацыі намячаўся пастановамі саюзнага i рэспублiканскага ўрадаў (СНК СССР и СНК БССР), а таксама Саветаў па эвакуацыі, якія вызначалі тэрміны, месцы размяшчэння, арганізацыю аховы грузаў на шляху руху i г. д. У Беларусi гэтую працу ўзначалiла Цэнтральная эвакуацыйная камісія, створаная 25.6.1941 г.
Эвакуацыя ажыццяўлялася ў залежнасці ад ваеннага становішча на месцах i праходзіла адначасова па некалькіх напрамках: эвакуацыя грамадзянскага насельніцтва, матэрыяльных рэсурсаў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, культурных каштоўнасцей. У Оршы, Полацку, Віцебску, Магілёве, Крычаве, Гомелі, Лоеве i іншых абласных i раённых цэнтрах былі арганізаваны 24 эвакапункты, дзе насельніцтва, ратуючыся ад ворага, атрымлiвала дапамогу харчаваннем, адзеннем, медыкаментамi, транспартам. Але хуткае прасоўванне фашысцкіх войск выключала магчымасць своечасовай планавай эвакуцыі ў заходніх абласцях рэспублікі і яе сталіцы — Мінску. У канцы першага тыдня баёў узнікла рэальная пагроза ўсходнім абласцям рэспублікі — Магілёўскай, Гомельскай, Віцебскай і часткова Палескай. Тут гераічнымі намаганнямі Чырвонай арміі фашысты былі часова прыпынены. Гэта дало магчымасць прыступіць да масавай эвакуацыі матэрыяльных і людскіх рэсурсаў на ўсход. З ліку грамадзянскага насельніцтва ў першую чаргу эвакуацыі падлягалі дзеці. Было вывезена 164 дзіцячыя ўстановы (каля 16,5 тыс. дзяцей), усяго каля 1,5 млн дарослых і дзяцей. За 2–3 тыдні ўдалося дэманціраваць, пагрузіць і адправіць у савецкі тыл каштоўнае тэхналагічнае абсталяванне і кадры 124 прамысловых прадпрыемстваў.
З велізарным напружаннем сіл праходзiў працэс эвакуацыі вытворчых рэсурсаў. У ліпені 1941 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло дадатковыя меры па ўзмацненні тэмпаў эвакуацыі. На дырэктараў прадпрыемстваў i сакратароў партбюро ўскладаўся абавязак не толькі ажыццяўляць дэмантаж і пагрузку абсталявання, адпраўку эшалонаў, але i забяспечыць ix pyx да станцыі прызначэння. Вываз прамысловага абсталявання праходзіў комплексна з мэтай хуткага ўводу яго ў дзеянне на новых базах.
Дэмантаж i пагрузка ў эшалоны, адпраўка грузаў у далёкі рэйс ажыццяўляліся ў вельмi складаных абставінах, пад бесперапыннымі налётамі варожай авіяцыі, якая бязлітасна бамбіла чыгуначныя шляхі. Тым не менш пагрузка матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцей, абсталявання, інструмента, сыравіны, незавершанай прадукцыі, каляровых i чорных металаў ішла кругласутачна. Калектывы магілёўскіх заводаў — авіяцыйнага маторабудавання i трубаліцейнага, вiцебскіх станкабудаўнічых заводаў імя Камінтэрна, імя Kipaвa, іголкавай i акулярнай фабрык, трыкатажных фабрык імя KIM, імя Клары Цэткін, швейнай «Сцяг індустрыялізацыі», гомельскіх заводаў «Гомсельмаш», паравозавагонарамонтнага, металаапрацоўчага «Рухавік рэвалюцыі», Крычаўскага цэментнага, Быхаўскага ацэтонавага i многіх іншых цаной гераічных намаганняў адправілі ў савецкі тыл каля 17 тыс. адзінак каштоўнага тэхналагічнага абсталявання, дзясяткі вагонаў з матэрыяльна-тэхнічнымі грузамі. Не меншых затрат працы i намаганняў патрабавала эвакуацыя матэрыяльных рэсурсаў сельскай гаспадаркі, машыннага парка машынна-трактарных станцый (МТС), перагон грамадскай жывёлы. Бюро абкамаў i райкамаў партыі, выканкамы мясцовых Саветаў распрацоўвалі маршруты, вылучалі людзей, транспартныя сродкі. На працягу ліпеня — жніўня 1941 г. у савецкі тыл эвакуіравана 36 МТС з поўным абсталяваннем (каля 5 тыс. трактароў, больш за 600 камбайнаў, малацілак, станкоў і iншай тэхнікі), каля 700 тыс. галоў жывёлы, якая накіроўвалася ў Смаленскую, Калінінскую, Курскую, Арлоўскую вобласці, тысячы тон гаручага, змазачных матэрыялаў, 93,6 тыс. т збожжа. Тое, што не паспявалі вывезці, раздавалі мясцоваму насельніцтву, пакідалі армейскім падраздзяленням Чырвонай арміі, якія вялі жорсткія бai.
Выключную ролю ў эвакуацыі адыгралі супрацоунiкi чыгункі Беларусі. З чатырох магістраляў, якія праходзілі па тэрыторыі Беларусі, дзве — Беластоцкая і Брэст-Літоўская — фактычна выбылі са строю ўжо ў першы дзень вайны. Увесь аб’ём вельмі цяжкай працы, якая выпала на долю чыгуначнага транспарту, выконвалі калектывы дзвюх чыгунак — Заходняй і Беларускай, спыняючы яе толькі паводле ўказання дырэктыўных органаў або ваеннага камандавання ў сувязі з неабходнасцю эвакуацыі. З 18 гадзін 24 чэрвеня быў уведзены графік-літар «А», які прадугледжваў прасоўванне на фронт у першую чаргу воінскіх эшалонаў. На чыгуначных аддзяленнях у Магілёве, Оршы, Клімавічах, Мазыры закіпела работа: былі абсталяваны перасоўныя майстэрні па рамонце танкаў і ваеннай тэхнікі, прыстасаваны рухомы састаў для перавозу воінскіх часцей, узбраення і мірнага насельніцтва, якое ратавалася ад ворага. У такім жа імклівым тэмпе рыхтавалі паравозы, складалі рамонтныя і ваенна-санітарныя цягнікі, стваралі брыгады па водазабеспячэнні і сувязі, перасоўныя майстэрні для рамонту ваеннай тэхнікі. Да 28 чэрвеня функцыянаваў Барысаўскі вузел, ажыццяўляючы воінскія перавозкі і эвакуацыю мірнага насельніцтва. Днём 28 чэрвеня гітлераўцы скінулі ўзмоцнены парашутны дэсант сваіх аўтаматчыкаў. Пераапранутыя ў савецкую ваенную форму, яны ўварваліся на станцыю, і работа вузла аказалася поўнасцю паралізавана. Атрымалася вырвацца толькі аднаму эшалону з цяжкапараненымі і бежанцамі, які вёў машыніст А. Д. Снітко. Пад аўтаматным агнём варожых дэсантнікаў ён на поўным ходзе праскочыў семафор. Жыццё сотняў людзей было выратавана. Больш за 20 дзён (да 16 ліпеня) дзейнічаў Аршанскі чыгуначны вузел, якім кіраваў у тыя дні інжынер К. С. Заслонаў (у далейшым легендарны беларускі партызан, Герой Савецкага Саюза, камандзір славутай партызанскай брыгады «Дзядзькі Косці»), а таксама начальнік дыстанцыі сувязі, валявы і дасведчаны ў сваёй справе спецыяліст [Е.] Ф. Грыгор’еў, начальнік службы руху А. А. Маёраў, адзін з лепшых машыністаў Заходняй чыгункі і інш. Мужнасць і выдатныя арганізатарскія здольнасці гэтых людзей шмат у чым ператварылі Аршанскі вузел у бездакорна дзеючы механізм. Па меры набліжэння лініі фронту калектывы Заходняй i Беларускай чыгунак таксама гналі ў савецкi тыл рухомы састаў і матэрыяльныя каштоўнасцi чыгуначных вузлоў Баранавічы, Барысаў, Орша, Полацк, Віцебск, Гомель i інш. Практычна асноўная частка гаспадаркі i кадравы састаў беларускiх магістраляў былі своечасова эвакуіраваны ў савецкi тыл. Усяго на 40 тылавых i прыфрантавых дарогах ў гады вайны працавалі каля 5 тыс. супрацоўнiкаў чыгуначнага транспарту Беларусі.
Акрамя таго, за ўвесь час у савецкi тыл былi эвакуіраваны таксама маёмасць і кадры 60 навукова-даследчых інстытутаў, 20 вышэйшых навучальных устаноў, 6 тэатраў, 161 аддзяленне Дзяржбанка, 116 раённых і цэнтральных ашчадных кас, больш за 568 млн руб. грашовага фонду і інш.
Эвакуацыя людскіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі на вялізныя адлегласці ў глыб краіны была першаснай задачай такога грандыёзнага працэсу, як перабазіраванне прадукцыйных сіл з прыфрантавой часткі ў савецкі тыл. Другая задача (не менш важная і вельмі цяжкая) — іх своечасовае размяшчэнне на новых базах. Асноўнымі раёнамі размяшчэння матэрыяльных і працоўных рэсурсаў Беларусі сталі гарады Паволжа (48 прадпрыемстваў); Урала (35 прадпрыемстваў); у меншым аб’ёме сярэдняй паласы Расійскай Федэрацыі (28 прадпрыемстваў), Заходняй Сібіры (8 прадпрыемстваў) і Сярэдняй Азіі (2 прадпрыемствы). Адбываўся хуткі ўвод у строй эвакуіраваных прадпрыемстваў і пераход на кругласутачны, бесперабойны выпуск абароннай прадукцыі ў складзе зладжанай ваеннай гаспадаркі. Акрамя прамысловага абсталявання ў гэтых эканамічных раёнах размясцілася асноўная маса 1,5‑мільённага эвакуіраванага насельніцтва Беларусі, а таксама матэрыяльныя каштоўнасці чыгуначнага транспарту, Днепра-Дзвінскага рачнога параходства, калгасна-саўгасная маёмасць, грамадская жывёла і г. д.
Размяшчэнне і ўвод у строй народна-гаспадарчых рэсурсаў Беларусі праходзілі ў адпаведнасці з ваенна-гаспадарчым планам перабудовы ўсяго савецкага тылу на ваенны лад. Са 119 беларускіх прадпрыемстваў, якія паспяхова прыбылі да месца прызначэння (5 прадпрыемстваў былі знішчаны ў дарозе ў выніку варожых бамбёжак), 19 захавалі сваю поўную вытворчую самастойнасць; 96 увайшлі ў склад мясцовых вытворчасцей, роднасных па профілі; 4 прадпрыемствы зліліся з заводамі, эвакуіраванымі з Масквы, Ленінграда, Кіева і Днепрапятроўска.
Адарваныя ад родных месцаў жорсткай вайной жыхары Беларусі сустракалі ў савецкім тыле самую шчырую дапамогу і падтрымку ўсіх брацкіх народаў не толькі з боку мясцовых партыйных і савецкіх органаў, але і самых шырокіх колаў насельніцтва. Улетку 1941 г. у Саратаве пачаўся ўсенародны рух «Дапаможам эвакуіраваным!», які хутка пракаціўся па ўсім Паволжы, быў падхоплены на Урале, у Заходняй і Усходняй Сібіры. Сем’і з Беларусі, як і з іншых акупіраваных зон, былі працаўладкаваны, атрымлівалі грошы, ордэры на адзенне, абутак, паліва, жыллё і г. д. Мясцовае насельніцтва несла ў эвакапункты адзенне, абутак, пасцельную бялізну, медыкаменты, прадукты, посуд, кухоннае начынне і г. д.; вылучала частку свайго жылля ці проста забірала эвакуіраваных у свае сем’і, асабліва дзяцей, якія страцілі пад бамбёжкамі бацькоў.
Апынуўшыся ў савецкім тыле, працоўныя Беларусі актыўна ўключыліся ў гераічную працу савецкага тылу за стварэнне зладжанай ваеннай гаспадаркі. З першых гадзін свайго прыбыцця да месца прызначэння пачыналася напружаная работа па выгрузцы, перавозцы, мантажы, устаноўцы і ўводзе ў строй эвакуіраванага абсталявання, станкоў, матэрыяльных каштоўнасцей. Уся гэтая цяжкая праца праходзіла ў самыя сціслыя тэрміны, практычна пры поўнай адсутнасці транспартных сродкаў (вялікая іх частка была мабілізавана на фронт), як правіла, уручную, на насілках, тачках, у лепшым выпадку на фурманках і г. д. Вялікая частка з перабазіраваных заводаў і фабрык Беларусі ўжо восенню 1941 г. пачала выпускаць абаронную прадукцыю для фронту, нярэдка проста пад адкрытым небам, паколькі мясцовыя прадпрыемствы не маглі адразу змясціць такую вялізную колькасць эвакуіраванага абсталявання пад дах. Мантаж і запуск абсталявання часта супадаў з пачаткам узвядзення новых карпусоў альбо пашырэннем ужо наяўных.
Даваенная спецыялізацыя беларускіх прадпрыемстваў, як і прадпрыемстваў усяго савецкага тылу, рэзка змянялася — машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя заводы прыступалі да выпуску танкаў, мінамётаў, авіяцыйных матораў, самалётаў і іншай баявой тэхнікі, а таксама боепрыпасаў і іншых відаў узбраення; прадпрыемствы мясцовай прамысловасці і прамкааперацыі сталі выпускаць лыжы, ранцавыя агнямёты, санітарныя павозкі, насілкі, процітанкавыя «вожыкі», сапёрныя лапаткі і інш. Прадпрыемствы лёгкай прамысловасці выраблялі шынельнае сукно, тканіну для парашутаў, гімнасцёрак, шынялёў, целагрэйкі, боты і г. д.; прадпрыемствы харчовай прамысловасці — згушчонку, сухары, кансервы, галеты, сухія пайкі і інш.
З канца 1943 г. баявая тэхніка і ўзбраенне паступалі на фронт бесперапынна і ў такой колькасці, што стала магчымым пераўзбраенне ўсёй арміі. Пачаўся этап буйных наступальных аперацый савецкіх войск па ўсім фронце, якія скончыліся поўным выгнаннем ворага з савецкай тэрыторыі. За самаадданую, гераічную працу ў савецкім тыле многія кадравыя рабочыя і спецыялісты Беларусі былі ўзнагароджаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі — рабочыя завода «Гомсельмаш», які выпускаў танкі і мінамёты (В. Р. Нарбутовіч, П. М. Майсак, М. С. Котлікаў, Т. П. Шулякова, С. [В.] Якушэнка); рабочы Віцебскай аптычнай фабрыкі І. М. Зуеў; спецыялісты Магілёўскага завода авіяцыйнага маторабудавання ([В.] А. Часнакоў, І. І. Путэрка і іншыя). Многія фабрычна-заводскія калектывы Беларусі за высокія паказчыкі работы і датэрміновае выкананне заказаў фронту займалі прызавыя месцы ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве. Так, 6 разоў прысуджаліся другая і 3 разы трэцяя прэміі калектыву Гомельскага станкабудаўнічага завода імя Кірава, які працаваў на Урале; 14 разоў за гады вайны выходзіў пераможцам спаборніцтва сярод прадпрыемстваў Наркамата аховы здароўя СССР калектыў Віцебскай акулярнай фабрыкі, якая працавала ў н. п. Суксун Пермскай вобласці; у жніўні 1942 г. другую прэмію сваіх наркаматаў і Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесіянальных саюзаў атрымалі калектывы заводаў Горкаўскага «Чырвоны гарбарнік», куды ўліўся Віцебскі завод імя Еўсцігнеева, Саратаўскага электратэхнічнага, які прыняў да сябе гамяльчан, Чкалаўскага станкабудаўнічага завода, базу якога ў разы ўзмацніў станочны парк Віцебскага станкабудаўнічага завода імя С. М. Кірава. У верасні 1943 г. у лік пераможцаў выйшлі калектывы Уфімскага паравозарамонтнага завода, значную долю якога складалі беларусы; Гомельскага завода «Чырвоны металіст», які працаваў у Куйбышаве (цяпер Самара); Рэчыцкай фабрыкі ў Барнауле і г. д.
У час вайны самую высокую адзнаку сваёй працы на тылавых і прыфрантавых магістралях атрымлівалі беларускія чыгуначнікі. За сваю бездакорную, гераічную працу па дастаўцы на фронт жывой сілы, боепрыпасаў і ваеннай тэхнікі практычна праз суцэльную паласу агню яны адзначаны высокімі ўзнагародамі, а пяцёра з іх — В. І. Мурзіч, А. А. Янкоўскі, М. А. Макараў, А. В. Глебаў, А. М. Чухнюк — удастоены высокага звання Герояў Сацыялістычнай Працы.
Велізарную працу праводзілі прадстаўнікі беларускай навукі, культуры, майстры тэатра, кіно, выяўленчага мастацтва, якія знаходзіліся ў савецкім тыле. Гэта былі пастаноўкі патрыятычных спектакляў, канцэртнае абслугоўванне савецкіх воінаў на фронце ў гадзіны зацішша баёў, выпуск рэгулярных кінахронік з месца баявых аперацый, напружаная творчая і наватарская работа беларускіх вучоных для патрэб арміі, збор сродкаў для будаўніцтва баявой тэхнікі і інш. Такі быў годны працоўны ўклад беларускага народа ў агульную перамогу ўсіх брацкіх народаў СССР над фашысцкай Германіяй.