Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў на грамадзянскіх могілках па вуліцы Піянерскай у горадзе Асіповічы.
Асіпо́вічы
Горад, цэнтр Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, на р. Сіняя. За 158 км на паўднёвы захад ад г. Магілёў, за 100 км ад Мінска, чыгуначны вузел (лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Слуцк); аўтадарогамі звязаны з Мінскам, Бабруйскам, Шышчыцамі.
У 1939 г. у Асіповічах было 13 723 жыхары.
Асіповічы акупіраваны 30 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 1 979 чалавек. У Асіповічах гітлераўцы стварылі гета, дзе загінула больш за 440 яўрэяў, а таксама лагеры ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва.
У горадзе і раёне дзейнічалі Асіповіцкае партыйна-камсамольскае падполле, Асіповіцкі падпольны райкам КП(б)Б і Асіповіцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанскія фарміраванні Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы (Асіповіцкай ВАГ), а таксама партызанская брыгада 1‑я Бабруйская, партызанская брыгада 161‑я імя Р. І. Катоўскага, партызанская брыгада «Чырвоны сцяг», якія не ўваходзілі ў яе; выдавалася падпольная газета «За Советскую Родину», орган Асіповіцкага падпольнага райкама КП(б)Б. Падпольшчыкам Ф. А. Крыловічам 30 ліпеня 1943 г. была здзейснена адна з найбуйнейшых у час вайны Асіповіцкая дыверсія 1943 г.
Асіповічы вызвалены 28 чэрвеня 1944 г. у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 г. воінамі 69‑й (генерал-маёр I. I. Санкоўскі), 37‑й гвардзейскай (палкоўнік В. Л. Марозаў) і 15‑й (генерал-маёр К. Е. Грабеннік) стралковых дывізій; 251‑га асобнага танкавага палка (падпалкоўнік Ф. С. Верлань), 925‑га лёгкага самаходнага артылерыйскага палка (падпалкоўнік П. С. Ложкін) 65‑й арміі 1‑га Беларускага фронту; 9‑й гвардзейскай (генерал-маёр авіяцыі Б. У. Бліноў), часткай сіл 50‑й (генерал-маёр авіяцыі Ф. I. Меньшыкаў) і 45‑й (генерал-маёр авіяцыі В. I. Лебедзеў) авіяцыйных дывізій 6‑га авіяцыйнага корпуса далёкага дзеяння (генерал-лейтэнант авіяцыі Г. М. Тупікаў), а таксама партызанскімі фарміраваннямі Асіповіцкай ВАГ (В. В. Глотаў).
У Асіповічах знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў, партызан, ахвяр фашызму; савецкіх воінаў, у т. л. байцоў 32‑й кавалерыйскай дывізіі, якія загінулі ў Асіповіцкім раёне ў ліпені — жніўні 1941 г. (перапахаванне ў 2021 з ляснога масіву каля в. Прудок Асіповіцкага раёна); савецкіх воінаў і партызан; партызан; савецкіх ваеннапалонных; ахвяр фашызму; магілы Героя Савецкага Саюза П. І. Марозава, падпольшчыкаў М. М. Няверкі, Ф. А. Крыловіча, падпольшчыка-чэкіста І. М. Герасімчыка, Р. Х. Голанта, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны маёра І. І. Гармашава і лейтэнанта медыцынскай службы Г. Ф. Мустафіной, невядомага салдата (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
мемарыяльны комплекс «Алея Герояў»;
помнік Вызвалення;
помнік Ф. А. Крыловічу;
помнік работнікам камбіната хлебапрадуктаў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны;
памятны знак у гонар аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў Асіповіцкім раёне С. С. Сумчанкі;
мемарыяльныя дошкі Ф. А. Крыловічу, Р. Х. Голанту, П. Т. Казлоўскай, І. К. Патоцкаму, І. Д. Санковічу, Р. У. Кунько, Героям Савецкага Саюза Я. М. Стэльмаху, М. Р. Абросімаву, А. В. Гарбатаву, С. М. Каданчыку, маршалу Г. К. Жукаву, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны І. І. Гармашаву.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2024 г. № 44 горад Асіповічы ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».