pdf

«БАМБЕРГ»

Дата стварэння: 02.03.2023 09:55:01

Дата змены: 11.09.2024 14:48:27


«Ба́мберг» («Bamberg»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскіх атрадаў «гарнізона Ф. I. Паўлоўскага» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР) і цывільнага насельніцтва ў Акцябрскім, Глускім, Капаткевіцкім і Парыцкім раёнах Палескай вобласці, Любанскім раёне Мінскай вобласці і Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці 20 сакавіка — 4 красавіка 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі трох пяхотных і аднаго артылерыйскага палкоў, двух асобных паліцэйскіх батальёнаў, кавалерыйскага эскадрона і авіяэскадрыллі 51‑й бамбардзіровачнай авіяэскадры «Эдэльвейс».

Карнікі 20 сакавіка выйшлі на зыходныя пазіцыі і пачалі суцэльнае блакіраванне Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны.

Канцэнтраванае наступленне-прачэсванне ў напрамку Рудабелка — Карпілаўка праціўнік пачаў 31 сакавіка.

З боку г. п. Глуск на паўднёвы ўсход праз в. Зубарэвічы (Глускі раён) у напрамку в. Воземля (Акцябрскі раён) рухаўся 420‑ы ландверны батальён, які ў вёсках Растаў, Ратміраў і на чыгуначнай станцыі Ратміравічы (Акцябрскі раён) расстраляў і павесіў 68 жыхароў.

З процілеглага боку на паўночны захад ад вёсак Савічы, Колкі, Лучыцы, Кашэвічы (Капаткевіцкі раён) 102‑і славацкі полк пры падтрымцы 315‑га паліцэйскага батальёна, пераадольваючы супраціўленне невялікіх партызанскіх атрадаў (баі за 2 км на поўнач ад в. Бубнаўка, на паўднёвы ўсход ад в. Парэчча, у раёне в. Карпілаўка Акцябрскага pаёна), асядлаў дарогу Кашэвічы — Глуск і чыгуначны ўчастак Кашэвічы — Рабкор. У ходзе наступлення карнікі расстралялі 606 чалавек і, «як мяркуецца, знішчылі пры прачэсванні і ўціхамірванні яшчэ 2 тыс. чалавек».

З захаду на ўсход з г. п. Любань праз вёскі Ямінск, Сялец, Загалле (Любанскі раён) і Забалацце (Акцябрскі раён) у напрамку в. Карпілаўка рухаўся 747‑ы полк 707‑й дывізіі вермахта, узмоцнены 102‑м кавалерыйскім эскадронам. У першы дзень гітлераўцы расстралялі і павесілі каля 300 савецкіх грамадзян, у т. л. жанчын, дзяцей і чырвонаармейцаў, якія не выйшлі з акружэння.

З боку г. п. Парычы і в. Палессе (Парыцкі раён) у заходнім напрамку вёў прачэсванне і карна-грабежніцкія акцыі 727‑ы пяхотны полк, які прайшоў праз вёскі Гамза, Сякерычы, Вяжны (Парыцкі раён), Раманішчы, Заазершчына да Воземлі (Акцябрскі раён) і чыгункі і расстраляў больш за 730 савецкіх грамадзян.

Усяго ў ходзе аперацыі «Бамберг» гітлераўцы расстралялі, павесілі і спалілі жывымі каля 5,6 тыс. жыхароў; спалілі больш за 3,6 тыс. жылых дамоў; захапілі больш за 3 тыс. галоў жывёлы, каля 200 т збожжа і фуражу.

Ад рук карнікаў пацярпела амаль 80 населеных пунктаў, у т. л. вёскі Булкаў (знішчылі 40 чалавек), Залессе (21 чалавек), Карпілаўка, Рудабелка і Рудня (больш за 2 тыс. чалавек), Кавалі (720 чалавек), Курын (506 чалавек), Лаўстыкі (больш за 300 чалавек), Воземля (38 чалавек), Парэчча (66 чалавек), Перакалле, Пратасы (23 чалавекі), Селішча, Смуга і станцыя Рабкор (56 чалавек) Акцябрскага раёна; г. п. Капаткевічы (23 чалавекі), в. Хвойня (1 419 чалавек) Капаткевіцкага раёна і інш.

У ходзе баёў з акупантамі атрады М. П. Бумажкова, У. Ц. Шантара, А. Г. Балахонава і некаторыя іншыя вырваліся з блакады і перадыслацыраваліся ў іншыя раёны. Атрады, якія засталіся ў раёне аперацыі «Бамберг» і ўтрымлівалі свае пазіцыі, у маі 1942 г. аформіліся ў 123‑ю Акцябрскую партызанскую брыгаду.