pdf

ВЕРМАХТ

Дата стварэння: 29.01.2024 11:55:27

Дата змены: 25.03.2026 11:29:10


Ве́рмахт (ням. Wehrmacht ад Wehr зброя; абарона, супраціўленне і Macht сіла, моц; улада, уплыў)

Узброеныя сілы нацысцкай Германіі ў 1935–1945 гг.

Створаны ў парушэнне ўмоў Версальскага мірнага дагавора 1919 г. на базе рэйхсвера (ням. Reichswehr ад Reich імперыя і Wehr абарона) — абмежаванай па колькасці да 115 тыс. чалавек арміі былой Веймарскай рэспублікі.

Камплектаваўся на аснове воінскай павіннасці. У 1939 г. яго колькасны склад дасягаў 3 млн чалавек, у 1943 г. — 11 млн чалавек.

Складаўся з сухапутных войск, ваенна-паветраных сіл (ВПС) і ваенна-марскіх сіл (ВМС). З 1940 г. у якасці адасобленай састаўной часткі ў вермахт уваходзілі таксама палявыя войскі СС.

З 1938 г. вярхоўным галоўнакамандуючым вермахта з’яўляўся рэйхсканцлер Германіі і фюрар (правадыр) нацысцкай партыі А. Гітлер.

Вышэйшым органам вермахта было вярхоўнае галоўнакамандаванне — ОКВ (ням. Oberkommando der Wehrmacht, OKW), яго рабочым органам — штаб ОКВ, якія непасрэдна распрацоўвалі планы ваенных дзеянняў супраць суверэнных еўрапейскіх дзяржаў, у т. л. план вайны супраць СССР. Функцыянаваў таксама штаб аператыўнага кіраўніцтва, які фармальна ўваходзіў у штаб ОКВ, але фактычна з’яўляўся самастойным органам, які падпарадкоўваўся непасрэдна А. Гітлеру.

Да пачатку нападзення на СССР вермахт быў цалкам разгорнуты і валодаў значным вопытам вядзення вайны супраць армій еўрапейскіх краін (Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі і інш.). Пры падрыхтоўцы і ў ходзе вайны з СССР праводзілася шырокамаштабная ідэалагічная апрацоўка асабовага саставу ў духу антысаветызму і расізму.

Вышэйшым аператыўна-стратэгічным аб’яднаннем сухапутных войск была група армій, якая магла мець у сваім складзе ад 2 да 5 армій (палявых і танкавых, апошнія да кастрычніка 1941 — студзеня 1942 называліся танкавымі групамі).

Армія складалася з 3–6 карпусоў (армейскіх і танкавых), корпус — з 3–5 дывізій (пяхотных, матарызаваных, танкавых).

Асноўным тактычным злучэннем вермахта была дывізія, вышэйшым — корпус.

Пяхота мела на ўзбраенні значную колькасць аўтаматычнай стралковай зброі.

Галоўнай ударнай сілай сухапутных войск вермахта былі танкавыя войскі. Пры падрыхтоўцы да нападзення на СССР значна павялічылася колькасць сярэдніх танкаў Т‑III і T‑IV, з канца 1942 г. пачалася вытворчасць цяжкіх танкаў T‑VI («тыгр»), сярэдніх T‑V («пантэра»), з 1944 г. — цяжкіх танкаў T‑VIБ («каралеўскі тыгр»). Танкавая армія мела 400–600, а часам да 800 танкаў і штурмавых гармат, якія па прынятай да вайны ў СССР класіфікацыі таксама лічыліся танкамі.

Артылерыя як род войск па колькасці асабовага саставу займала ў сухапутных войсках вермахта другое месца пасля пяхоты.

ВПС уключалі авіяцыю, войскі проціпаветранай абароны (ППА), паветрана-дэсантныя, а таксама авіяпалявыя войскі — пяхотныя часці і злучэнні, сфарміраваныя з асабовага саставу ВПС, але фармальна яны адносіліся да гэтага віду войск. У ліпені 1941 г. бамбардзіроўшчыкі складалі 58 % усіх баявых самалётаў. Да 1943 г. вялікае развіццё атрымала знішчальная авіяцыя.

Асноўныя тыпы самалётаў — бамбардзіроўшчыкі «Юнкерс‑88» і «Хейнкель‑111», пікіруючы бамбардзіроўшчык «Юнкерс‑87»; знішчальнікі «Месершміт‑109», «Фоке-Вульф‑190», «Месершміт‑109Ф».

Вышэйшым аператыўным аб’яднаннем ВПС быў паветраны флот (у гады вайны налічвалася ад 3 да 7 флатоў па 600–1000 баявых самалётаў). Паветраны флот складаўся з 1–3 авіяцыйных і некалькіх зенітных карпусоў. Авіякорпус меў 5–6 эскадраў (часам асобных авіядывізій) і разведвальную групу. Эскадра была вышэйшым тактычным злучэннем аднароднага саставу і складалася з 2–5 авіягруп.

ВМС уключалі флот і войскі берагавой абароны, мелі камандаванні Паўночнага і Балтыйскага мораў (у ходзе вайны былі аб’яднаны ў камандаванне «Поўнач») і камандаванне падводным флотам. Дадаткова былі арганізаваны камандаванні «Захад» (у Францыі) і «Поўдзень» (у Адрыятыцы). Германскі ваенны флот да сярэдзіны 1941 г. быў пераважна надводным. Аднак з сярэдзіны 1941 г. рэзка ўзрасло будаўніцтва падводных лодак. Ваенна-марская авіяцыя арганізацыйна ўваходзіла ў склад ВПС і падпарадкоўвалася ВМС толькі ў аператыўных адносінах.

Войскі СС (палявыя) як частка вермахта пачалі стварацца ў пачатку Другой сусветнай вайны на базе ваенізаваных фарміраванняў нацысцкай партыі — ахоўныя атрады СС, часткова штурмавыя атрады СА, а таксама арганізацыя «Гітлераўская моладзь» (гітлерюгенд).

Вермахт, і найперш нямецка-фашысцкі генералітэт, нясе непасрэдную адказнасць за шматлікія злачынствы, здзейсненыя нацысцкай Германіяй у час вайны, у т. л. на акупіраваных тэрыторыях СССР.

Кіраўніцтва вермахта санкцыянавала парушэнне замацаваных у міжнародным праве законаў і звычаяў вайны, актыўна ажыццяўляла злачынныя акцыі ў адносінах да байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, ваеннапалонных, у першую чаргу палітработнікаў, камуністаў, камсамольцаў. Камандаванне вермахта падтрымлівала акупацыйную палітыку нацызму (гл. Акупацыйны рэжым). Часці вермахта ўдзельнічалі ў карных аперацыях супраць партызан і насельніцтва, у вывазе на прымусовыя работы ў Германію, ажыццяўлялі тактыку «выпаленай зямлі». Шматлікія злачынствы камандавання і часцей вермахта выкрыты на Нюрнбергскім працэсе над галоўнымі нацысцкімі злачынцамі, а таксама на судовым працэсе па справе вярхоўнага галоўнакамандавання вермахта, на судовых працэсах аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых, якія адбыліся ў 1946 і 1947 гг. у гарадах Мінск, Гомель, Бабруйск.