pdf

ВІЦЕБСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 29.01.2024 11:55:37

Дата змены: 06.11.2025 10:27:01


Ві́цебскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Гісторыя

Дзейнічала ў г. Віцебск і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)‌Б і Віцебскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б з 9–11 ліпеня 1941 г. да 26 чэрвеня 1944 г. у гады Вялікай Айчыннай вайны. Барацьбу камсамольцаў і моладзі ўзначальвалі Віцебскі падпольны абкам ЛКСМБ і Віцебскі падпольны гаркам ЛКСМБ.

Налічвала каля 1500 чалавек, 66 падпольных груп. У Віцебску для арганізацыі нелегальнай работы было пакінута партыйнымі і камсамольскімі органамі больш за 60 камуністаў, 150 камсамольцаў, 12 работнікаў міліцыі. Многія падпольныя групы ў першы год акупацыі былі створаны патрыётамі па ўласнай ініцыятыве.

Аднымі з першых у ліпені — жніўні 1941 г. пачалі барацьбу з акупантамі падпольныя групы К. С. Акаловіч, А. Я. Белахвосцікава, В. АВярбіцкага, У. А. Казлоўскага, А. Г. Канаплёва (пазней Л. Д. Бярозкінай), В. С. Кулагінай, П. К. Ляхоўскага, Ф. К. Мехава і А. А. Гагулі, М. Я. Нагібава, П. С. Смірнова, Е. С. Спірыдонавай, В. Д. Шалуха, дыверсійная група В. I. Кірыленка і інш.

Нелегальныя групы ўзніклі на чыгуначным вузле, гарадской электрастанцыі, вузле сувязі, на Чэпінскім лесаскладзе, сярод медыцынскіх работнікаў.

Да канца 1941 г. барацьбу супраць акупантаў у горадзе вялі больш за 20 груп. Падпольшчыкі праводзілі антыфашысцкую агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, рабілі дыверсіі на ваенных аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных і выводзілі іх з горада. Зімой 1941–1942 гг. з лагера ваеннапалонных, размешчанага на тэрыторыі былога 5‑га чыгуначнага палка (гл. «Пяты полк»), з дапамогай падпольшчыкаў уцяклі каля 3 тыс. вязняў.

Зімой — вясной 1942 г. пачалі дзейнічаць падпольныя групы В. М. Арлоўскага, I. А. Бекішава, Г. К. Грабяньковай, В. М. Дзянісава, М. А. Журынскай, Т. А. Ламаносенка, А. I. Ліпці, Т. А. Марудава, А. А. Сакаловай, сясцёр Ганны, Галіны, Зінаіды і Марыі Саладухіных і іншыя, з восені 1942 г. — падпольныя групы I. С. Вялава, М. А. Ляхоўскага, М. К. Свечкінай. Усяго ў 1942 г. у Віцебску дзейнічала 56 груп, многія з якіх падтрымлівалі паміж сабой цесную сувязь.

Гарадское падполле аказвала вялікі ўплыў на стварэнне і рост нелегальных арганізацый у прыгарадных населеных пунктах. Тут дзейнічалі падпольныя групы В. А. Азеуша, З. Я. Гваздзёвай, П. П. Грунтова, М. I. Еўдакімава, Д. П. Земляковай, З. Ф. Кочатавай, В. С. Кулагінай, П. К. Ляхоўскага — А. В. Міхайлоўскай — Р. М. Гіро, I. А. Сідарэнкі-Пабудзея і інш.

У верасні 1942 г. для ўзмацнення партыйнага кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана былая ўдзельніца рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі вопытная падпольшчыца В. З. Харужая, якая ўзначаліла падпольную групу — т. зв. падпольны партыйны цэнтр. Аднак ужо 13 лістапада яе члены былі арыштаваны і пазней загублены гітлераўцамі.

Віцебскі абкам КП(б)‌Б 7 красавіка 1943 г. прыняў рашэнне аб стварэнні Віцебскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б. Гаркам знаходзіўся ў размяшчэнні партызанскай брыгады 1‑й Віцебскай 1‑га складу, падтрымліваў радыёсувязь з ЦК КП(б)‌Б, Віцебскім абкамам КП(б)‌Б. Многія падпольныя групы праз сувязных дастаўлялі ў гаркам справаздачы аб сваёй рабоце, разведданыя, атрымлівалі газеты, лістоўкі, боепрыпасы.

Падпольшчыкі мелі больш як 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, літаратуру, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро. Нелегальныя кватэры знаходзіліся ў дамах патрыётаў Вараб’ёвых, П. I. Гаўберг-Івановай, М. К. Оскер, Г. С. Стаяковай, сям’і Свечкіных, сясцёр Саладухіных, Я. I. Тычынінай і інш.

Са стварэннем у лютым 1942 г. у выніку наступлення Чырвонай арміі Віцебскіх «варот» была наладжана добрая сувязь з савецкім тылам. На акупіраваную тэрыторыю закінуты спецгрупы з радыёстанцыямі: А. П. Максіменкі, М. Р. Яфімава («Армейца»), Ю. С. Рудакова («Жоржа», «Ягора»), М. I. Кавалёва, П. В. Буткевіча, П. А. Крылатых і інш. У горадзе працавалі разведгрупы «Іспалін» і «Макс». Падпольшчыкі наладзілі з імі сувязь, пераймалі формы і метады канспіратыўнай работы, атрымлівалі звесткі пра становішча на франтах і ў савецкім тыле. Добра ведаючы мясцовыя ўмовы і акупацыйны рэжым, дапамагалі спецыяльным групам выконваць заданні камандавання Чырвонай арміі.

У барацьбе супраць акупантаў дапамогу падпольшчыкам аказвалі нямецкія і чэшскія антыфашысты, якія служылі ў часцях вермахта. Група З. Ф. Кочатавай пераправіла да партызан дэшыфравальшчыка нямецкай радыёразведкі чэха I. Лойду, які паведаміў камандаванню Чырвонай арміі каштоўную інфармацыю. Антыфашысты з аховы лагера ваеннапалонных на тэрыторыі 5‑га чыгуначнага палка паведамілі групе Б. С. Шарэнды важныя звесткі, дапамагалі выводзіць з лагера ваеннапалонных. Падпольная група В. Д. Шалуха супрацоўнічала з нямецкімі антыфашыстамі В. Крэўзігерам, В. Шмокам, Ф. Шнайдэрам. Працуючы ў авіяцыйных майстэрнях, яны вялі разведку, рабілі дыверсіі. Віцебскім падпольшчыкам дапамагаў нямецкі пісьменнік-камуніст П. Кёрнер-Шрадэр (К. Шрадэр), мабілізаваны ў 1939 г. у войскі вермахта. Ён перадаваў партызанам зброю, боепрыпасы, дакументы, харчы.

У канцы 1942 — пачатку 1943 г. патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у Віцебску і прылеглых раёнах, на чыгунцы і іншых аб’ектах праціўніка. Быў знішчаны рэдактар прафашысцкай газеты, узарваны 7 эшалонаў, зроблены выбухі ў будынку гарадской паліцыі, у клубе лётчыкаў на аэрадроме, выкліканы пажар на хлебазаводзе і інш. З лютага да лістапада 1943 г. кожныя 3 дні ў горадзе адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Падпольшчыкі горада знаходзіліся ў цесным баявым узаемадзеянні з партызанамі, якія забяспечвалі патрыётаў узрыўчаткай, мінамі, лістоўкамі, газетамі. Падпольшчыкі здабывалі для народных мсціўцаў зброю, боепрыпасы, разведінфармацыю, медыкаменты, медыцынскія інструменты, перавязачны матэрыял, прадукты, перапраўлялі да іх ваеннапалонных, удзельнічалі ў баявых аперацыях. У лістападзе 1943 г., калі фронт наблізіўся да Віцебска, група падпольшчыкаў і партызан на чале з М. Я. Нагібавым узаемадзейнічала з савецкімі войскамі ў баях з праціўнікам каля вёсак Цыганы і Малыя Стайкі Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці. Па заданні савецкага камандавання патрыёты правялі ў тыл ворага часці Чырвонай арміі, разам з якімі наносілі ўдары па камунікацыях, жывой сіле і баявой тэхніцы праціўніка.

Спрабуючы разграміць партызанскі pyx, знішчыць падполле, гітлераўцы з лютага 1943 г. праводзілі буйныя карныя экспедыцыі. Яны заслалі ў падполле вялікую групу правакатараў, чым нанеслі яму цяжкі ўдар — былі знішчаны многія падпольныя групы. У красавіку — маі 1943 г. толькі адным карным органам — тайнай палявой паліцыяй № 703 — былі арыштаваны 72 падпольшчыкі, з іх 35 расстраляны, 26 кінуты ў лагер СД, у лістападзе яшчэ арыштавана больш за 60 чалавек, з іх 38 расстраляны. Падполле панесла вялікія страты, загінулі многія кіраўнікі, абарваліся сувязі з партыйнымі органамі, з партызанамі.

Віцебскі падпольны гаркам КП(б)‌Б правёў вялікую работу па аднаўленні падпольнай сеткі, наладжванні сувязей. На працягу 1943 г. створана 10 новых падпольных груп, якія ўзначалілі камуністы В. Т. Амельчанка, І. І. Анапрыенка, А. П. Барадзін, А. Ф. Гамаюнаў, I. С. Ермакоў, А. Г. Крукаў, В. Т. Кутняк, Г. М. Рускіх, I. М. Чайка і камсамолец Р. С. Пісарэўскі.

У верасні — снежні 1943 г. савецкія войскі вызвалілі частку тэрыторыі Віцебскай вобласці і замацаваліся на бліжэйшых подступах да Віцебска. З верасня гітлераўцы пачалі эвакуацыю сваіх устаноў з горада, з кастрычніка — прымусовы вываз насельніцтва. У сакавіку 1944 г. акупанты аб’явілі Віцебск крэпасцю, наваднілі франтавымі часцямі. Па ўзгадненні з партыйным кіраўніцтвам і партызанамі падпольныя групы з кастрычніка 1943 г. пачалі пакідаць горад і ўлівацца ў партызанскія атрады.


Падпольная група К. С. Акаловіч

Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да сакавіка 1943 г. у медыцынскіх установах горада. Налічвала 15 чалавек. Кіраўнік — урач туберкулёзнай бальніцы К. С. Акаловіч. Выкарыстаўшы пашпарты памерлых, гісторыі хвароб, бланкі розных даведак, яна аформіла каля 100 дакументаў для выратавання ваеннапалонных, камуністаў, асоб яўрэйскай нацыянальнасці, разведчыкаў і сувязных, моладзі ад вывазу ў Германію. К. С. Акаловіч і Т. М. Шырачэнка размяшчалі ў бальніцы воінаў Чырвонай арміі, якія апынуліся ў тыле ворага, потым пераводзілі іх на канспіратыўныя кватэры, далечвалі, а Т. К. Вішнеўская выводзіла з горада. З дапамогай К. С. Акаловіч былі легалізаваны армейскі разведчык В. I. Чыркоў і радыстка з разведгрупы М. Р. Яфімава («Армейца»). Пад выглядам наведвання хворых К. С. Акаловіч і М. М. Кірухіна збіралі ў горадзе звесткі аб размяшчэнні штабоў, складоў, абарончых збудаванняў, зенітных установак. Здабытыя разведданыя, медыкаменты, перавязачны матэрыял падпольшчыкі перадавалі аператыўна-чэкісцкай групе А. А. Максіменкі і партызанскай брыгадзе «Аляксея» (гл. Партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава). У красавіку 1942 г. патрыёты вывелі да партызан групу ваеннапалонных, у маі К. С. Акаловіч таксама вывела каля 30 чалавек. У жніўні 1942 г. пад пагрозай правалу К. С. Акаловіч і некаторыя падпольшчыкі пайшлі з горада. Тыя, што засталіся, працягвалі працаваць пад кіраўніцтвам Т. М. Шырачэнка. На будынку былога тубдыспансера ў гонар падпольшчыкаў у 1966 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.


Падпольная група I. А. Бекішава

Дзейнічала з сакавіка 1942 г. да лістапада 1943 г. Кіраўнік — камуніст I. А. Бекішаў («Андрэй»). Трапіўшы ў акружэнне, зімой 1941–1942 гг. цераз М. А. Шпакава ён звязаўся з падпольнай групай П. К. Ляхоўскага, вясной 1942 г. — з армейскай разведгрупай Ю. С. Рудакова. Летам 1942 г. наладзіў сувязь з адказным арганізатарам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)‌Б па Віцебску В. Р. Кудзінавым. З красавіка 1943 г. група працавала пад кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б. Аб’ядноўвала 13 камуністаў, камсамольцаў і беспартыйных патрыётаў, якія вялі шырокую разведвальную работу. На працягу амаль двух гадоў група давала дакладныя звесткі пра аэрадром. Працуючы там электраманцёрам, І. А. Бекішаў склаў падрабязны план аэрадрома, разам з братамі В. М. Арлоўскім і Г. М. Арлоўскім замініраваў 2 самалёты, з Г. Ф. Канаплёвым выявіў несапраўдны аэрадром, што дало магчымасць савецкай авіяцыі бамбіць сапраўдны. Жонка І. А. Бекішава Г. I. Багданава, вядомы ў горадзе ўрач, прымаючы пацыентаў дома, забяспечвала сувязь паміж членамі групы, перасылала партызанам медыкаменты, ратавала моладзь ад вывазу ў Германію. Разам з медсястрой В. I. Турок яна вяла кругласутачнае назіранне за шашой Віцебск — Сураж. Падпольшчык М. А. Панкоў («Косця»), які быў умелым гравёрам, вырабляў розныя пячаткі, штампы. Група забяспечвала сябе і іншыя группы ўзрыўчаткай i толам, працавала амаль без правалаў у цесным кантакце з іншымі падпольнымі групамі. У лістападзе 1943 г. фашысты напалі на след кіраўніка; яму ўдалося разам з сям’ёй пайсці ў партызанскі атрад.


Падпольная група А. Я. Белахвосцікава

Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да лістапада 1943 г. Пачала фарміравацца яшчэ да акупацыі. Кіраўнік — камуніст А. Я. Белахвосцікаў — быў пакінуты для работы ў падполлі. Аб’ядноўвала 25 чалавек. У выніку стараннага адбору людзей для работы ў падполлі група амаль 2 гады працавала без правалу. Да вясны 1942 г. была звязана з даваенным сакратаром Чыгуначнага райкама КП(б)‌Б Віцебска I. Г. Грыгор’евым, потым — з партызанскай брыгадай «Аляксея» і Лёзненскім падпольным райкамам КП(б)‌Б. З 2‑й палавіны 1942 г. А. Я. Белахвосцікаў пасылаў інфармацыю Віцебскаму падпольнаму абкаму КП(б)‌Б, разведгрупе Ю. С. Рудакова. Восенню 1942 г. А. Я. Белахвосцікаў і М. С. Баброў, што працаваў у гapадской управе, раздалі насельніцтву, а часткова спусцілі ўніз па рацэ Заходняя Дзвіна вялікую колькасць лесу, які хацелі выкарыстаць акупанты. Паводле разведданых групы савецкая авіяцыя наносіла ўдары па ваенных аб’ектах праціўніка. У ноч на 22 лютага 1942 г. падпольшчыкі з дапамогай светлавых сігналаў навялі савецкія самалёты на месца, дзе была замаскіравана калона аўтамашын з ваенным грузам. Атрымаўшы ў 1942 г. ад акупацыйных улад патэнт на адкрыццё майстэрні, А. Я. Белахвосцікаў ператварыў яе ў штаб-кватэру падпольнай групы. Падпольшчыкі і сувязныя прыносілі сюды савецкія газеты, лістоўкі, медыкаменты, узрыўчатку, абменьваліся разведінфармацыяй, намячалі планы дзеянняў. А. Я. Белахвосцікаў 5 мая 1943 г. быў схоплены акупантамі і расстраляны; група працягвала барацьбу пад кіраўніцтвам П. С. Шлякавай, якая ў лістападзе 1943 г. таксама была арыштавана і расстраляна.


Падпольная група Л. Д. Бярозкінай

Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да верасня 1942 г. у гapадской управе Віцебска, друкарні і вузле сувязі. Аб’ядноўвала 10 чалавек. Кіраўнікі: А. Г. Канаплёў (павешаны акупантамі 19 снежня 1941), Л. Д. Бярозкіна. Са снежня 1941 г. яе цэнтрам стала кватэра М. I. Захарава, дзе жыла Л. Д. Бярозкіна. П. I. Гаўберг-Іванова была сувязной групы з партызанскай брыгадай «Аляксея», праз урача М. Б. Мурашка — члена падпольнай групы медработнікаў — атрымлівала медыкаменты і перавязачны матэрыял. Група мела сувязь з партызанскім атрадам М. Ф. Біруліна (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 1‑я Беларуская 1‑га складу). Падпольшчыкі вялі антыфашысцкую прапаганду, забяспечвалі партызан разведвальнай інфармацыяй, перадавалі медыкаменты, ратавалі ваеннапалонных і дапамагалі ім выходзіць з горада. Я. Я. Валчок і В. Д. Карняшонак, якія працавалі ў друкарні прафашысцкай газеты «Новый путь», на працягу лета і восені 1942 г. рэгулярна друкавалі і распаўсюджвалі савецкія лістоўкі. Пры падрыхтоўцы дыверсіі на нямецкім вузле сувязі і тэлефоннай станцыі 7 верасня 1942 г. былі арыштаваны М. У. Вараб’ёў, што працаваў там, Л. Д. Бярозкіна і З. Ц. Васільева, якія прынеслі тол і міны ад партызан. У час друкавання лістовак арыштаваны Я. Я. Валчок і В. Д. Карняшонак. Пасля жорсткіх катаванняў гітлераўцы 22 верасня 1942 г. пакаралі смерцю патрыётаў.


Падпольная група В. А. Вярбіцкага

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да красавіка 1943 г. як разведвальна-дыверсійная група. Створана камуністамі В. А. Вярбіцкім (кіраўнік) і С. П. Бурлаковым, пакінутымі ў Віцебску для падпольнай работы. Аб’ядноўвала 33 чалавекі. З вясны 1942 г. працавала пад кіраўніцтвам аператыўна-чэкісцкай групы А. П. Максіменкі. Пазней устаноўлена сувязь з адказным арганізатарам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)‌Б па Віцебску В. Р. Кудзінавым і партызанскімі атрадамі М. Ф. Біруліна і Д. Ф. Райцава. На працягу амаль двух гадоў група вяла разведку, антыфашысцкую прапаганду, пастаўляла партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, забяспечвала ваеннапалонных і жыхароў горада дакументамі і накіроўвала іх да партызан. Патрыёты наладзілі масавы вынас зброі са склада армейскага корпуса ворага, боепрыпасаў і ўзрыўчаткі для партызан. Толькі за 2 месяцы 1943 г. яны перадалі партызанам каля 4 тыс. патронаў, 20 ручных гранат, 6 кг узрыўчаткі, кулямёт, некалькі пісталетаў, 2 пісталеты-кулямёты. Асабліва шмат зброі і боепрыпасаў здабылі М. Н. Вінакураў, М. В. Лапуноў, В. Лук’яненка, Л. Я. Шчаглова. П. Ф. Іваноў па частках вынес, сабраў і перадаў партызанам 7 аўтаматаў. Медыкаменты паступалі ад сясцёр Г. I. Старавойтавай і М. I. Старавойтавай, якія працавалі ў аптэцы. Муж і жонка А. Ф. Юшкевіч і А. М. Міхайлоўская захоўвалі ў сваім доме радыёпрыёмнік, слухалі зводкі і забяспечвалі групу прапагандысцкім матэрыялам, хавалі ваеннапалонных і перапраўлялі іх да партызан. У красавіку 1943 г. гітлераўцы арыштавалі 30 членаў групы, 17 чалавек расстралялі, астатніх адправілі ў лагер смерці.


Падпольная група А. I. Ліпці

Дзейнічала з красавіка 1942 г. да верасня 1943 г. у пральні, якая абслугоўвала вайсковыя часці акупантаў. Кіраўнік — камуніст А. I. Ліпці. Сярод рабочых пральні было шмат савецкіх грамадзян кітайскай нацыянальнасці. Па квітках на бялізну яны вызначалі нумары вайсковых часцей, месцы іх дыслакацыі, прыкладную колькасць, час прыбыцця і выбыцця часці з пэўнага ўчастка фронту. Падпольшчыкі перапальвалі хімікатамі вялікія партыі бялізны, здабывалі для партызан зброю і бензін (толькі за адзін раз партызанам адпраўлена 17 каністраў бензіну). Група мела сувязь з партызанскім атрадам М. Ф. Бiруліна. Сувязь з В. З. Харужай восенню 1942 г. ажыццяўлялі К. Д. Балдачова і З. I. Шаракова. З лета 1942 г. падпольшчыкі выконвалі заданні армейскай разведгрупы П. А. Крылатых. Сувязнымі былі сёстры Ірына і Міра Жан Ванфу, якія перадавалі шыфроўкі В. З. Харужай адказнаму арганізатару Віцебскага падпольнага абкама КП(б)‌Б В. Р. Кудзінаву. У верасні 1943 г. гітлераўцы арыштавалі Андрэя Ліпці, Васіля Чу Чаліна і Сяргея Сюдаболя.


Падпольная група М. Я. Нагібава

Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да сакавіка 1944 г. Аб’ядноўвала 25 чалавек. Кіраўнік — М. Я. Нагібаў, намеснік кіраўніка — Т. С. Шчукіна. З першых дзён германскай акупацыі Віцебска члены групы збіралі зброю, узрыўчатку, вялі разведку. На канспіратыўнай кватэры М. Я. Нагібаў вучыў іх мінна-падрыўной справе. Вясной 1942 г. група наладзіла сувязі з 1‑й Беларускай партызанскай брыгадай 1‑га складу і Віцебскім падпольным абкамам КП(б)‌Б. Падпольшчыкі ахапілі разведкай амаль увесь фашысцкі гарнізон у горадзе, рабілі дыверсіі на чыгуначным вузле, чыгуначных лініях Віцебск — Гарадок, Віцебск — Полацк. Толькі за кастрычнік — снежань 1942 г. на чыгунцы разбіты 3 паравозы, 39 вагонаў, 36 цыстэрнаў з бензінам, узарваны шашэйны мост. У кастрычніку 1942 г. М. Я. Нагібаў і Т. С. Шчукіна падарвалі паравоз і 22 вагоны. У ноч на 26 лістапада група пусціла пад адхон 2 ваенныя эшалоны, у снежні — паравоз і 12 вагонаў. Падпольшчыкі ўзаемадзейнічалі з групамі Ф. К. Мехава і А. А. Гагулі, П. С. Смірнова, М. А. Ляхоўскага, перадавалі партызанам і армейскім разведчыкам каштоўныя звесткі, ажыццяўлялі сувязь з падпольным гаркамам партыі, праводзілі ў тыл праціўніка армейскіх разведчыкаў, давалі ім свае базы. З 18 лістапада да 4 снежня 1943 г. разам з савецкімі танкістамі група М. Я. Нагібава трымала абарону на ўчастку вёсак Цыганы — Малыя Стайкі, знішчыла 20 гітлераўцаў і іх памагатых, 19 захапіла ў палон. Дзейнічала да злучэння з часцямі Чырвонай арміі.


Падпольная група В. З. Харужай

Дзейнічала з 27 верасня да 13 лістапада 1942 г.

Рашэннем ЦК КП(б)‌Б у верасні 1942 г. у Віцебск накіравана са спецыяльным заданнем група з 17 чалавек на чале з В. З. Харужай (падпольны псеўданім Г. С. Карнілава). У групу ўвайшлі С. С. Панкова, Е. С. Суранава, А. Ф. Ермаковіч, Г. П. Іванькова і інш. Віцебск знаходзіўся ў прыфрантавой палосе на галоўным напрамку дзеянняў 3‑й і 4‑й ударных армій Калінінскага фронту, таму патрэбна была дакладная інфармацыя аб праціўціку, правільная ацэнка падзей на месцы і выбар метадаў барацьбы. Улічваючы, што адказны арганізатар Віцебскага падпольнага абкама КП(б)‌Б, шматлікія кіраўнікі камсамольскага падполля, спецгрупы Чырвонай арміі і аператыўна-чэкісцкія групы, пад кіраўніцтвам якіх працавалі падпольшчыкі, знаходзіліся ў размяшчэнні партызанскіх брыгад, на В. З. Харужую была ўскладзена задача па кіраўніцтве падполлем горада. У верасні 1942 г. праз Віцебскія «вароты» група прыбыла ў Суражскую партызанскую зону. Сувязная К. Д. Балдачова 27 верасня правяла ў Віцебск А. Ф. Ермаковіч і Е. С. Суранаву, 1 кастрычніка 1942 г. — В. З. Харужую. У першыя дні высветлілася, што распрацаваны раней план не ўлічваў усёй складанасці абставін. Адрасы, якіх у В. З. Харужай было 104, патрабавалі праверкі. Да 25 кастрычніка 1942 г. В. З. Харужая наладзіла сувязі з 20 патрыётамі, сярод якіх былі і кіраўнікі падпольных груп. Надзейнымі памочнікамі сталі сем’і Вараб’ёвых, М. I. Мацэнка, А. П. Волат, камуністка М. I. Гульбе, якая добра ведала нямецкую мову. Асноўнай канспіратыўнай кватэрай была кватэра М. I. Вараб’ёвай. М. К. Оскер рэгулярна атрымлівала для В. З. Харужай інфармацыю аб аэрадроме. В. З. Харужая была звязана з падпольнымі групамі І. А. Бекішава, А. І. Ліпці, групай «Радзіма» (30 чалавек), што дзейнічала на чыгунцы, з армейскай разведчыцай В. Пінчук, якая цераз сувязную перадала Віцебскаму падпольнаму абкаму КП(б)‌Б 12 лістоў-справаздач В. З. Харужай. Члены падпольнай групы вялі антыфашысцкую прапаганду сярод насельніцтва, збіралі, правяралі і перадавалі па прызначэнні разведвальную інфармацыю, указвалі аб’екты для нанясення ўдараў савецкай авіяцыі і паведамлялі вынікі гэтых удараў. Падчас сустрэчы В. З. Харужай і Е. С. Суранавай з С. С. Панковай і К. Д. Балдачовай у доме Вараб’ёвых 13 лістапада 1942 г. гэтыя падпольшчыкі былі арыштаваны і пасля 22 дзён катаванняў 4 снежня 1942 г. расстраляны.


Падпольныя групы Ф. К. Мехава і А. А. Гагулі

Дзейнічалі са жніўня 1941 г. да лютага 1943 г. на чыгунцы ў Віцебску. Аб’ядноўвалі 24 чалавекі. Кіраўнікі — Ф. К. Мехаў і А. А. Гагуля. Спачатку дзейнічалі пад кіраўніцтвам Ф. К. Мехава, а з кастрычніка 1942 г. як самастойныя, але ў цесным кантакце. Падпольшчыкі вялі разведку, трымалі сувязь з аператыўна-чэкісцкай групай А. П. Максіменкі. Пад асаблівым кантролем падпольшчыкаў быў чыгуначны вузел. Падлеткі I. М. Ерафееў і Д. Ф. Тарасаў назіралі за рухам цягнікоў, разгрузкай і пагрузкай, запаміналі надпісы і апазнавальныя знакі на аўтамашынах, цягачах і вагонах. А. А. Гагуля і В. Ф. Няглін выкралі ў гітлераўцаў каля 15 розных дакументаў для групы А. П. Максіменкі. Працуючы ў аўтарамонтных майстэрнях, Ф. К. Мехаў і К. I. Шутаў разам з ваеннапалоннымі псавалі рухавікі аўтамашын і танкаў. У жніўні 1942 г. падпольшчыкі замініравалі дарогу ў в. Грышаны Віцебскага раёна, у канцы верасня 1942 г. узарвалі эшалон з жывой сілай і баявой тэхнікай праціўніка. За верасень — кастрычнік 1942 г. патрыёты вывелі са строю 20 аўтамашын, 2 стужкавыя транспарцёры, 23 веласіпеды, вынеслі 300 камплектаў абмундзіравання, 40 коўдраў, 500 кг сметанковага масла, 500 кг цукру, 10 т хлеба, 10 скрынак мыла. У пачатку снежня 1942 г. многія патрыёты былі арыштаваны і расстраляны. Тыя, што асталіся на свабодзе, у снежні 1942 г. — студзені 1943 г. узарвалі мост, пусцілі пад адхон 2 эшалоны.


Заключэнне

У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў загінуў кожны трэці падпольшчык Віцебскага партыйна-камсамольскага падполля, у т. л. В. К. Агінская, В. А. Аляксандрава, I. I. Анапрыенка, I. М. Арлоў, К. Д. Балдачова, М. Я. Белахвосцікава, А. Я. Белахвосцікаў, браты М. Бондар і С. Бондар, Л. Д. Бярозкіна, С. П. Бурлакоў, А. Бухарын, В. Т. Бяляеў, П. В. Бяляеў, Р. В. Бяляеў, Я. Я. Валчок, А. М. Вараб’ёва, М. I. Вараб’ёва, В. С. Вараб’ёў, М. У. Вараб’ёў, А. С. Вінаградава, У. I. Вінаградаў, М. Н. Вінакураў, П. I. Воднеў, В. А. Вярбіцкі, А. А. Гагуля, В. А. Гагуля, I. I. Галдаевіч, Г. К. Грабянькова, Д. К. Грабянькоў, К. С. Грабянькоў, Э. Д. Грабянькоў, Г. М. Гранькова, П. В. Гурын, Г. Я. Данілаў, I. А. Жбанкоў, Ф. А. Жбанкоў, У. У. Жукаў, М. А. Жыдовіч, У. Забаранкаў, В. П. Загадская, М. Д. Зайцаў, М. П. Захарава, М. I. Захараў, П. Ф. Іваноў, А. М. Івашчанка, А. М. Іотка, I. М. Іотка, А. В. Кавалёў, У. А. Казлоўскі, I. Л. Калінін, С. I. Калінін, А. Г. Канаплёў, М. М. Капцелава, В. Д. Карняшонак, З. Ф. Кочатава, М. П. Красоўскі, У. М. Кузнечык, М. А. Купалаў, М. Лавігін, Г. А. Лапавухава, К. Я. Лапавухава, А. Н. Лапавухаў, М. В. Лапуноў, А. I. Ліпці, Д. А. Літвінаў, Е. К. Лукашэнка, I. К. Лукашэнка, В. Лук’яненка, Н. Ф. Лынчанка, М. Малічаў, П. І. Масалаў, Р. Ф. Махноў, К. Меншыкава, Ф. К. Мехаў, А. М. Міхайлоўская, М. Л. Мурашка, М. К. Оскер, С. С. Панкова, К. К. Паплаўскі, В. М. Пахомаў, В. Ф. Пятроў, З. П. Ражкова, А. Ражкоў, М. А. Раманенка, Д. А. Сазонаў, П. Сакалоўскі, В. Ф. Самусёва, А. К. Свечкін, I. К. Свечкіна, М. К. Свечкіна, А. Г. Скарабагатаў, Г. Г. Скарабагатаў, П. С. Смірноў, Г. С. Стаякова, Е. С. Суранава, К. Д. Сямёнава, Д. Ф. Тарасаў, I. Трыфунтаў, У. Туркін, А. Украінскі, М. С. Уласава, А. М. Уласаў, С. П. Уласаў, Г. Я. Фёдараў, Н. Філіпоўскі, Б. Я. Халімановіч, В. З. Харужая, Я. С. Харытонаў, Г. К. Хрыпач, Л. I. Хрыпач, Васіль Чу Чалін, С. М. Шалаеў, М. I. Шаршнёў, П. С. Шлякава, В. А. Шніпаў, Л. Я. Шчаглова, А. Ф. Юшкевіч, А. С. Якімава, I. Я. Якімаў, М. К. Янін, Г. С. Яраноўская і шмат інш.

У Віцебску на плошчах, вуліцах і скверах у гонар падпольшчыкаў устаноўлены помнікі і мемарыяльныя дошкі. Іх імёнамі названы школы, вуліцы горада.


СПІСЫ ПАДПОЛЬНЫХ ГРУП I ВАЖНЕЙШЫХ КАНСПІРАТЫЎНЫХ КВАТЭР ВІЦЕБСКАГА ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАГА ПАДПОЛЛЯ


Падпольныя групы, якія дзейнічалі ў Віцебску і прыгарадзе (кіраўнік і месца дзеяння)

  1. Азеуша В. А.; вёска Букаціна Віцебскага раёна.

  2. Акаловіч К. С.; тубдыспансер па вуліцы Гогалеўскай (цяпер вуліца Леніна).

  3. Амельчанкі В. Т.; нямецкая вайсковая часць, былая сярэдняя школа № 6; група ваеннапалонных.

  4. Анапрыенкі I. I.; на тэрыторыі былога іголачнага завода па Суражскай шашы (цяпер прыборабудаўнічы завод па вуліцы Гагарына); група ваеннапалонных.

  5. Арлоўскага В. М.; аэрадром.

  6. Барадзіна А. П.; нямецкая вайсковая часць па вуліцы Верхненабярэжнай (цяпер вуліца Ільінскага).

  7. Бекішава I. А.; аэрадром.

  8. Белахвосцікава А. Я.; бляшаная майстэрня па вуліцы Леніна.

  9. Белянёва П. А.; гарадская ўправа.

  10. Бярозкінай Л. Д.; вуліца Замкавая і друкарня.

  11. Вішнеўскага П. I.; пасёлак тарнага камбіната і Дом спецыялістаў; група ваеннапалонных.

  12. Вялава І. С.; раён Сакольніцкіх вуліц.

  13. Вярбіцкага В. А.; раён Маркаўшчына.

  14. Гагулі А. А.; раён Гарадоцкіх вуліц.

  15. Гамаюнава А. Ф.; нямецкая гаспадарчая часць у Доме спецыялістаў; група ваеннапалонных.

  16. Гваздзёвай З. Я.; вёска Лужасна Віцебскага раёна.

  17. Грабяньковай Г. К.; Пескавацік, Кастрычніцкі раён Віцебска.

  18. Грунтова П. П.; вучэбная гаспадарка «Падбярэззе».

  19. Данілава Р. І.; ліцейная вытворчасць па Суражскай шашы (цяпер вуліца Гагарына).

  20. Дзянісава В. М.; раён вуліцы Піянерскай.

  21. Ермакова I. С.; транспартная арганізацыя «Штрала»; група ваеннапалонных.

  22. Еўдакімава М. I.; вёска Альгова Віцебскага раёна.

  23. Журынскай М. А.; хлебазавод № 1.

  24. Заронаўская; вёска Заронава Віцебскага раёна.

  25. Земляковай Д. П.; чыгуначная станцыя Лосвіда на лініі Віцебск — Невель (Расія) — Доўжа.

  26. Кажычэнкава С. Р.; раён плошчы Свабоды ў Віцебску.

  27. Казлоўскага У. А.; электрастанцыя.

  28. Капцелавай М. М.; вуліца Талстога.

  29. Кірыленкі В. I.; Стадыённы пасёлак у Віцебску.

  30. Корбана М. К.; вёска Лучоса, Першамайскі раён Віцебска.

  31. Кочатавай З. Ф.; вёска Батрукі Віцебскага раёна (у 1938 аб’яднана з вёскай Альгова), Віцебск.

  32. Красоўскага М. П.; чыгуначны вузел.

  33. Красцінай Г. А.; раён аэрадрома.

  34. Краўчынскага I. Д.; Пескавацік, Кастрычніцкі раён Віцебска.

  35. Крукава А. Г.; нямецкая вайсковая часць у раёне вёскі Падбярэззе Віцебскага раёна; група ваеннапалонных.

  36. Кулагінай В. С.; вёска Букаціна, Кастрычніцкі раён Віцебска.

  37. Купалава М. А.; чыгуначны вузел.

  38. Кутняка В. Т.; нямецкая вайсковая часць па вуліцы Баўмана; група ваеннапалонных.

  39. Ламаносенка Т. А.; раён вуліцы Авіяцыйнай (цяпер вуліца Праўды).

  40. Ліпці А. I.; пральня па вуліцы Леніна.

  41. Ляхоўскага М. А.; чыгуначны вузел.

  42. Ляхоўскага П. К.; вёска Старое Сяло Віцебскага раёна.

  43. Максіменкі А. П.; група «Няўлоўныя».

  44. Марудава Т. А.; Чыгуначны раён Віцебска.

  45. Мехава Ф. К.; раён Вапнавых вуліц, чыгуначная магістраль.

  46. Міхайлоўскай А. В. і Гіро Р. М.; вёска Лётцы.

  47. Mypaшкi М. Л. i Махнова Р. Ф.; гарадская ўправа, медыцынскія ўстановы горада.

  48. Нагібава М. Я.; раён Гарадоцкіх вуліц.

  49. Папяляевай П. А.; Пескавацік, Кастрычніцкі раён Віцебска.

  50. Пісарэўскага Г. С.; нямецкая вайсковая часць у раёне вёскі Падбярэззе Віцебскага раёна; група ваеннапалонных.

  51. Пушкарова Р. I.; фанерны завод.

  52. Pycкіх Г. М.; нямецкая вайсковая часць сувязі на беразе ракі Заходняя Дзвіна (цяпер вуліца Камсамольская).

  53. Сакаловай А. А.; Пескавацік, Кастрычніцкі раён Віцебска.

  54. Ганны, Галіны, Зінаіды і Марыі Саладухіных; раён былога 5‑га цагельнага завода (цяпер у раёне вуліцы Баўмана).

  55. Сасноўская; вёска Сасноўка Віцебскага раёна.

  56. Свечкінай М. К.; Стадыённы пасёлак.

  57. Сідарэнкі-Пабудзея I. А.; вёска Бабінічы Віцебскага раёна.

  58. Скарабагатава А. Г. i Скарабагатава Г. Г.; чыгуначны вузел.

  59. Смірнова П. С.; раён Гарадоцкай i Полацкай шашы (цяпер вуліцы Ленінградская i Цітова).

  60. Спірыдонавай Е. С.; былая вёска Трыніўкі Віцебскага раёна, Віцебск, Чыгуначны раён Віцебска.

  61. Сутарман Т. П.; Маркаўшчына.

  62. Харужай В. З.; Пескавацік, Кастрычніцкі раён Віцебска, вуліца Трактарная (цяпер вуліца Веры Харужай).

  63. Хрыпача Л. I.; торфаўпраўленне, торфапрадпрыемства Віцебскай вобласці.

  64. Чайкі I. М.; нямецкая вайсковая часць на плошчы Свабоды; група ваеннапалонных.

  65. Шалуха В. Д.; пасёлак тарнага камбіната.

  66. Шарэнды Б. С.; мастацкая майстэрня па вуліцы Леніна.


Адрасы важнейшых канспіратыўных кватэр віцебскіх падпольшчыкаў (прыведзены даваенныя назвы вуліц і нумары дамоў, а таксама сучасныя назвы вуліц ці ўдакладняецца, што вуліца не існуе)

  1. Абаронная, 10 (цяпер вуліца Марка Шагала), трымаў I. П. Наўдзюнас; кватэра чэкістаў.

  2. Авіяцыйная, 16 (цяпер вуліца Праўды), трымала Т. А. Ламаносенка; кватэра армейскай разведгрупы П. В. Буткевіча, падпольнай групы Т. А. Ламаносенка.

  3. Авіяцыйная, 23, трымала сям’я У. А. Казлоўскага; кватэра падпольнай групы У. А. Казлоўскага.

  4. Акадэміка Паўлава, 5, трымала Н. Ф. Лынчанка; кватэра армейскай разведгрупы Ю. С. Рудакова, падпольных груп Т. А. Марудава, П. К. Ляхоўскага.

  5. Аршанская, 19 (цяпер не існуе, знаходзілася ў раёне сучаснай плошчы Перамогі), трымала К. Д. Сямёнава; кватэра падпольных груп I. А. Бекішава, Т. А. Ламаносенка.

  6. Аршанская, 54а, трымала В. П. Брухнова; кватэра падпольнай групы М. Л. Мурашкі i Р. Ф. Махнова.

  7. Баўмана, 16, трымалі сёстры Ганна, Галіна, Зінаіда і Марыя Саладухіны; кватэра падпольнай групы сясцёр Саладухіных.

  8. Валадарскага, 20, трымаў I. М. Арлоў; кватэра армейскай разведгрупы Ю. С. Рудакова i падпольнай групы В. С. Кулагінай.

  9. 3‑і Вапнавы завулак, 7, трымаў Ф. К. Мехаў; кватэра чэкістаў, падпольных груп Ф. К. Мехава, А. А. Гагулі.

  10. Верхненабярэжная, 11 (цяпер вуліца Ільінскага), трымаў К. Е. Пятроў; кватэра даваеннага сакратара Чыгуначнага райкама КП(б)‌Б I. Г. Грыгор’ева.

  11. 2‑я Ветраная, 11 (цяпер вуліца Грыбаедава, 5), трымала В. Пінчук; кватэра армейскай разведгрупы П. А. Крылатых.

  12. 2‑я Ветраная, 14, трымала сям’я М. I. Мацэнка; кватэра падпольнага гаркама КП(б)‌Б, падпольнага партыйнага цэнтра.

  13. 3‑я Ветэрынарная, 11 (цяпер вуліца 3‑я Даватара), трымаў Л. П. Амелькін; кватэра спецгрупы Народнага камісарыята ўнутраных спраў.

  14. 5‑я Вінчэўскага, 16 (цяпер праспект Чарняхоўскага), трымала М. К. Оскер; кватэра падпольнага партыйнага цэнтра, армейскай разведгрупы М. Р. Яфімава.

  15. 12‑я Гарадоцкая, 20/10 (цяпер не існуе), трымала сям’я А. I. Ліпці; кватэра падпольнага партыйнага цэнтра.

  16. 14‑я Гарадоцкая, 17, трымаў А. Н. Лапавухаў; кватэра чэкістаў, падпольнай групы А. А. Гагулі.

  17. 14‑я Гарадоцкая, 19, трымала Ф. М. Шалаева; кватэра падпольнай групы А. А. Гагулі.

  18. 17‑я Гарадоцкая, 1 (цяпер вуліца Вінаградавай), трымаў П. С. Смірноў; кватэра армейскай разведгрупы П. А. Крылатых, падпольных груп П. С. Смірнова, М. Я. Нагібава.

  19. 17‑я Гарадоцкая, 6, трымала Я. I. Тычыніна; кватэра падпольнага гаркама КП(б)‌Б, армейскай разведгрупы П. А. Крылатых, падпольнай групы М. Я. Нагібава.

  20. 17‑я Гарадоцкая, 21, трымала М. П. Захарава; кватэра армейскай разведчыцы А. С. Вінаградавай, падпольнай групы П. С. Смірнова.

  21. 22‑я Гарадоцкая, 7, трымаў В. А. Шніпаў; кватэра падпольнай групы А. А. Гагулі.

  22. Гарадоцкая шаша, 103 (цяпер вуліца Ленінградская, 37), трымаў П. Кёрнер-Шрадэр; кватэра нямецкіх антыфашыстаў.

  23. Гогалеўская, 11 (былы тубдыспансер, цяпер вуліца Леніна, 18), трымала К. С. Акаловіч; кватэра армейскай разведгрупы М. Р. Яфімава, чэкістаў, падпольнай групы К. С. Акаловіч.

  24. 3‑я Гутараўская, 33 (цяпер не існуе), трымала А. П. Волат; кватэра падпольнай групы гаркама КП(б)‌Б, падпольнага партыйнага цэнтра.

  25. 2‑я Жлобінская, 25, трымалі сёстры Лявонавы; кватэра армейскага разведчыка В. I. Чыркова, падпольнай групы К. С. Акаловіч.

  26. 2‑я Заводская, 12, трымала А. А. Сакалова; кватэра падпольнага гаркама КП(б)‌Б, падпольных груп А. А. Сакаловай, I. А. Бекішава.

  27. 3‑я Загарадная, 20, трымала сям’я Б. С. Шарэнды; кватэра армейскіх разведгруп Ю. С. Рудакова, М. Р. Яфімава, падпольный групы Б. С. Шарэнды.

  28. Замкавая (гадзіннікавая майстэрня), трымаў П. Д. Багданоўскі; кватэра армейскай разведгрупы М. Р. Яфімава, падпольнай групы А. М. Казлова.

  29. Замкавая, 3, трымала П. I. Гаўберг-Іванова; кватэра падпольнай групы Л. Д. Бярозкінай.

  30. Інжынерная, 35 (цяпер 41), трымаў I. Ц. Куракоў; кватэра армейскай разведкі, падпольнай групы М. А. Ляхоўскага.

  31. Карасінны завулак, 4 (цяпер не існуе), трымала сям’я Т. А. Марудава; кватэра армейскай разведгрупы Ю. С. Рудакова, падпольнай групы Т. А. Марудава.

  32. Пасёлак Качэргі, 12 (цяпер вуліца Пугачова, 11), трымала сям’я М. К. Свечкінай; кватэра падпольных груп М. К. Свечкінай, А. Я. Белахвосцікава.

  33. Кінафабрычная, 10 (цяпер вуліца Чапаева), трымала Е. С. Мазікава-Хаванская; кватэра чэкістаў.

  34. 8‑я Клінічная, 43, трымала Г. С. Кіташава; кватэра армейскай разведгрупы П. В. Буткевіча, падпольнай групы Т. А. Ламаносенка.

  35. Клубны завулак, 9, трымала М. А. Кузняцова; кватэра армейскага разведчыка В. I. Чыркова, падпольнай групы К. С. Акаловіч; падпольны пашпартны стол.

  36. 7‑я Куйбышава, 12, трымала Г. С. Стаякова; кватэра армейскага разведчыка В. I. Чыркова, кватэра даваеннага сакратара Чыгуначнага райкама КП(б)‌Б I. Г. Грыгор’ева.

  37. 5‑я Лінія, 20, трымала Г. М. Гранькова; кватэра падпольнага абкама ЛКСМБ.

  38. 6‑я Лінія, 4 (цяпер 5), трымала сям’я В. М. Арлоўскага; кватэра армейскай разведгрупы П. В. Буткевіча, падпольнай групы В. М. Арлоўскага.

  39. 4‑я Нагі́на, 17 (цяпер не існуе), трымала А. Я. Лукашэнка; кватэра падпольнай групы К. С. Акаловіч.

  40. Пасёлак Новы Быт, Ручэйны завулак, 10а, трымаў М. Я. Мартышунас; кватэра даваеннага сакратара Чыгуначнага райкама КП(б)‌Б I. Г. Грыгор’ева.

  41. Рыжская, 65/14, трымаў М. К. Янін; кватэра армейскай разведгрупы П. А. Крылатых.

  42. 2‑я Сакольніцкая, 2 (цяпер не існуе), трымала сям’я I. С. Вялава; кватэра падпольнага гаркама КП(б)‌Б, падпольных груп I. С. Вялава, Е. С. Спірыдонавай.

  43. 2‑я Стадыённая, 27 (цяпер вуліца Белахвосцікава, 29), трымалі А. Я. Белахвосцікаў і М. Я. Белахвосцікава; кватэры падпольнага абкама КП(б)‌Б, падпольнай групы А. Я. Белахвосцікава.

  44. 2‑я Стадыённая, 27а (цяпер вуліца Белахвосцікава), трымала сям’я Пахомавых; кватэра падпольнай групы А. Я. Белахвосцікава.

  45. 3‑я Суражская, 10, трымала А. I. Багданава; кватэра армейскага разведчыка М. А. Шпакава, падпольнай групы I. А. Бекішава.

  46. 3‑я Суражская, 10 (гадзіннікавая майстэрня), трымаў М. А. Панкоў; кватэра армейскага разведчыка М. А. Шпакава, падпольнай групы I. А. Бекішава.

  47. Пасёлак тарнага камбіната, 2, трымала М. Ц. Цвяткова; кватэра падпольнай групы В. Д. Шалуха.

  48. Пасёлак тарнага камбіната, 5, трымала Л. М. Аўсянкіна; кватэра падпольнай групы В. Д. Шалуха.

  49. Пасёлак тарнага камбіната, 6, трымалі сёстры Вішнеўскія; кватэра армейскага разведчыка В. I. Чыркова.

  50. Трактарная, 4 (цяпер вуліца Веры Харужай), трымала сям’я Вараб’ёвых; кватэра падпольнага партыйнага цэнтра — падпольнай групы В. З. Харужай.

  51. 1‑я Украінская, 5, трымала А. М. Казлова; кватэра чэкістаў, падпольнай групы В. А. Вярбіцкага.

  52. 1‑я Чырвонабрыгадная, 22а, трымала Д. I. Кузьміна; кватэра армейскай разведгрупы П. В. Буткевіча.

  53. Вёска Чэпіна, 1, трымаў Я. I. Хмялёў; кватэра армейскай разведгрупы П. А. Крылатых, падпольнай групы М. Я. Нагібава.

  54. 1‑я Эсперанта, 17 (цяпер вуліца 1‑я Чарнышэўскага, 13/1), трымала А. П. Шашкова; кватэра армейскай разведгрупы «Іспалін» У. А. Мядзведзева, падпольнай групы Г. К. Грабяньковай.


Помнікі ў гонар віцебскіх падпольшчыкаў

  1. Стэла ў гонар патрыётаў гapадскога падполля, загубленых фашыстамі ў 1941–1944 гг. каля Смаленскага рынку (вуліца 1‑я Чырвонабрыгадная).

  2. Помнік у гонар падпольшчыкаў групы Л. Д. Бярозкінай.

  3. Мемарыял ахвярам фашызму на тэрыторыі былога 5‑га чыгуначнага палка.

  4. Помнік камсамольцам і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам.

  5. Мемарыяльная дошка на будынку былой турмы СД (цяпер тут размешчаны раздзел экспазіцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея).

  6. Памятны знак падпольшчыкам, загубленым фашыстамі, каля будынка абласнога краязнаўчага музея (вуліца Леніна).

  7. Мемарыяльная дошка на будынку друкарні ў гонар падпольшчыкаў В. Д. Карняшонка і Я. Я. Ваўчка з групы Л. Д. Бярозкінай.

  8. Мемарыяльны знак на магіле ахвяр фашызму на беразе ракі Віцьба.

  9. Мемарыяльны комплекс у гонар вызваліцеляў горада — савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў — на плошчы Перамогі.

  10. Помнік Герою Савецкага Саюза В. З. Харужай.

  11. Курган і абеліск на месцы пахавання загубленых гітлераўцамі віцебскіх падпольшчыкаў на тэрыторыі саўгаса «Рудакова».

  12. Мемарыяльная дошка на будынку былога тубдыспансера (цяпер вуліца Леніна, 18), дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася явачная кватэра падпольнай групы медыцынскіх работнікаў Віцебска на чале з К. С. Акаловіч.