Дата стварэння: 02.03.2023 10:11:50
Дата змены: 11.09.2024 14:48:27
«Брэсла́у» («Breslau»; у некаторых крыніцах — аперацыя № 36)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці 5–19 верасня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі пяці батальёнаў вермахта, магчыма, таксама падраздзяленнямі 2‑га палявога вучэбнага палка гітлераўскіх ваенна-паветраных сіл, які знаходзіўся ў г. Быхаў, і дапаможнымі паліцэйскімі падраздзяленнямі з мэтай акружэння і знішчэння партызан і «ўціхамірання» раёна абапал шашы і чыгункі Магілёў — Рагачоў. Яшчэ 29 жніўня 1942 г. кіраўніцтва паліцыі бяспекі і СД на Беларусі з непакоем паведамляла аб дзёрзкіх і выніковых ударах добра ўзброеных і абучаных партызан па гарнізонах у вёсках Прыбар і Ніканавічы.
У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі зноў атрымалі адпор, адзначыўшы ў сваіх данясеннях працяглы бой з буйным падраздзяленнем «у вайсковай экіпіроўцы». Назва партызанскага фарміравання, якое дзейнічала ў гэтым раёне ў жніўні — верасні 1942 г., не ўстаноўлена; магчыма, гэта былі спецыяльныя дэсантныя групы. Акружыць і знішчыць партызан у ходзе аперацыі «Брэслау» гітлераўцам не ўдалося. У раёне аперацыі карнікі загубілі больш за тысячу савецкіх грамадзян. У справаздачы аб дзейнасці каманд у раёне аперацыі гаварылася, што «было асоба апрацавана» (знішчана) з 1 па 15 верасня 1942 г. каля 400 камуністаў і партызан, больш за 300 цыган, каля 50 душэўнахворых.