Дата стварэння: 29.01.2024 12:31:54
Дата змены: 11.09.2024 15:20:46
Белару́сь у Друго́й сусве́тнай вайне́
У гістарычнай памяці беларускага народа Другая сусветная вайна 1939–1945 гг. і яе састаўная частка — Вялікая
Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941–1945 гг. — застаюцца
не толькі як найвялікшая трагедыя і нацыянальная ахвярнасць, але
і як найвышэйшы момант ісціны, масавага гераізму, мужнасці, трыумфу
і яднання. Заваяваная ў ёй Перамога стала не толькі
для пераможцаў, але і для пасляваенных пакаленняў унутраным
каштоўнасным крытэрыем сутнасці іх жыцця, захавання і ўмацавання абароннай
свядомасці, шчытом і перашкодай для ўсялякага роду спроб
фальсіфікацыі гісторыі Беларусі, знявагі нацыянальнай годнасці.
Другая сусветная вайна з’явілася лагічным працягам нявырашанасці геапалітычных супярэчнасцей, якія ўзніклі паміж буйнейшымі дзяржавамі яшчэ перад Першай сусветнай вайной. Першая і Другая сусветныя войны па глыбінных вытоках з’яўляюцца следствам глабальнага крызісу сістэмы міжнародных адносін канца XIX — 1‑й паловы XX ст.
Вынікам Першай сусветнай вайны стаў распад магутных імперый (Расійскай, Германскай, Аўстра-Венгерскай, Асманскай), а таксама ўзнікненне новых дзяржаў, перакройка межаў, прадыктаваная Антантай. Гэта прывяло да змянення суадносін сіл паміж вядучымі дзяржавамі Еўропы, заклала аснову для яшчэ больш глыбокіх супярэчнасцей міжнародных адносін.
Вынікі Першай сусветнай вайны, замацаваныя ў 1919–1922 гг. Версальска-Вашынгтонскай сістэмай міжнародных адносін, не дазволілі стварыць стабільную раўнавагу сіл на міжнароднай арэне.
Наступствы Першай сусветнай вайны найбольш станоўча адбіліся на развіцці ЗША, якія да 1929 г. па аб’ёме прамысловай вытворчасці апярэдзілі Вялікабрытанію, Францыю, Германію і Італію разам узятыя. Гэта дазволіла Злучаным Штатам больш актыўна ўмешвацца ў еўрапейскую і сусветную палітыку для вырашэння сваіх эканамічных і палітычных інтарэсаў. У 1924 г. у Лондане быў прыняты амерыканскі план Ч. Г. Даўэса, які прадугледжваў рэальнае забеспячэнне выплаты рэпарацый Германіяй шляхам узнаўлення яе эканомікі. Галоўнай яго мэтай было ўмацаванне ваенна-прамысловага патэнцыялу Германіі пад непасрэдным кантролем ЗША. План Ч. Г. Даўэса, а таксама Лакарнскія дагаворы 1925 г., якія гарантавалі недатыкальнасць заходніх межаў Германіі і пакідалі адкрытымі пытанні польска-германскай і германа-чэхаславацкай межаў, мелі відавочную антысавецкую накіраванасць.
Сусветны эканамічны крызіс 1929–1933 гг. рэзка абвастрыў міждзяржаўныя адносіны паміж буйнейшымі краінамі, а таксама імперыялістычнымі дзяржавамі і іх калоніямі. Выйсце з эканамічнага крызісу гэтыя краіны бачылі па-рознаму: ЗША, Вялікабрытанія і Францыя — за кошт калоній і залежных краін, дзяржавы ваенна-мілітарысцкага блока — за кошт захопу чужых тэрыторый.
Першымі на гэты шлях сталі Японія і Італія. Выкарыстоўваючы міждзяржаўныя супярэчнасці, абапіраючыся на падтрымку саюзнікаў у Еўропе, Японія ўзмацняла свой уплыў на Далёкім Усходзе. Італія, якая ў Першую сусветную вайну ваявала на баку Антанты, пэўны час працягвала знешнепалітычную традыцыю саюза з Вялікабрытаніяй для ўзмацнення свайго ўплыву на Балканах.
Мэтай Германіі была рэвізія Версальскага мірнага дагавора 1919 г. і глабальная змена існуючай сістэмы міжнародных адносін. Прыход да ўлады ў 1933 г. нацыстаў на чале з А. Гітлерам абумовіў мілітарызацыю краіны і памкненні германскіх фашыстаў да сусветнага панавання. Умела выкарыстоўваючы супярэчнасці паміж буйнейшымі дзяржавамі свету, германскаму кіраўніцтву ўдалося не толькі пераадолець найбольш цяжкія наступствы паражэння ў Першай сусветнай вайне, але і адкрыта перайсці з пачатку 1938 г. да рэвізіі тэрытарыяльных пагадненняў Версальскага дагавора.
Неабходна нагадаць, што Вялікабрытанія не пазбавілася ад амбіцый захаваць ролю палітычнага цэнтра свету і вярхоўнага арбітра ў еўрапейскіх справах, імкнулася больш актыўна супрацьстаяць дзвюм асноўным пагрозам, якія зыходзілі ад ЗША і Савецкага Саюза, які набіраў эканамічную і палітычную моц. Больш таго, стварэнне еўрапейскай раўнавагі сіл патрабавала ад Вялікабрытаніі стрымлівання (за кошт саступак Берліну) эканамічнага і палітычнага ўплыву Францыі, які ўзмацняўся ў Еўропе, што абавязкова прыводзіла да мадэрнізацыі Версальска-Вашынгтонскай сістэмы і ўмацавання пазіцый Германіі. Практычнай праявай гэтай дзейнасці стала палітыка «супакойвання», якая зводзілася да рэвізіі існуючага сусветнага парадку пад кантролем Вялікабрытаніі. У сваю чаргу Францыя імкнулася захаваць і ўмацаваць заваяваныя пазіцыі на аснове стварэння агульнаеўрапейскай сістэмы бяспекі. Аднак гэта натыкалася на нежаданне супрацоўнічаць з СССР не толькі вялікіх дзяржаў, але і шэрага французскіх саюзнікаў.
Гарантыяй трываласці Версальскай сістэмы магла б стаць узгодненая пазіцыя Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША. Аднак у рамках Версальска-Вашынгтонскай сістэмы міжнародных адносін усе вялікія дзяржавы мелі свае ўласныя мэты і інтарэсы, чым не прамінулі скарыстацца краіны мілітарысцкага блока.
У выніку бяздзейнасці і патурання з боку найбуйнейшых дзяржаў Германія ў 1933 г. выйшла з Лігі Нацый, у 1935 г., разарваўшы свае абавязацельствы, увяла ўсеагульны воінскі абавязак і вярнула праз плебісцыт Саарскую вобласць. У парушэнне Версальскага мірнага дагавора і Лакарнскага пакта 1925 г. германскія войскі ў 1936 г. уступілі ў дэмілітарызаваную Рэйнскую вобласць. У сакавіку 1938 г. Германія ажыццявіла аншлюс (далучэнне) Аўстрыі, а ў верасні дабілася заключэння Мюнхенскага пагаднення, вынікам якога стала ліквідацыя дзяржаўнай самастойнасці Чэхаславакіі.
Фашысцкая Італія ў 1935–1936 гг. захапіла Эфіопію і сумесна з Германіяй падтрымала путчыстаў генерала Ф. Франка ў Іспаніі.
Не адставала ад сваіх саюзнікаў таксама Японія, якая пасля анексіі ў пачатку 1930‑х гг. Манчжурыі ў 1937 г. пачала маштабную вайну супраць Кітая, захапіўшы Пекін, Шанхай і шэраг іншых важных цэнтраў краіны. У 1938 г. адбылося ўзброенае сутыкненне японскіх і савецкіх войскаў на мяжы каля возера Хасан у Прымор’і, у 1939 г. — на памежнай р. Халхін-Гол у Манголіі.
Кіраўніцтва СССР разумела, што палітыка «супакойвання» накіравана супраць Савецкага Саюза, і таму рабіла ўсё магчымае, каб не апынуцца ў поўнай палітычнай ізаляцыі. У красавіку 1939 г. савецкі ўрад прапанаваў Вялікабрытаніі і Францыі заключыць Траісты пакт аб узаемадапамозе на выпадак вайны. У адказ на гэта А. Гітлер выказаўся за заключэнне «пакта чатырох» паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Італіяй.
Перамовы паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і СССР не складаліся. Англійскі і французскі ўрады паказалі відавочнае нежаданне пазітыўных і хуткіх вынікаў гэтых перамоў. У такіх умовах СССР найбольш быў зацікаўлены ў дасягненні якіх-небудзь пагадненняў для гарантавання сваёй бяспекі. У сваю чаргу А. Гітлер, не дасягнуўшы жаданых саступак ад Вялікабрытаніі і засцерагаючы сябе ад магчымага вядзення вайны на два фронты, 20 жніўня накіраваў ліст І. В. Сталіну з прапановай падпісаць дагавор аб ненападзенні з папярэджаннем, што ў адваротным выпадку СССР можа аказацца ўцягнутым у «польска-германскі крызіс», пад якім разумелася вайна Германіі супраць Польшчы.
Паміж Германіяй і Савецкім Саюзам 23 жніўня 1939 г. заключаны дагавор аб ненападзенні. Адначасова быў падпісаны сакрэтны пратакол аб падзеле сфер уплыву. У пратаколе, у прыватнасці, адзначалася, што «ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі раней у склад Польскай дзяржавы, мяжа сфер інтарэсаў Германіі і СССР будзе праходзіць прыблізна па лініі рэк Піса, Нараў, Вісла і Сан».
Заключаны 23 жніўня 1939 г. дагавор быў першым пасля Рыжскага міру 1921 г. міждзяржаўным актам, дзе закраналася праблема тэрытарыяльнай цэласнасці БССР, уз’яднання ў адзінай дзяржаве беларускага народа.
Такім чынам, развіццё міжнароднай сітуацыі ў Еўропе няўмольна вяло да новага ўзброенага сутыкнення паміж вялікімі дзяржавамі. Галоўнай прычынай новай вайны з’явіліся эканамічныя і палітычныя супярэчнасці паміж найбуйнейшымі краінамі Захаду, якія склаліся ў канцы 1930‑х гг.
Другая сусветная вайна развязана 1 верасня 1939 г. нападзеннем Германіі на Польшчу. Ужо 3 верасня 1939 г. вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя, якія мелі з Польшчай дагаворы аб сумесных дзеяннях у выпадку агрэсіі. Краіны-дамініёны Брытанскай імперыі (Аўстралійскі Саюз, Новая Зеландыя, Індыя, Паўднёва-Афрыканскі Саюз, Канада) падтрымалі Вялікабрытанію і таксама абвясцілі Германіі вайну. Шэраг краін, у т. л. і ЗША, заявілі аб сваім нейтралітэце.
Старанна рыхтуючыся да вайны з Польшчай, германскае кіраўніцтва здзейсніла скрытую мабілізацыю асноўных сухапутных, ваенна-паветраных і ваенна-марскіх сіл, засяродзіўшы на германа-польскім тэатры ваенных дзеянняў магутную армію ўварвання, якая налічвала больш за 1,6 млн чалавек (62 дывізіі, 2,8 тыс. танкаў, 6 тыс. гармат і мінамётаў, каля 2 тыс. самалётаў). Планам прадугледжвалася нечаканае ўварванне буйных сіл на польскую тэрыторыю з поўначы, захаду і поўдня, раздзяленне і разгром галоўных польскіх сіл на захад ад рэк Вісла і Нараў. Разлік будаваўся на маланкавым характары вайны, якая мусіла скончыцца да таго, як саюзнікі Польшчы змогуць разгарнуць свае сілы для вядзення баявых дзеянняў.
Польская армія да пачатку агрэсіі значна саступала нямецкай па колькасці сіл і сродкаў, якасці ўзбраення і баявой тэхнікі. Палітычнае кіраўніцтва Польшчы зыходзіла з таго, што поспех у вайне з Германіяй мог быць забяспечаны толькі сумеснымі дзеяннямі Польшчы і яе саюзнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі. Аднак, нягледзячы на самаадданае супраціўленне польскай арміі, якая прыняла на сябе асноўны ўдар, саюзнікі не спяшаліся адкрываць шырокія баявыя дзеянні. Да канца другога тыдня вайны Польшча апынулася ў вельмі складанай сітуацыі. Ужо 14 верасня 1939 г. 19‑ы матарызаваны корпус нямецкага генерала Г. Гудэрыяна дасягнуў г. Брэст і на наступны дзень авалодаў ім. Невялікі польскі гарнізон пад камандаваннем генерала К. Плісоўскага да канца дня 16 верасня мужна абараняў Брэсцкую крэпасць, адбіваючы атакі нямецкай пяхоты і танкаў, і ноччу на 17 верасня адступіў за р. Заходні Буг (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1939 г.). У гэты ж дзень савецка-польскую мяжу перайшлі савецкія войскі і накіраваліся да лініі, абумоўленай дагаворам ад 23 жніўня 1939 г. Афіцыйна было абвешчана, што Чырвоная армія перайшла польскую мяжу, каб ва ўмовах фактычнага распаду польскай дзяржавы ўзяць пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
У вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь удзельнічалі войскі Беларускай асобай ваеннай акругі, папоўненыя ў пачатку верасня больш як 380 тыс. мясцовых жыхароў, прызваных з запасу. Упраўленне ваеннай акругі на час ваеннай кампаніі было перайменавана ва ўпраўленне Беларускага фронту 1939 г. Камандаваў фронтам камандарм 2‑га рангу М. П. Кавалёў.
Ужо 28–30 кастрычніка 1939 г. у г. Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі, які выступіў з просьбай аб уключэнні заходнебеларускіх зямель у склад СССР і ўз’яднанні з БССР. Сесія Вярхоўнага Савета СССР 2 лістапада 1939 г. і сесія Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939 г. прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР. Тэрыторыя БССР павялічылася да 225,7 тыс. км², а насельніцтва — у 2 разы (з 5 562 тыс. да 10 528 тыс. чалавек).
У верасні — кастрычніку 1939 г. прыбалтыйскія дзяржавы (28 верасня Эстонія, 5 і 10 кастрычніка Латвія і Літва) па ўзгадненні з савецкім кіраўніцтвам падпісалі дагаворы аб узаемным супрацоўніцтве з СССР. У 1940 г. прыбалтыйскія рэспублікі былі ўключаны ў склад СССР. У гэтым жа годзе ў выніку тэрытарыяльна-нацыянальнага размежавання тэрыторый кіраўніцтва СССР перадало Літве 2,6 тыс. км² беларускай тэрыторыі з насельніцтвам 65 тыс. чалавек.
Імкнучыся засцерагчы ад небяспекі на выпадак вайны г. Ленінград (цяпер Санкт-Пецярбург), які знаходзіўся ўсяго за 32 км ад савецка-фінляндскай граніцы, Савецкі Саюз прапанаваў Фінляндыі, каб яна, як і прыбалтыйскія дзяржавы, накіравала ў Маскву сваіх прадстаўнікоў. У кастрычніку — лістападзе 1939 г. быў праведзены шэраг перамоваў з Фінляндыяй з мэтай адсунуць савецка-фінляндскую граніцу на некалькі дзясяткаў кіламетраў на поўнач у абмен на ўдвая большую тэрыторыю ў Карэліі. Акрамя таго, Савецкі Саюз прасіў перадаць 5 астравоў у Фінскім заліве, заходнюю частку паўвострава Рыбачы, даць у арэнду невялікую тэрыторыю на паўвостраве Ханка, размешчаным каля ўваходу ў Фінскі заліў, для стварэння там ваенна-марской базы, якая забяспечвала б прыкрыццё марскіх подступаў да Ленінграда і паўднёвага ўзбярэжжа Фінляндыі.
Мірным шляхам вырашыць праблему не ўдалося, і раніцай 30 лістапада 1939 г. войскі Ленінградскага фронту ва ўзаемадзеянні з Балтыйскім і Паўночным флатамі перайшлі дзяржаўную граніцу Фінляндыі і ўступілі ў баі з фінскай арміяй, разгорнутай да таго часу на абарончых рубяжах. Пачалася савецка-фінляндская вайна, якая працягвалася 105 дзён, каштавала Чырвонай арміі вялікіх страт і завяршылася 13 сакавіка 1940 г. Фінляндыя саступіла СССР значна большую тэрыторыю, чым тая, на якую ён спачатку прэтэндаваў, у т. л. увесь Карэльскі перашыек з г. Выбарг і паўночнае ўзбярэжжа Ладажскага возера. Ліга Нацый (тагачасны правобраз ААН) прызнала СССР агрэсарам і выключыла з ліку сваіх членаў.
Са складу Беларускай асобай ваеннай акругі ў баях на савецка-фінляндскім фронце ўдзельнічалі кавалерыйскі і 3 стралковыя корпусы (11 стралковых і 3 кавалерыйскія дывізіі), авіядэсантная і танкавая брыгады. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі мужна змагаліся ў снягах Фінляндыі ў марозную зіму 1939–1940 гг., за баявыя заслугі 20 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Больш за 9,5 тыс. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі загінулі і памерлі ад ран падчас ваенных дзеянняў.
Вялікая Айчынная вайна — справядлівая вызваленчая вайна савецкага народа супраць нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў. Яна з’яўлялася састаўной часткай Другой сусветнай вайны. Савецкі народ вёў барацьбу за свабоду і незалежнасць сваёй вялікай Радзімы, за вызваленне прыгнечаных фашызмам народаў Еўропы, у т. л. і нямецкага народа. Па сваіх маштабах і жорсткасці Вялікая Айчынная вайна не мела сабе роўных.
Германскі нацызм, які выражаў інтарэсы найбольш рэакцыйнага, мілітарысцкага і варожага Савецкай дзяржаве германскага імперыялізму, у вайне супраць СССР ставіў сабе за мэту ліквідаваць сацыялістычную дзяржаву, захапіць яе вялікія матэрыяльныя рэсурсы, знішчыць мільёны савецкіх людзей, а тых, што застануцца жывымі, ператварыць у нявольнікаў германскіх каланістаў. На тэрыторыі Беларусі германскія варвары планавалі знішчыць 75 % насельніцтва, а астатніх зрабіць рабамі германскага рэйха.
Напярэдадні вайны ў 1940 г. у БССР, якая з’яўлялася адной з саюзных рэспублік у складзе адзінай шматнацыянальнай дзяржавы СССР, было 10 абласцей і 188 раёнаў, яе тэрыторыя складала 225,7 тыс. км², насельніцтва на 22 чэрвеня 1941 г. — 10 528 тыс. чалавек (у сучасных граніцах Рэспублікі Беларусь — 9,2 млн чалавек).
У 1920–1930‑я гг. у СССР, у т. л. у Беларусі, ажыццёўлены карэнныя грамадскія пераўтварэнні. Гэта былі гады напружанай працы на мяжы чалавечых магчымасцей, вострай і шматпланавай барацьбы за ажыццяўленне індустрыялізацыі, калектывізацыі, культурнай рэвалюцыі, за новыя формы кіравання эканомікай і ўсім грамадскім жыццём, за ўмацаванне шматнацыянальнай дзяржавы, усталяванне міжнародных пазіцый СССР. Быў пройдзены цяжкі, складаны, поўны супярэчнасцей вялікі гераічны шлях.
Эканоміка БССР развівалася як састаўная частка эканомікі ўсёй Савецкай краіны. У 1940 г. валавая прадукцыя прамысловасці рэспублікі перавысіла ўзровень 1913 г. у 8,1 раза. У рэспубліцы ў 1929–1940 гг. было ўведзена ў строй і рэканструявана 1 863 прадпрыемствы. З ліку дзеючых прадпрыемстваў на 860 заводах і фабрыках за гэтыя гады была праведзена карэнная рэканструкцыя. Эксплуатацыйная даўжыня чыгунак у рэспубліцы перавысіла ўзровень 1913 г. у 1,5 раза. У сельскай гаспадарцы ў 1941 г. ва ўсіх абласцях БССР калектывізавана 93,3 % сялянскіх гаспадарак. Удзельная вага механічных рухавікоў у структуры энергетычных магутнасцей сельскай гаспадаркі склала 48,8 %. На долю грамадскага сектара прыпадала 65 % усіх нарыхтовак збожжа, 46 % бульбы, 23 % мяса, 73 % малака, 77 % ільновалакна. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў параўнанні з 1913 г. узрасла ў 1,7 раза. Вытворчасць мяса павялічылася на 31 %, малака — на 40 %, яец — на 48 %, бульбы — у 3 разы.
Падрыхтоўку да вайны супраць СССР гітлераўцы пачалі яшчэ задоўга да захопу ўлады ў Германіі (1933). З прыходам нацыстаў да ўлады ўсё жыццё было падпарадкавана ваенным мэтам, падрыхтоўцы і развязванню агрэсіўных войнаў. У 1939–1941 гг. Германія захапіла амаль усе краіны Заходняй Еўропы і паставіла іх эканамічныя і ваенныя рэсурсы на службу сваім агрэсіўным мэтам.
Палітычная мэта вайны супраць СССР дакладна была вызначана А. Гітлерам 30 сакавіка 1941 г.: «Нашы задачы ў Расіі: разбіць узброеныя сілы, знішчыць дзяржаву... Гаворка ідзе аб вайне на знішчэнне, — падкрэсліваў германскі фюрар. — Калі мы не будзем так глядзець, то, хаця мы і разаб’ем ворага, праз 30 гадоў зноў паўстане камуністычная небяспека».
Эканамічнай мэтай нападзення Германіі на Савецкі Саюз было авалоданне яго прыроднымі багаццямі (найперш нафтай) і харчовымі рэсурсамі, якія былі неабходныя для працягу вайны за сусветнае панаванне.
Захоп тэрыторыі СССР адкрываў бы германскаму вермахту сухапутныя шляхі ў Індыю — галоўную калонію Вялікабрытаніі, якая заставалася адзіным рэальным праціўнікам Германіі ў Еўропе, а таксама ў падкантрольныя ёй Ірак і Іран.
У адпаведнасці з планам «Барбароса» Германія выставіла супраць СССР 153 дывізіі, яе саюзнікі Італія, Румынія, Фінляндыя і Венгрыя — 37 дывізій, іх падтрымлівалі 4 паветраныя нямецкія флаты, авіяцыя Фінляндыі і Румыніі; усяго 5,5 млн чалавек, 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, 4 980 баявых самалётаў і інш. СССР у 5 ваенных акругах на заходняй граніцы меў 170 дывізій і 2 брыгады (каля 2,6 млн чалавек), 37,5 тыс. гармат і мінамётаў, 1 457 новых танкаў КВ і Т‑34, 1 540 баявых самалётаў новых тыпаў (гл. Узброеныя Сілы СССР).
Грубай памылкай савецкага кіраўніцтва была яго перакананасць у тым, што ў вайне з Савецкім Саюзам германская армія будзе імкнуцца ў першую чаргу авалодаць Украінай, Данецкім басейнам, каб захапіць украінскі хлеб, данецкі вугаль, а затым і каўказскую нафту. Гэта меркаванне не ўлічвала планаў праціўніка на «маланкавую вайну» супраць СССР. У сувязі з гэтым Генеральным штабам у аператыўным плане вайны былі закладзены стратэгічныя памылкі. Найбольш небяспечным стратэгічным напрамкам лічыўся паўднёва-заходні — Украіна, а не заходні — Беларусь, на якім германскае вярхоўнае камандаванне ў чэрвені 1941 г. увяло ў дзеянне самыя магутныя сухапутныя і паветраныя групоўкі. На тэрыторыі Беларусі напярэдадні і ў пачатку вайны былі размешчаны 44 савецкія дывізіі (у т. л. 18 танкавых і механізаваных) Заходняй асобай ваеннай акругі, у той час як ва Украіне — 80 дывізій (у т. л. 30 танкавых і механізаваных) у Кіеўскай і Адэскай акругах. Нямецкія пяхотныя дывізіі налічвалі ад 14 да 16 тыс. чалавек. У стралковых дывізіях Чырвонай арміі было ад 6 да 8 тыс. чалавек.
На досвітку 22 чэрвеня 1941 г. нацысцкая Германія, вераломна парушыўшы дагавор аб ненападзенні, пачала вайну супраць СССР.
Вораг меў значную перавагу ў артылерыі і амаль двухкратную ў жывой сіле. Савецкія войскі саступалі германскай арміі па аснашчэнні новымі тыпамі танкаў, самалётаў і артылерыі.
Камандаванне германскага вермахта разлічвала знянацку нанесці магутныя рассякаючыя ўдары буйнымі танкавымі і матарызаванымі сіламі, акружыць і знішчыць галоўныя сілы Чырвонай арміі, а затым выйсці на лінію Архангельск — Волга і за 1,5–2 месяцы пераможна закончыць вайну.
На тэрыторыі Беларусі наступала нямецкая група армій «Цэнтр» (генерал-фельдмаршал Ф. фон Бок), у склад якой уваходзілі 4‑я і 9‑я палявыя арміі, 2‑я і 3‑я танкавыя групы, усяго 50 дывізій (у т. л. 15 танкавых і матарызаваных) і 2 матарызаваныя брыгады. Яе падтрымліваў 2‑і паветраны флот — 1 600 баявых самалётаў. Іх удар на граніцы прынялі на сябе 3 савецкія арміі: 3‑я (генерал-лейтэнант В. I. Кузняцоў, гродзенскі напрамак), 10‑я (генерал-маёр К. Д. Голубеў, Беластоцкі выступ) і 4‑я (генерал-маёр А. А. Карабкоў, брэсцкі напрамак). У паласе абароны 4‑й арміі вораг меў больш як пяцікратную перавагу ў жывой сіле, амаль трохкратную ў танках, больш як трохкратную ў артылерыі і двухкратную ў авіяцыі.
У першы дзень вайны адна з магутных груповак праціўніка прарвала абарону савецкіх войск на поўнач ад г. Гродна, другая — у раёне Брэста. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, гарады Беласток, Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя, нанесла цяжкія страты савецкім войскам.
Гераічна змагаліся пагранічнікі 17‑га Брэсцкага, 86‑га Аўгустоўскага, 87‑га Ломжынскага, 88‑га Шапятоўскага пагранічных атрадаў, савецкія лётчыкі. У першыя гадзіны вайны лётчыкі П. С. Рабцаў над Брэстам, А. С. Данілаў у раёне Гродна, С. М. Гудзімаў у раёне Пружан таранілі варожыя самалёты.
Самаахвярна змагаліся войскі 4‑й арміі. Каля раённага цэнтра Дамачова (цяпер гарадскі пасёлак Дамачава) Брэсцкай вобласці 235‑ы артылерыйскі полк 75‑й стралковай дывізіі 22 чэрвеня знішчыў 21 нямецкі танк і бронетранспарцёр, каля 600 захопнікаў; 23 чэрвеня на лініі Камянец — Жабінка — Вялікія Радванічы разгарнулася танкавая бітва супраць нямецкіх войск, у якой удзельнічалі часці 22‑й (генерал-маёр В. П. Пуганаў) і 30‑й (палкоўнік С. I. Багданаў) танкавых дывізій (Брэста абарона 1941 г.).
Гарнізон Брэсцкай крэпасці ў першы дзень вайны адбіў люты варожы штурм, прымусіўшы германскіх агрэсараў адступіць. Пачалася гераічная Брэсцкай крэпасці абарона 1941 г.
У выключна цяжкіх умовах вялі баі ў раёне Гродна і Беластока войскі 10‑й і 3‑й армій.
У раёне г. Ліда артылерысты 8‑й асобнай артылерыйскай процітанкавай брыгады (палкоўнік I. С. Стральбіцкі) на некалькі дзён затрымалі рух 12‑й нямецкай танкавай дывізіі і знішчылі каля 60 танкаў.
Неўміручыя подзвігі здзейснілі ў першыя дні вайны экіпажы капітана М. Ф. Гастэлы, капітана А. М. Аўдзеева, старшага лейтэнанта I. З. Прасайзена, лейтэнанта П. П. Страленкі — свае падбітыя самалёты яны накіравалі на вялікую колькасць варожай тэхнікі.
Цяжкія баі разгарнуліся ў раёне Мінска, дзе абарону трымалі 2‑і і 44‑ы стралковыя карпусы 13‑й арміі (генерал-лейтэнант П. М. Філатаў), у т. л. дывізіі 64‑я (палкоўнік С. I. Іаўлеў), 100‑я ордэна Леніна (генерал-маёр I. М. Русіянаў), 108‑я (генерал-маёр А. I. Маўрычаў) і 161‑я (палкоўнік А. I. Міхайлаў; гл. Мінска абарона 1941 г.). Але сілы былі няроўныя, вечарам 28 чэрвеня нямецкія танкі ўварваліся ў Мінск. Злучыўшыся ў раёне беларускай сталіцы, нямецкія танкавыя групоўкі генералаў Г. Гудэрыяна і Г. Гота замкнулі кальцо вакол войск 3‑й, 10‑й і часткі сіл 13‑й армій, якія гераічна змагаліся ў акружэнні да 8 ліпеня 1941 г., адцягваючы на сябе значныя сілы ворага (гл. Навагрудскі «кацёл»). Савецкім воінам, якія прабіваліся з варожага акружэння, дапамагалі прадстаўнікі ўсіх слаёў насельніцтва Беларусі, рызыкуючы ўласным жыццём (гітлераўцы расстрэльвалі людзей за дапамогу чырвонаармейцам).
У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1941 г. на р. Бярэзіна ў раёне г. Барысаў Мінскай вобласці абарону трымалі часці Маскоўскай мотастралковай дывізіі (палкоўнік Я. Р. Крэйзер), курсанты Барысаўскага танкавага вучылішча і зводная дывізія з воінаў, якія адышлі з раёна Мінска. Тры дні ў Барысаве і ўздоўж шашы Мінск — Масква ішлі цяжкія баі, у якіх з абодвух бакоў удзельнічала да 300 танкаў. У тыя ж дні жорсткія баі на пераправах праз Бярэзіну адбываліся каля г. Бабруйск і г. п. Беразіно Магілёўскай вобласці (цяпер Мінская вобласць). На бярэзінскім рубяжы гітлераўцы былі затрыманы на тэрмін ад 3 да 5 дзён.
Адступіўшы ад Барысава, 1‑я Маскоўская мотастралковая дывізія вяла баі на рубяжах рэк Нача, Бобр, Адроў і інш.; г. п. Талачын (цяпер горад) Віцебскай вобласці 8–9 ліпеня двойчы пераходзіў з рук у рукі; вораг страціў каля 60 танкаў, больш за 2 тыс. салдат і афіцэраў.
У пачатку ліпеня 1941 г. савецкае камандаванне прыняло меры па стварэнні лініі абароны па рэках Заходняя Дзвіна і Дняпро. Сюды былі перадыслацыраваны арміі: 19‑я (генерал-лейтэнант I. С. Конеў), 20‑я (генерал-лейтэнант П. А. Курачкін), 21‑я (генерал-лейтэнант В. П. Герасіменка), 22‑я (генерал-лейтэнант П. А. Ершакоў).
Жорсткія баі разгарнуліся на віцебскім напрамку. Дваццатая армія сіламі двух механізаваных карпусоў 6–10 ліпеня нанесла контрудар па войсках 3‑й танкавай групы ворага; 8 ліпеня пад канец дня праціўнік быў адкінуты на 30–40 км у напрамку г. Лепель Віцебскай вобласці (гл. Лепельскі контрудар 1941 г.). Прыкрываючы г. Віцебск, воіны 153‑й стралковай дывізіі (палкоўнік М. А. Гаген) падбілі каля 50 нямецкіх танкаў і знішчылі каля 500 гітлераўцаў (гл. Віцебска абарона 1941 г.). Разам з савецкімі войскамі горад абаранялі батальёны народнага апалчэння (гл. Віцебскае народнае апалчэнне 1941 г.).
Пад г. Орша Віцебскай вобласці 14 ліпеня ўпершыню ўдзельнічаў у баях дывізіён рэактыўных мінамётаў (капітан I. А. Флёраў).
Выключна напружаныя баі ішлі на Дняпры, асабліва ў раёне г. Магілёў, дзе абарону трымалі злучэнні 61‑га стралковага корпуса (генерал-маёр Ф. А. Бакунін) 13‑й арміі. Магілёў абараняла 172‑я дывізія (генерал-маёр М. Ц. Раманаў) і атрады народнага апалчэння (гл. Магілёва абарона 1941 г., Магілёўскае народнае апалчэнне 1941 г., Буйніцкае поле).
Гомельскі напрамак прыкрывала 21‑я армія, злучэнні якой у ліпені ўпартай абаронай і контрударамі спынілі гітлераўцаў і на шэрагу ўчасткаў фронту прымусілі іх адступіць. На бабруйскім напрамку 13 ліпеня 63‑і стралковы корпус (камкор Л. Р. Пятроўскі) нанёс контрудар, у ходзе якога фарсіраваў Дняпро, вызваліў гарады Жлобін і Рагачоў Гомельскай вобласці (гл. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 г.).
Цяжкія баі супраць асноўных сіл 2‑й нямецкай арміі ішлі 12–19 жніўня пры абароне г. Гомель (гл. Гомеля абарона 1941 г., Гомельскі полк народнага апалчэння).
Разам з пехацінцамі, танкістамі і лётчыкамі з варожай навалай на тэрыторыі Беларусі да канца жніўня 1941 г. гераічна змагаліся маракі Пінскай рачной ваеннай флатыліі.
Да пачатку восені 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі (4 верасня захоплены апошні раённы цэнтр — г. п. Лельчыцы Палескай вобласці, цяпер Гомельская вобласць).
Цяжкія, больш як двухмесячныя абарончыя баі савецкіх войск на тэрыторыі Беларусі (гл. Абарончая аперацыя на Беларусі 1941 г., Смаленская бітва 1941 г.) садзейнічалі зрыву варожага плана «маланкавай вайны», далі магчымасць Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання сканцэнтраваць рэзервы і правесці абаронныя мерапрыемствы на маскоўскім напрамку.
Камуністычная партыя і Савецкі ўрад 22 чэрвеня 1941 г. заклі́калі народ даць адпор агрэсару і выказалі цвёрдую ўпэўненасць у перамозе над ворагам.
Выконваючы ўказанні ЦК ВКП(б), Кампартыя Беларусі мабілізавала працоўных рэспублікі на адпор ворагу. Работа партыйных, савецкіх, гаспадарчых і грамадскіх арганізацый перабудоўвалася ў адпаведнасці з задачамі ваеннага часу. У чэрвені — жніўні 1941 г. у Чырвоную армію з Беларусі мабілізавана больш за 500 тыс. чалавек, з якіх пазней было сфарміравана каля 30 вайсковых часцей. Па агульнай і партыйнай мабілізацыі ў дзеючую армію з Беларусі паслана 26,5 тыс. камуністаў і 110 тыс. камсамольцаў (гл. Мабілізацыя). Тысячы добраахвотнікаў прасілі накіраваць іх у дзеючыя войскі.
Акрамя мабілізацыі людскіх рэсурсаў, у комплекс мерапрыемстваў пачатковага перыяду вайны ўваходзілі перадача ў дзеючую армію гужавога і аўтатранспарту, абсталявання машынна-трактарных станцый (МТС), запасаў фуражу, а таксама перавод на ваенны графік працы чыгунак. Нават у Мінску, нягледзячы на цяжкае становішча, у якім апынулася сталіца неўзабаве пасля пачатку баявых дзеянняў, часці Заходняга фронту атрымалі ў сваё распараджэнне 700 аўтамашын і трактароў і каля 20 тыс. абозных коней. З усходніх раёнаў рэспублікі на аснашчэнне Чырвонай арміі перададзена 2,5 тыс. аўтамашын, 35,8 тыс. коней і 23,1 тыс. вазоў. Для харчовага забеспячэння дзеючай арміі нарыхтавана 36 тыс. галоў жывёлы, 20 тыс. т фуражу і харчовых запасаў. Мабілізацыйныя мерапрыемствы, праведзеныя на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г., унеслі вялікі ўклад у скарбонку будучай перамогі.
Паводле Дырэктывы ЦК КП(б)Б ад 23 чэрвеня 1941 г. пад кіраўніцтвам партыйных арганізацый з непадлеглых прызыву добраахвотнікаў да 15 ліпеня для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі сфарміравана 78 знішчальных батальёнаў (больш за 13 тыс. чалавек).
У Дырэктыве СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29 чэрвеня 1941 г. партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей намечана праграма мабілізацыі сіл краіны на барацьбу з ворагам, якую выклаў у выступленні па радыё 3 ліпеня 1941 г. Старшыня Дзяржаўнага камітэта абароны I. В. Сталін. Яна заклі́кала народы СССР згуртавацца вакол Камуністычнай партыі і ўзняцца на ўсенародную Айчынную вайну супраць фашысцкіх захопнікаў, вызначыла яе справядлівыя мэты.
У адпаведнасці з Дырэктывай СНК БССР і ЦК КП(б)Б ад 6 ліпеня 1941 г. ва ўсходніх абласцях БССР створана больш за 200 фарміраванняў народнага апалчэння (больш як 33 тыс. чалавек).
Амаль да поўнай акупацыі рэспублікі на патрэбы фронту працавалі прамысловыя прадпрыемствы ўсходніх абласцей. Так, гомельскія заводы «Гомсельмаш» і «Рухавік рэвалюцыі» наладзілі рамонт баявой тэхнікі і выпуск мінамётаў, лесакамбінат і завод імя С. М. Кірава асвоілі вытворчасць процітанкавых мін, запалкавая фабрыка «Везувій» — ручных гранат. Прадукцыю для фронту выпускалі і іншыя прадпрыемствы. Партыйныя, савецкія, грамадскія арганізацыі БССР у складаных умовах праводзілі эвакуацыю ў тыл насельніцтва, матэрыяльных і культурных каштоўнасцей.
Летам і восенню 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі акупіравалі значную частку еўрапейскай тэрыторыі СССР, блакіравалі Ленінград, выйшлі на бліжэйшыя подступы да Масквы, прарваліся да г. Растоў. Але ворагу не ўдалося ажыццявіць асноўны стратэгічны план — разбіць Чырвоную армію і захапіць Маскву. У цяжкіх баях савецкія ўзброеныя сілы нанеслі нямецка-фашысцкім войскам вялікія страты і захавалі сваю баяздольнасць. Быў выйграны час і створаны ўмовы для пераходу ў контрнаступленне, якое пачалося 5–6 снежня 1941 г. пад Масквой і перарасло ў агульнае зімовае наступленне 1941–1942 гг. на фронце ад Ленінграда да Чорнага мора. У выніку Чырвоная армія адкінула ворага на 150–400 км.
У лютым 1942 г. перадавыя часці Калінінскага фронту на віцебскім напрамку ўступілі на тэрыторыю Беларусі і вызвалілі яе першыя населеныя пункты, але пазней лінія фронту стабілізавалася на тэрыторыі памежных з Беларуссю раёнаў Расіі за 80 км ад Віцебска (гл. Маскоўская бітва 1941–1942 гг., Віцебскія «вароты»).
У бітве пад Масквой савецкія войскі ўпершыню ў Другой сусветнай вайне нанеслі цяжкае паражэнне нямецка-фашысцкай арміі і развеялі міф аб яе непераможнасці. Гітлераўскі план «маланкавай вайны» быў канчаткова сарваны, у ворага вырвана стратэгічная ініцыятыва, адбыўся рашучы паварот ваенных падзей на карысць СССР.
Скарыстаўшыся адсутнасцю другога фронту ў Еўропе, нямецкае камандаванне летам 1942 г. сканцэнтравала на поўдні вялікія сілы і 28–30 чэрвеня 1942 г. пачало наступленне з мэтай акружыць і разбіць на захад ад р. Дон савецкія войскі, прарвацца да Волгі, развіць наступленне на Паўночны Каўказ і ў выніку дамагчыся пералому ў вайне на сваю карысць. Пасля цяжкіх абарончых баёў войскі Чырвонай арміі 19 лістапада 1942 г. пачалі контрнаступленне каля г. Сталінград, акружылі і знішчылі асноўныя сілы 6‑й і 4‑й танкавых нямецкіх армій (330 тыс. чалавек). У час Сталінградскай бітвы 1942–1943 гг. вораг страціў каля 1,5 млн чалавек, разгромлены 2 нямецкія, 2 румынскія і італьянская арміі.
Перамога пад Сталінградам з’явілася пачаткам карэннага пералому ў ходзе Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Пачалося масавае выгнанне акупантаў з савецкай зямлі.
У зімнюю кампанію 1943 г. Чырвоная армія адкінула праціўніка ад Волгі і Церака на 600–700 км, вызваліла Паўночны Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобласці, значную частку Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвала блакаду Ленінграда.
Каб вярнуць стратэгічную ініцыятыву, нямецка-фашысцкія войскі пачалі 5 ліпеня 1943 г. наступленне ў раёне г. Курск. Савецкія войскі наўмыснай абаронай абяскровілі ўдарныя групоўкі нямецкіх войск і перайшлі ў контрнаступленне.
Перамога Чырвонай арміі ў Курскай бітве 1943 г. (разгромлена 30 дывізій, вораг страціў каля 500 тыс. чалавек) азначала крах наступальнай стратэгіі нямецкага вярхоўнага камандавання і завяршэнне карэннага пералому ў Вялікай Айчыннай вайне.
У 1943 г. Чырвоная армія вызваліла амаль ⅔ акупіраванай савецкай тэрыторыі, нямецка-фашысцкія войскі вымушаны былі перайсці да стратэгічнай абароны па ўсім фронце. Склаліся ўмовы для пачатку вызвалення Беларусі.
Беларускі народ навечна занесены ў спіс тых народаў, якія ўнеслі свой неацэнны ўклад у перамогу над нацызмам.
З першага і да апошняга дня вайны беларусы, ураджэнцы і жыхары Беларусі вялі ўзброеную барацьбу на акупіраванай тэрыторыі і за яе межамі, у рэгулярных часцях Чырвонай арміі, на ўсіх франтах Другой сусветнай вайны — усюды, дзе ішлі бітвы з захопнікамі.
Вайна амаль для паловы насельніцтва Беларусі пачалася 1 верасня 1939 г. У польскім войску напярэдадні вайны праходзілі абавязковую ваенную службу больш за 10 тыс. чалавек — жыхароў Заходняй Беларусі; не менш як 100 тыс. чалавек былі прызваны ў працэсе мабілізацыі.
Прыкладна 70 тыс. жыхароў Беларусі былі прызваны ў Чырвоную армію ў 1940–1941 гг. Пэўная частка з іх летам — восенню 1940 г. дэмабілізавана. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, паводле афіцыйных звестак, на тэрыторыі Беларусі прызвана па мабілізацыі ў Чырвоную армію 500 тыс. чалавек. З восені 1943 г. (пачатак вызвалення Беларусі) да мая 1945 г. ва ўзброеныя сілы ўлілося яшчэ больш за 700 тыс. жыхароў рэспублікі.
Такім чынам, ва Узброеных Сілах СССР змагалася больш за 1,3 млн беларусаў, ураджэнцаў і жыхароў Беларусі як радавымі байцамі, так і на камандных пасадах рознага ўзроўню.
На ўсіх франтах Вялікай Айчыннай вайны нашы землякі праяўлялі мужнасць і гераізм, высокую воінскую падрыхтоўку. Шматлікія прыклады сведчаць, што беларусы і ўраджэнцы Беларусі з першых дзён вайны мужна і гераічна змагаліся пры абароне Беларусі, пад Смаленскам, у бітвах пад Масквой, Ленінградам і Сталінградам, на Курскай дузе і ва Украіне, у Прыбалтыцы і Запаляр’і, на марскіх акваторыях і ў паветранай прасторы.
Ужо ў 1941 г. 9 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі (А. К. Антоненка, М. Ф. Гастэла, С. А. Гарэлік, Л. М. Даватар, І. А. Каўшараў, А. І. Лізюкоў, Л. З. Муравіцкі, К. Н. Осіпаў і Б. Л. Хігрын) за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў цяжкіх баях, удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Лётчык, ураджэнец Віцебшчыны, капітан А. К. Антоненка ў першыя дні вайны збіў 4 варожыя самалёты, а затым на працягу месяца — яшчэ 7. Капітан М. Ф. Гастэла накіраваў свой збіты ворагам палаючы бамбардзіроўшчык у скопішча нямецкіх танкаў і бронемашын, якія прарываліся ў Мінск з паўночнага боку. Масавай з’явай у гады вайны стаў паветраны таран. Яго здзейснілі экіпажы 598 самалётаў, сярод гэтых герояў былі 32 нашы землякі.
Чатыры разы ўдалося здзейсніць паветраны таран толькі аднаму лётчыку ў свеце — беларусу Б. І. Коўзану. На баявым рахунку героя 127 паветраных баёў і 28 збітых варожых самалётаў.
У барацьбе з захопнікамі ўмела ваявалі снайперы-беларусы. Пры абароне Ленінграда вызначыўся 18‑гадовы Ф. А. Смалячкоў, ураджэнец Магілёўшчыны. На яго баявым рахунку 125 знішчаных захопнікаў; на рахунку беларусаў Л. У. Буткевіча і Г. І. Вялічкі адпаведна па 315 і 330 салдат і афіцэраў праціўніка. Усе трое атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. За праяўленыя мужнасць і гераізм у баях у час Курскай бітвы 1943 г. гэтага звання ўдастоены 40 беларусаў. Сярод іх камандзір узвода супрацьтанкавых ружжаў ураджэнец Гомельшчыны П. І. Шпетны падбіў у адным баі 6 варожых танкаў. У небе на Курскай дузе лётчык-знішчальнік А. К. Гаравец адзін рынуўся на армаду нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў і, паводле звестак савецкага боку, збіў 9 з іх (адзіны савецкі лётчык, які збіў у адным баі столькі самалётаў ворага). У час вяртання на свой аэрадром герой загінуў у баі з нямецкімі знішчальнікамі.
Мужнасць, адвагу і гераізм праяўлялі не толькі мужчыны-беларусы, нароўні з імі былі і жанчыны-беларускі. Імёны Герояў Савецкага Саюза (сувязісткі А. К. Стампкоўскай, якая вызначылася ў баях пад г. Белгарад, і лётчыцы П. У. Гельман), а таксама лётчыцы Г. І. Дакутовіч добра вядомыя ў Беларусі.
Вялікую ролю ў барацьбе з ворагам адыгралі медыцынскія работнікі, якія ратавалі сотні тысяч параненых і хворых у час Вялікай Айчыннай вайны. Пяць беларусак-франтавічак (М. А. Гарачук, С. В. Галухава, С. А. Кунцэвіч, З. М. Тусналобава-Марчанка і К. Я. Сірэнка) узнагароджаны Міжнародным Камітэтам Чырвонага Крыжа медалём «Флорэнс Найтынгейл», у гонар нацыянальнай гераіні Вялікабрытаніі, першай сястры міласэрнасці і грамадскай дзяячкі, якая ратавала жыццё параненых і хворых.
Беларусы і ўраджэнцы Беларусі складаюць значную кагорту сярод вядомых савецкіх военачальнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Яны годна паказалі сябе на розных камандных пасадах у арміі і на флоце. Па колькасным складзе беларусы займалі 3‑е месца (пасля рускіх і ўкраінцаў) сярод генеральскага, афіцэрскага, сяржанцкага і радавога складу ўзброеных сіл краіны. Усяго на франтах ваявалі каля 400 генералаў і адміралаў з ліку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Два беларусы камандавалі франтамі (Ф. І. Кузняцоў і В. Д. Сакалоўскі), 5 з’яўляліся членамі ваенных саветаў франтоў (Я. Я. Кашчэеў, Д. А. Гапановіч, І. А. Арлоў, Т. Ф. Штыкаў, Ф. П. Якаўлеў), 7 чалавек у розны час былі начальнікамі штабоў франтоў (А. І. Антонаў, У. Р. Вашкевіч, У. С. Галушкевіч, А. А. Кацнэльсан, К. А. Каваленка, С. І. Любарскі, Б. А. Пігарэвіч).
На франтах Вялікай Айчыннай вайны беларусы і ўраджэнцы Беларусі ваявалі на пасадах камандуючых арміямі (23 чалавекі), начальнікаў штабоў армій (23 чалавекі), камандзіраў карпусоў у складзе армій і франтоў (52 чалавекі, 8 з якіх камандавалі механізаванымі і танкавымі карпусамі), дывізій і брыгад (150 чалавек).
Каля 200 генералаў (адміралаў) беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзначальвалі розныя службы ў Цэнтральным апараце Народнага камісарыята абароны, на франтах, у арміях, карпусах (ваенна-паветраныя сілы, супрацьпаветраная абарона, артылерыя, бранятанкавыя войскі, сувязь, інжынерныя, інтэнданцкія, хімічныя, ваенных паведамленняў, кавалерыя, медыцынскія і інш.).
У гады Вялікай Айчыннай вайны 15 адміралаў — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі — ваявалі ў складзе Ваенна-марскога флоту (ВМФ) СССР.
На марскіх прасторах Балтыкі праславіўся віцэ-адмірал В. П. Дрозд, ураджэнец г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобласці. Пад яго камандаваннем восенню 1941 г. караблі Балтыйскага флоту здзейснілі смелы прарыў з г. Талін у г. Кранштат, выратавалі і пераправілі на Ленінградскі фронт абаронцаў паўвострава Ханка. Адважны адмірал загінуў у студзені 1943 г. на лядовай трасе ў Фінскім заліве Балтыйскага мора каля Кранштата Ленінградскай вобласці (цяпер у складзе г. Санкт-Пецярбург, Расія).
Дзвюма флатыліямі ВМФ камандавалі нашы землякі — контр-адміралы П. А. Трайнін і Г. М. Халасцякоў. Два беларусы — контр-адміралы П. М. Бандарэнка і М. А. Торык — былі начальнікамі палітупраўленняў Чарнаморскага і Паўночнага флатоў адпаведна. Контр-адмірал беларус В. Е. Ананьіч з’яўляўся членам Ваеннага савета Беламорскай ваеннай флатыліі. Контр-адміралы М. П. Скрыганаў і Г. І. Міхалькоў узначальвалі ваенна-марскія базы, А. Р. Арлоў усю вайну ўзначальваў Тэхнічнае ўпраўленне ВМФ. У Галоўным штабе ВМФ у гады вайны служылі адміралы К. І. Сакольскі і М. І. Цвяткоў. Контр-адмірал-інжынер П. Ф. Папковіч займаўся навуковай дзейнасцю ў галіне караблебудавання.
Каля 30 генералаў-беларусаў працавалі выкладчыкамі ваенных акадэмій, сумяшчаючы навуковую працу з франтавой практыкай. Больш за 20 генералаў з ліку нашых землякоў узначальвалі тылавыя службы войскаў, 5 чалавек кіравалі ваеннымі заводамі; 4 генералы былі начальнікамі войск сувязі франтоў. Многія генералы-беларусы ўзначальвалі санітарныя і ветэрынарныя аддзелы штабоў франтоў і армій.
У пасляваенны перыяд многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі, якія ваявалі на розных камандных і штабных пасадах, працягвалі службу ва Узброеных Сілах СССР і атрымалі вышэйшыя воінскія званні. Сярод іх імёны Маршалаў Савецкага Саюза В. Д. Сакалоўскага і І. І. Якубоўскага, генералаў арміі І. І. Гусакоўскага, Я. П. Іваноўскага, В. А. Пянькоўскага, П. І. Івашуціна, В. П. Маргелава, І. Я. Шаўрова, маршалаў авіяцыі С. А. Красоўскага, І. І. Пстыга.
Каля 30 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі сталі адміраламі ў гады вайны і пасля яе заканчэння. Сярод іх — С. Б. Вярхоўскі, С. С. Воркаў, А. І. Гурын, П. С. Дронін, У. С. Дзянісаў, М. Б. Паўловіч, І. Д. Снітко, К. І. Сакольскі, М. І. Цвяткоў і інш. Імёнамі многіх генералаў і адміралаў названы вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў і вёсак, ім пастаўлены помнікі, прысвечаны кнігі, экспазіцыі ў музеях.
Значны працэнт беларусаў быў сярод афіцэрскага складу ваенна-паветраных і бранятанкавых часцей. Так, сярод афіцэраў Ваенна-Паветраных Сіл СССР да канца 1943 г., акрамя рускіх, якія складалі асноўную частку, служыла: украінцаў — больш за 28 тыс., беларусаў — больш за 5 тыс., больш за тысячу армян, каля тысячы татараў, 800 грузін, 400 чувашоў, 300 мардвінаў, 25 асецін і г. д. Сярод афіцэраў бранятанкавых войскаў, акрамя рускіх, налічвалася: украінцаў — больш за 4 тыс., беларусаў — больш за 2,5 тыс., 830 татараў, 270 грузін, 270 мардвінаў, 250 чувашоў, 136 казахаў, 106 азербайджанцаў, 109 башкіраў, 103 асеціны, 75 узбекаў.
Нацыянальны склад асобных воінскіх часцей, злучэнняў і аб’яднанняў таксама адлюстроўваў народнае адзінства. Сярод воінаў 200 стралковых дывізій (больш за 1 млн чалавек у 1943–1944) рускіх было да 65 %, украінцаў — да 12 % у 1943 г. і да 22 % у 1944 г., беларусаў — да 3 %. Доля ўзбекаў, казахаў, татараў, грузін, армян, азербайджанцаў складала ад 1,5 да 2,5 % (па кожнай з названых нацый). Яўрэі, мардва, эстонцы, чувашы складалі (кожная нацыя) каля 1–1,5 %. Доля кожнай з астатніх нацый і народнасцей была ніжэй за адзін працэнт. З прыведзеных лічбаў вынікае, што беларусы і ўраджэнцы Беларусі па колькасці і ў працэнтных адносінах займалі прыкладна трэцяе месца сярод удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Уклад Беларусі ў Перамогу ў пэўнай ступені характарызуюць і такія паказчыкі, як колькасць удастоеных вышэйшых узнагарод, ордэнаў і медалёў СССР і іншых краін. Па звестках газеты «Правда» ад 21 снежня 1944 г., прадстаўнікі 172 нацыянальнасцей і народнасцей СССР былі ўзнагароджаны баявымі ўзнагародамі і медалямі. Сярод іх на той перыяд былі: 2 183,3 тыс. рускіх, 441,8 тыс. украінцаў, 111,3 тыс. беларусаў, 59,5 тыс. татараў, 59 тыс. яўрэяў, 34,3 тыс. казахаў, 24,9 тыс. армян, 24,2 тыс. узбекаў, 19,3 тыс. башкіраў, воіны іншых народаў. За ўвесь перыяд вайны званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена 11 525 воінам і партызанам. Сярод узнагароджаных прадстаўнікі 195 нацыянальнасцей і народнасцей. Сярод Герояў Савецкага Саюза нашы землякі па колькасці таксама на трэцім месцы пасля рускіх і ўкраінцаў.
За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 300 тыс. воінаў-беларусаў узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі; 475 воінаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Чацвёра з іх — лётчык П. Я. Галавачоў, танкісты І. І. Гусакоўскі, С. Ф. Шутаў, І. І. Якубоўскі — удастоены гэтага звання двойчы. Поўнымі кавалерамі ордэна Славы сталі 74 воіны-беларусы і ўраджэнцы Беларусі.
У гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі прымалі ўдзел у барацьбе супраць нацызму ў складзе войск заходніх дзяржаў — саюзнікаў Савецкага Саюза па антыгітлераўскай кааліцыі. Яны ваявалі ў складзе ўзброеных сіл Польшчы, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША. Найбольшая колькасць беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі знаходзілася ў польскіх вайсковых фарміраваннях, якія ў складзе ўзброеных сіл краін Захаду, у першую чаргу Вялікабрытаніі, вялі барацьбу з германскімі войскамі.
Па розных прычынах знаходзячыся далёка ад роднай зямлі, беларусы і ўраджэнцы Беларусі, якія змагаліся ў шэрагах войск саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі, заўсёды памяталі пра радзіму і заставаліся адданымі ёй да канца. Напрыклад, салдат 5‑й крэсавай дывізіі арміі генерала У. Андэрса [М.] Цімафейчык у 1945 г. пісаў сваім сябрам: «І хоць лёс закінуў нас далёка ад радзімы, і мы знаходзімся ў чужым нам войску, мы заўсёды будзем верныя Беларусі і прысязе, прынятай перад тварам беларускага народа...»
Беларусы, якія ўступілі ў польскія ўзброеныя сілы на Захадзе ў 1943–1945 гг., удзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць гітлераўцаў на тэрыторыі Італіі і Францыі. Так, ураджэнец в. Залессе Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці [Т.] Іваноў у 1943 г. быў вывезены гітлераўцамі на прымусовыя работы ў Германію, пазней у Італію. У г. Неапаль, дзе ён знаходзіўся, 1 кастрычніка 1943 г. увайшлі войскі Вялікабрытаніі і ЗША. У маі 1944 г. [Т.] Іваноў паступіў на службу ў 2‑і Польскі корпус генерала У. Андэрса, які дзейнічаў у складзе 8‑й брытанскай арміі, і быў залічаны ў 3‑ю дывізію карпацкіх стралкоў. У складзе гэтай дывізіі [Т.] Іваноў прымаў удзел у вызваленні Італіі, за што быў удастоены брытанскіх і польскіх узнагарод.
Сярод ураджэнцаў Беларусі, якія ўступілі ў польскія ўзброеныя сілы на Захадзе ў 1945 г., знаходзіўся [Я.] Парфёнаў, які ў 1943–1944 гг. змагаўся ў партызанскім атрадзе на Браслаўшчыне. Барацьбу з фашыстамі ён працягнуў ужо на тэрыторыі Італіі ў складзе 2‑й танкавай дывізіі 2‑га Польскага корпуса, куды быў залічаны 14 студзеня 1945 г.
Ураджэнец Мядзельшчыны А. Дунец трапіў у нямецкі палон у 1939 г. Летам 1944 г. у Францыі, пасля вызвалення войскамі саюзнікаў, уступіў у французскія парашутныя часці, быў пераведзены ў Італію і ўключаны ў склад 2‑га Польскага корпуса. У складзе 3‑га палка супрацьтанкавай артылерыі прымаў удзел у баях на поўначы Італіі.
Мужна змагаліся беларусы і ў шэрагах Войска Польскага, створанага ў 1943–1944 гг. у СССР. За перыяд баявых дзеянняў Войска Польскае страціла 17 572 чалавекі загінуўшымі і прапаўшымі без вестак; сярод іх — 4 687 ураджэнцаў Беларусі. У ліку загінуўшых і камандзір 5‑й пяхотнай дывізіі генерал А. А. Вашкевіч, які ў канцы красавіка 1945 г. быў цяжка паранены, патрапіў у варожы палон і па-зверску закатаваны. Яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Асобнай старонкай гісторыі барацьбы супраць гітлерызму з’яўляецца ўдзел ураджэнцаў Беларусі ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Найбольш шырокі размах барацьба супраць акупантаў у выглядзе партызанскага і падпольнага руху набыла ў Францыі, Югаславіі, Польшчы, Чэхаславакіі і іншых дзяржавах, заняволеных Германіяй. Дзейнасць партызан і падпольшчыкаў наносіла значны ўрон войскам Германіі і яе саюзнікаў. Апынуўшыся ў гады вайны далёка ад радзімы, беларусы і ўраджэнцы Беларусі прымалі ў гэтай барацьбе актыўны ўдзел. Большасць з іх складалі савецкія ваеннапалонныя, а таксама тыя, хто быў сагнаны на прымусовыя работы ў Германію і ў заняволеныя ёю еўрапейскія краіны. За ўвесь перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў складзе еўрапейскага руху Супраціўлення змагалася да 40 тыс. савецкіх грамадзян. Сярод іх знаходзілася значная колькасць беларусаў і выхадцаў з Беларусі.
Актыўнымі падпольнымі цэнтрамі Супраціўлення, створанымі пры ўдзеле беларусаў у лагерах ваеннапалонных, былі групы вязняў Асвенцыма, Дахау, Маўтхаўзена, Бухенвальда, Заксенхаўзена і інш. Усяму свету вядома імя выдатнага ваеннага інжынера-фартыфікатара, доктара ваенных навук і прафесара генерал-лейтэнанта Д. М. Карбышава, значная частка жыцця якога была звязана з Беларуссю. Трапіўшы ў палон, ён узначаліў барацьбу няскораных у канцлагеры Хамельбург, быў адным з кіраўнікоў падполля. Пасля разгрому падпольных груп у Хамельбургу Д. М. Карбышаў быў пераведзены ў лагер Маўтхаўзен, дзе ў лютым 1945 г. эсэсаўцы насмерць замарозілі яго, паліваючы ледзяной вадой. Стойкасць і мужнасць гэтага патрыёта ўвасабляюць подзвігі многіх тысяч савецкіх вязняў, якія не сталі на калені перад ворагам і да апошняга ўздыху засталіся вернымі Радзіме.
Пасля гібелі Д. М. Карбышава падпольную арганізацыю ў Маўтхаўзене ўзначаліў ураджэнец г. Чавусы Магілёўскай вобласці савецкі разведчык Л. Я. Маневіч. У снежні 1936 г. ён быў арыштаваны і італьянскім асобым трыбуналам прыгавораны да 12 гадоў зняволення, якое адбываў у фашысцкіх турмах і канцлагерах. У 1943 г. перададзены гітлераўцам і ўтрымліваўся ў канцлагерах Маўтхаўзен, Мельк і Эбензее. Апынуўшыся ў лагерах, працягваў антыфашысцкую дзейнасць, падтрымліваў сувязі з антыфашыстамі іншых краін, арганізоўваў вязняў на актыўную барацьбу з ворагам. З набліжэннем фронту да лагера вязнямі Эбензее быў распрацаваны план паўстання. Зняволеныя рыхтавалі зброю — самаробныя нажы, дубінкі, калы. Ва ўдарную групу ўключаліся самыя надзейныя, фізічна яшчэ моцныя людзі, здольныя па сігнале кінуцца на ахову і канваіраў. «Калі набліжаўся дзень вызвалення, — успамінаў чэшскі патрыёт Д. Барта, — эсэсаўцы вырашылі знішчыць пагалоўна ўсіх вязняў Эбензее. Для гэтага імі быў распрацаваны нялюдскі план: нібыта ратуючы вязняў ад бамбёжак авіяцыі саюзнікаў, загнаць зняволеных у штольні шахты і падарваць іх. Пачуўшы загад каменданта лагера спусціцца туды, каб “перачакаць небяспеку”, наперад выйшаў Маневіч-Старасцін і рашуча заявіў, што вязні не пойдуць у штольні». Па сігнале Л. Я. Маневіча зняволеныя, кінуўшыся на канваіраў, захапілі лагер. Гэта адбылося яшчэ да таго, як танкі саюзнікаў увайшлі ў Эбензее. Палкоўнік Л. Я. Маневіч пражыў пасля гэтага яшчэ некалькі дзён, ён памёр ад цяжкай хваробы 9 мая 1945 г. З ушанаваннямі пахавалі яго баявыя сябры па агульнай барацьбе ў г. Лінц, не ведаючы тады сапраўднага імя савецкага разведчыка, які хаваўся ў лагеры пад імем памерлага таварыша Якава Старасціна. За мужнасць і доблесць, праяўленыя пры выкананні спецыяльных заданняў Савецкага ўрада напярэдадні Другой сусветнай вайны і ў барацьбе з фашызмам, у 1965 г. Л. Я. Маневічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У шэрагах французскіх патрыётаў змагаліся з фашызмам не менш як 100 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Унікальнай з’явай у гісторыі руху французскага Супраціўлення з’явілася дзейнасць жаночага савецкага партызанскага атрада «Радзіма», камандзірам якога была Н. І. Лісавец, былая партызанская сувязная з Мінска.
Многія нашы землякі — удзельнікі французскага руху Супраціўлення — аддалі сваё жыццё за свабоду Францыі. Сярод іх ураджэнец Слаўгарадскага раёна лейтэнант Ф. Ф. Кажамякін, які загінуў 8 верасня 1944 г. Ён далучыўся да французскіх партызан вясной 1944 г. разам з групай савецкіх ваеннапалонных, якія ўцяклі з гітлераўскага палону. Ф. Ф. Кажамякін быў пасмяротна прадстаўлены баявымі таварышамі-французамі да ўзнагароджання вышэйшай узнагародай Францыі — ордэнам Ганаровага легіёна.
У 1944 г. падчас баявой акцыі партызан у дэпартаменце Марбіян загінуў беларус І. Кісялёў.
У складзе бельгійскага руху Супраціўлення змагалася група савецкіх ваеннапалонных, якія ўцякалі да партызан з лагераў. Сярод яе кіраўнікоў быў ураджэнец Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці лейтэнант А. [В.] Варанкоў. У 1944 г. ён стаў начальнікам штаба створанай з грамадзян СССР партызанскай брыгады «За Радзіму». У складзе бельгійскіх патрыётаў таксама змагаліся з ворагам многія іншыя выхадцы з Беларусі. Пасля вызвалення Бельгіі А. [В.] Варанкоў разам з 30 савецкімі партызанамі быў адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі бельгійскай арміі.
Ураджэнцы Беларусі ўдзельнічалі ў партызанскім руху на тэрыторыі Чэхаславакіі. Камандзірам партызанскай брыгады імя Клемента Готвальда быў ураджэнец Лепельскага раёна В. А. Квіцінскі. Пасля вайны ён быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза; жыхары славацкай в. Чорная Лягота абралі яго ганаровым грамадзянінам.
На зямлі Славакіі змагаўся жыхар Гомеля Б. П. Калач, якому прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Ураджэнец Мсціслаўскага раёна С. І. Ксянзоў быў начальнікам штаба партызанскай брыгады імя Яна Налепкі. За ўдзел у баявых дзеяннях партызан урад Чэхаславакіі ўзнагародзіў яго Ваенным крыжам Белага льва і медалём «Народны партызан Чэхаславакіі».
Пасмяротна такімі ж узнагародамі быў адзначаны П. Зуйковіч (Зуйкевіч) з Ганцавіцкага раёна, які гераічна загінуў на чэхаславацкай зямлі (на яго целе было знойдзена 48 кулявых ран).
Беларусы і ўраджэнцы Беларусі мужна змагаліся ў шэрагах італьянскіх партызан-антыфашыстаў. Актыўнымі ўдзельнікамі антыфашысцкага руху ў Італіі былі: абаронца Брэсцкай крэпасці пагранічнік Р. Ц. Ерамееў і 16‑гадовы ўраджэнец в. Сідаравічы Магілёўскай вобласці М. С. Фралоў, які за ўдзел у баявых аперацыях італьянскіх партызан атрымаў падзяку ад гарыбальдыйцаў у выглядзе «Пасведчання патрыёта».
Удзел беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў барацьбе супраць гітлерызму ў складзе рэгулярных савецкіх войск і войск саюзнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі, а таксама ў шэрагах еўрапейскага руху Супраціўлення — сведчанне стойкасці, мужнасці і гераізму нашых суайчыннікаў, іх неацэннага ўкладу ў барацьбу з фашызмам.
На захопленай ворагам тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму разгарнулася ўсенародная барацьба супраць акупантаў. У Беларусі, як і ў іншых захопленых раёнах, гітлераўцы праводзілі распрацаваную імі праграму эксплуатацыі гэтых акупіраваных тэрыторый, састаўной часткай якой былі чалавеканенавісніцкія планы масавага знішчэння савецкіх людзей. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы стварылі больш за 260 лагераў смерці, правялі больш як 140 буйных карных аперацый, знішчалі вёскі разам з насельніцтвам, цэлыя раёны ператварылі ў «зоны пустынь» (гл. Населеныя пункты Беларусі, знішчаныя разам з жыхарамі ў 1941–1944 гг. нямецка-фашысцкімі захопнікамі). За час акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі на Беларусі больш за 2,2 млн савецкіх грамадзян (у т. л. ваеннапалонных), вывезлі на катаржныя работы ў Германію каля 380 тыс. чалавек.
Гераічную ўсенародную барацьбу беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў узначальвала Камуністычная партыя Беларусі — баявы атрад КПСС. У адпаведнасці з Дырэктывай СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29 чэрвеня 1941 г. партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей былі прыняты Дырэктыва ЦК КП(б)Б № 1 ад 30 чэрвеня 1941 г. «Аб пераходзе на падпольную работу партарганізацый раёнаў, занятых ворагам» і Дырэктыва ЦК КП(б)Б № 2 ад 1 ліпеня 1941 г. партыйным, савецкім і камсамольскім арганізацыям па разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага. Пад кіраўніцтвам Цэнтральнага Камітэта КП(б)Б абкамы і райкамы партыі ў ліпені — жніўні 1941 г. на неакупіраванай тэрыторыі БССР вялі падрыхтоўку да падпольнай і партызанскай барацьбы. ЦК і абкамы КП(б)Б пакінулі на месцах для арганізацыі падполля і партызанскай барацьбы 1 215 камуністаў; ствараліся абласныя і раённыя партыйныя камітэты, цэнтры, тройкі; усяго ў 1941 г. на акупіраванай тэрыторыі было пакінута каля 8 тыс. камуністаў. Асноўную ролю ў развіцці партыйнага падполля і разгортванні партызанскага руху сыграла пастанова ЦК ВКП(б) ад 18 ліпеня 1941 г. «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск».
У 1941 г. на акупіраванай тэрыторыі БССР дзейнічалі ў падполлі 3 абласныя, 2 гарадскія і 20 раённых камітэтаў КП(б)Б. Пад кіраўніцтвам КП(б)Б стваралася камсамольскае падполле. У 1941 г. у варожым тыле працавалі 2 падпольныя абкамы, 2 гаркамы і 15 райкамаў ЛКСМБ.
Хуткае наступленне ворага перашкодзіла належным чынам падрыхтавацца да падпольнай дзейнасці. Асноўная работа па арганізацыі партыйнага, камсамольскага, патрыятычнага падполля і партызанскага руху вялася ва ўмовах акупацыі.
Усяго ў гады Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі дзейнічалі 10 падпольных абкамаў, 193 міжрайкамы, міжрайпартцэнтры, гаркамы і райкамы КП(б)Б, больш за 1 200 пярвічных партыйных арганізацый у партызанскіх атрадах і брыгадах, 184 тэрытарыяльныя партыйныя арганізацыі, якія аб’ядноўвалі больш як 35 тыс. камуністаў [гл. Партыйнае падполле, Абласныя падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя партыйныя цэнтры, Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б]. Партыйныя органы накіроўвалі дзейнасць 10 падпольных абкамаў, 214 міжрайкамаў, міжрайцэнтраў, гаркамаў і райкамаў ЛКСМБ, больш за 5 500 пярвічных арганізацый, каля 100 тыс. камсамольцаў (гл. Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі Беларусі, Камсамольска-маладзёжнае падполле). У антыфашысцкіх арганізацыях было больш за 12 тыс. чалавек. Падпольшчыкі, аб’яднаныя ў партыйныя, партыйна-камсамольскія, камсамольска-маладзёжныя, антыфашысцкія арганізацыі і групы, налічвалі ў сваіх радах больш за 70 тыс. чалавек — камуністаў, камсамольцаў, беспартыйных патрыётаў.
У авангардзе барацьбы, якую ўзначальвалі камуністы, выступаў рабочы клас.
У ліку першых барацьбу супраць акупантаў разгарнула Мінскае партыйнае падполле. Буйным яго цэнтрам з’яўляўся Мінскі чыгуначны вузел. Тут ужо ў ліпені — жніўні 1941 г. узнікла некалькі падпольных груп, якія пазней аб’ядналіся ў падпольную арганізацыю. Яе ядро складалі камуністы, якія ўваходзілі ў самастойную партыйную арганізацыю, што ахоплівала сваім уплывам і ўзначальвала барацьбу рабочых і служачых паравознага дэпо, пасажырскай і таварнай станцый, іншых транспартных службаў. Шэраг арганізацый і груп у горадзе быў створаны партыйнымі і савецкімі работнікамі, выкладчыкамі ВНУ, урачамі, ваеннаслужачымі. У стварэнні Мінскага падполля вялікую ролю адыгралі старыя камуністы А. Ф. Арндт, Е. М. Баранаў, М. I. Думбра, I. I. Матусевіч, Л. Я. Адзінцоў, С. К. Амельянюк, А. Ф. Орсік, I. I. Русовіч, С. В. Сержановіч, М. I. Талкачоў і інш. Да канца 1941 г., па няпоўных звестках, у горадзе і наваколлі дзейнічала больш за 50 арганізацый і груп, у склад якіх уваходзіла больш за 2 тыс. чалавек. У канцы лістапада 1941 г. на нарадзе прадстаўнікоў партыйных груп быў створаны агульнагарадскі партыйны цэнтр — Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б. У яго склад увайшлі К. Д. Грыгор’еў, В. С. Жудро, С. I. Зайцаў (Заяц), I. К. Кавалёў, I. П. Казінец, В. К. Нікіфараў, Г. М. Сямёнаў і інш. У сакавіку—красавіку 1942 г. карныя органы фашыстаў правялі ў Мінску масавыя арышты падпольшчыкаў. Былі пакараны смерцю 279 патрыётаў, у т. л. 28 кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў падполля, сярод іх С. I. Зайцаў (Заяц), I. П. Казінец, Г. М. Сямёнаў. У маі 1942 г. на нарадзе актыву партарганізацыі горада ў склад падпольнага гаркама былі дадаткова выбраны У. С. Амельянюк, Д. А. Караткевіч, пазней К. I. Хмялеўскі. Пад кіраўніцтвам гаркама ў маі — верасні 1942 г. дзейнічалі Варашылаўскі, Чыгуначны, Кастрычніцкі, Сталінскі і Тэльманаўскі гарадскія райкамы партыі. У 1942 г. гаркам і райкамы КП(б)Б кіравалі барацьбой больш як 100 падпольных арганізацый і груп (больш за 3 200 камуністаў, камсамольцаў, беспартыйных патрыётаў); гаркам выдаваў газету «Звязда», якая распаўсюджвалася ў горадзе, перапраўлялася ў партызанскія атрады, у многія населеныя пункты Беларусі. У верасні — кастрычніку 1942 г. акупанты нанеслі новы цяжкі ўдар па падполлі. Былі кінуты ў фашысцкія засценкі ўсе члены гаркама, сакратары гарадскіх райкамаў партыі, сотні падпольшчыкаў. Але барацьба падпольшчыкаў не спынялася. Яна разгортвалася ўсё шырэй.
У канцы верасня 1943 г. ЦК КП(б)Б па прапанове Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б зацвердзіў новы склад гаркама, які дзейнічаў па-за межамі горада ў партызанскай зоне на базе спецыяльнага партызанскага атрада «Мясцовыя». У яго ўвайшлі С. К. Ляшчэня, Г. М. Машкоў і I. П. Паромчык (сакратары), потым у якасці членаў гаркама ў яго ўведзены С. А. Ваўпшасаў, М. М. Ізюмскі, I. М. Родзін і А. Д. Сакевіч. Гаркам падтрымліваў цесную сувязь з падпольнымі арганізацыямі і групамі ў горадзе, кіраваў іх баявой, палітычнай работай, забяспечваў літаратурай, узрыўчаткай, выдаваў газету «Минский большевик», накіроўваў дзейнасць разгалінаванага Мінскага камсамольска-маладзёжнага падполля.
Усяго ў складзе Мінскага падполля змагалася з ворагам больш за 9 тыс. чалавек, у т. л. 1 025 камуністаў і 2 044 камсамольцы. Многія з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі; I. К. Кабушкін, I. П. Казінец, М. А. Кедышка, Я. У. Клумаў, А. Р. Мазанік, У. С. Амельянюк, М. Б. Осіпава, Н. В. Траян удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
У Віцебскім партыйна-камсамольскім падполлі дзейнічала 66 груп. У ліку першых былі створаны групы А. Я. Белахвосцікава, Л. Д. Бярозкінай, В. А. Вярбіцкага, У. А. Казлоўскага, В. С. Кулагінай, Ф. К. Мехава, М. Я. Нагібава, К. С. Акаловіч, П. С. Смірнова, Е. С. Спірыдонавай і інш. У кастрычніку 1942 г. у г. Віцебск для кіраўніцтва падпольнай барацьбой прыбыла група В. З. Харужай, якая правяла тут вялікую работу. Гітлераўцы схапілі і пасля катаванняў у снежні 1942 г. пакаралі смерцю мужную патрыётку і іншых падпольшчыкаў.
Барацьбу патрыётаў г. Орша Віцебскай вобласці, якая разгарнулася з ліпеня 1941 г., накіроўваў партыйны цэнтр у складзе Л. Н. Анкіновіча, А. Ц. Скаварады, А. Г. Шкабарына. Да канца 1941 г. у Оршы было створана і дзейнічала больш за 20 груп, а за ўвесь перыяд акупацыі ў горадзе і раёне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі змагалася каля 80 груп. Асабліва актыўна дзейнічалі групы Д. М. Бохана, братоў А. I. Бяляўскага, Б. I. Бяляўскага, І. І. Бяляўскага і К. I. Бяляўскага, I. Ф. Голуба, К. У. Грачыхі, Ф. Я. Коўтуна, М. П. Кузьміна, З. М. Шэвень (гл. Аршанскае партыйна-камсамольскае падполле). Слаўнай старонкай у гісторыю Аршанскага падполля ўвайшла дзейнасць К. С. Заслонава. У сваёй рабоце ён абапіраўся на А. Я. Андрэева, С. I. Чэбрыкава, П. В. Шурміна, якія прыбылі з ім.
Пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)Б актыўна змагалася з ворагам Гомельскае партыйнае падполле, якое да лета 1943 г. аб’ядноўвала звыш 40 груп (больш за 400 чалавек). Адчувальныя страты ворагу наносілі падпольныя групы [Ц.] В. Блінкова, Ц. С. Барадзіна, А. Ц. Брыкса, Ф. С. Вароніна, Л. I. Дзегірэўскага, М. Д. Жызнеўскага, Е. І. Каленікава, Р. М. Каралёва, М. В. Піваварава, Р. І. Цімафеенкі, І. Б. Шылава і інш. Значная роля ў кіраўніцтве падполлем належыць Гомельскаму нелегальнаму аператыўнаму цэнтру на чале з Ц. С. Барадзіным.
У Магілёве з канца ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. дзейнічала Магілёўскае партыйна-камсамольскае падполле (42 групы патрыётаў). Буйныя групы ўзначальвалі А. В. Гарошка, І. Г. Гурыеў, П. І. Крысевіч, М. П. Куўшынаў, В. Л. Лусцянкоў, А. І. Рослаў, У. П. Харытонаў, С. М. Шакура, В. Д. Швагрынаў, У. П. Шалюта, А. І. Шубадзёраў і інш.
З першых дзён акупацыі у г. Барысаў Мінскай вобласці разгарнулася барацьба супраць захопнікаў. Пачаткам стварэння Барысаўскага партыйна-патрыятычнага падполля стала арганізатарская група на чале з даваенным сакратаром Барысаўскага райкама КП(б)Б І. А. Ярашам, якая ў ліпені 1941 г. прыбыла па заданні ЦК КП(б)Б з-за лініі фронту. Актыўна дзейнічалі групы П. М. Вусціна, I. П. Даўгалава і У. У. Лазоўскага, Б. П. Качана, Г. I. Куліковай, Д. М. Лебедзева, У. У. Ляшкевіча, I. Л. Піваварава, А. Ф. Самарадава, былых ваеннаслужачых С. М. Ігумнава, П. В. Яхантава і іншыя; да канца 1942 г. — больш за 20 груп.
З ліпеня 1941 г. дзейнічала Бабруйскае партыйна-камсамольскае падполле. Падпольныя групы ўзначальвалі М. Р. Баглай, П. С. Вашукевіч, А. К. Калеснікаў і Я. I. Савацееў, У. С. Калеснікаў, С. З. Крамнёў, Д. М. Лемяшонак, В. I. Лівенцаў, П. Ф. Маслёнак і В. I. Бутараў, П. М. Сцяржанаў, I. В. Стомаў, А. М. Сумбаеў, I. А. Хімічаў, К. М. Якаўлеў і інш. У студзені 1942 г. па ініцыятыве кіраўнікоў падпольных груп В. I. Бутарава, Д. М. Лемяшонка, М. I. Сямісалава створаны цэнтр па кіраўніцтве барацьбой патрыётаў — Бабруйскі камітэт партызанскага руху. У горадзе і раёне падполле аб’ядноўвала 29 груп, больш за 500 патрыётаў, з іх 236 камуністаў і камсамольцаў.
Баявымі справамі праславіліся падпольшчыкі Жлобіна, Калінкавіч, Мазыра, Асіповіч, Полацка, Обалі, Расонаў і іншых гарадоў і вёсак рэспублікі.
Выдатнае месца ў гісторыі падпольнай барацьбы належыць антыфашысцкім арганізацыям і групам, якія ствараліся пераважна ў заходніх абласцях Беларусі па ініцыятыве мясцовых камуністаў і былых членаў КПЗБ, а ў далейшым дзейнічалі пад кіраўніцтвам партыйных органаў. Сярод іх баявітасцю вызначаліся Брэсцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя (аб’ядноўвала да 2 тыс. падпольшчыкаў, мела скрыты партызанскі рэзерв да 9 тыс. чалавек, яе камітэт выдаваў газету «3а Родину») і Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя.
Антыфашысцкія арганізацыі дзейнічалі ў Браслаўскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Докшыцкім, Куранецкім, Мёрскім, Мядзельскім, Пастаўскім, Скідзельскім, Смаргонскім, Шаркаўшчынскім і іншых раёнах.
Шырокая сетка падпольных арганізацый і груп ахоплівала практычна ўсю Беларусь. Падпольныя партыйныя, камсамольскія, антыфашысцкія органы і арганізацыі адыгралі галоўную ролю ў разгортванні партызанскага руху, усенароднай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падпольшчыкі цесна супрацоўнічалі з партызанамі.
Паводле сацыяльна-палітычнай накіраванасці партызанскі рух з самага пачатку быў усенародным.
У партызаны ішлі рабочыя, калгаснікі, інтэлігенцыя, партыйныя і беспартыйныя, мужчыны і жанчыны, людзі розных нацыянальнасцей і ўзростаў. Значную праслойку ў партызанскіх атрадах складалі байцы, камандзіры, палітработнікі Чырвонай арміі, якія па розных прычынах аказаліся на акупіраванай тэрыторыі.
У ліку першых пачалі дзейнічаць партызанскія атрады: «Камарова» (В. З. Каржа, гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя С. М. Будзённага Пінскай вобласці), «Чырвоны Кастрычнік» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР), М. П. Шмырова (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 1‑я Беларуская 1‑га складу Віцебскай вобласці), «Бальшавік» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада «Бальшавік» Гомельскай вобласці), А. I. Далідовіча (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 25‑я імя П. К. Панамарэнкі), «Радзіма» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава), В. Ц. Меркуля (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 101‑я імя Аляксандра Неўскага), М. А. Нарчука (гл. у артыкуле Партызанскі атрад 124‑ы Касцюковіцкі), А. Д. Сяргеева і М. П. Пакроўскага (гл. у артыкуле Партызанскі полк 208‑ы імя I. В. Сталіна), I. А. Яраша (гл. у артыкуле Партызанскі атрад I. А. Яраша), Клічаўскі (гл. у артыкуле Партызанскі полк 277‑ы) і інш.
Ц. П. Бумажкову і Ф. I. Паўлоўскаму 6 жніўня 1941 г. першым з савецкіх партызан прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Партызанскі рух у перыяд станаўлення перажываў значныя цяжкасці, асабліва з наступленнем зімы 1941–1942 гг. Не хапала зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, не было вопыту барацьбы з моцным ворагам. З аддаленнем лініі фронту ўскладнялася сувязь з кіруючымі цэнтрамі.
Вялікі ўплыў на развіццё партызанскага руху мела гістарычная перамога Чырвонай арміі пад Масквой. У 1942 г. ЦК КП(б)Б накіраваў у многія акупіраваныя раёны БССР групы партыйных работнікаў. У савецкім тыле ў спецыяльных школах, на зборах (у т. л. у Школе ЦК КП(б)Б і аператыўна-навучальным цэнтры, на Асобым Беларускім зборы, у «Беларускай школе») рыхтавалі і засылалі ў акупіраваныя раёны кіраўнікоў партыйнага, камсамольскага падполля і партызанскага руху, дыверсійныя групы, атрады; наладжваліся надзейная сувязь з партызанамі, забеспячэнне іх матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі (гл. Дапамога савецкага тылу партызанам Беларусі). Важную ролю ў ажыццяўленні гэтых мерапрыемстваў адыграла Паўночна-Заходняя аператыўная група ЦК КП(б)Б.
Партызанскія атрады аб’ядноўваліся ў партызанскія брыгады і партызанскія злучэнні (гл. таксама Партызанскія фарміраванні, Партызанскі полк, Партызанская група), што сведчыла пра масавасць і рост баявых сіл, паляпшэнне кіраўніцтва з боку ЦК КП(б)Б, падпольных партыйных органаў.
У маі 1942 г. ЦК КП(б)Б зацвердзіў адзіны тэкст Прысягі беларускага партызана.
Першыя брыгады ўзніклі ў Віцебскай і Мінскай абласцях. У чэрвені 1942 г. іх было 12, а да канца года — 53. У выніку ўзмацніліся ўдары па нямецка-фашысцкіх захопніках. Усяго на акупіраванай тэрыторыя Беларусі гераічна змагаліся з ворагам 374 тыс. партызан; створаны і дзейнічалі 1 255 партызанскіх атрадаў, з іх 258 асобна дзеючых, астатнія аб’яднаны ў 213 брыгад і палкоў. Ва ўсіх партызанскіх атрадах і брыгадах былі створаны партыйныя і камсамольскія арганізацыі. Патрыёты вызвалялі цэлыя раёны, дзе аднаўлялі савецкую ўладу.
З мэтай цэнтралізацыі кіраўніцтва партызанскімі сіламі ў маі 1942 г. створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання на чале з першым сакратаром ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкам. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічалі рэспубліканскія і абласныя штабы партызанскага руху, у т. л. з верасня — кастрычніка 1942 г. Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) пад кіраўніцтвам другога сакратара ЦК КП(б)Б П. З. Калініна. Гэта дало магчымасць партыі накіраваць барацьбу партызан на аказанне максімальнай дапамогі Чырвонай арміі, якая летам і восенню 1942 г. гераічна і напружана стрымлівала наступленне нямецка-фашысцкіх войск на паўднёвым участку савецка-германскага фронту, узмацніць удары ў тыле ворага, асабліва па камунікацыях.
У жніўні 1942 г. ЦК КП(б)Б звярнуўся да партызан з пісьмом «Аб актывізацыі дзеянняў партызанскіх атрадаў у тыле ворага», у якім заклікаў усімі сродкамі зрываць перавозкі рэзерваў ворага на фронт.
Летам і восенню 1942 г. партызаны ўзмацнілі ўдары на чыгуначных магістралях Беларусі. Усё часцей аперацыі праводзілі сіламі цэлых атрадаў і брыгад.
У жніўні 1942 г. партызаны брыгады «За Савецкую Беларусь» Віцебскай вобласці знішчылі 110‑метровы мост цераз р. Дрыса на чыгунцы Полацк — Даўгаўпілс (гл. Дрысенская аперацыя 1942 г.).
Партызаны злучэння атрадаў «Дзядзькі Сашы» Магілёўскай вобласці разграмілі нямецка-фашысцкі гарнізон на станцыі Слаўнае Талачынскага раёна Віцебскай вобласці на чыгунцы Мінск — Орша (гл. Слаўненская аперацыя 1942 г.).
Група атрадаў злучэння Мінскай і Палескай абласцей узарвала 150‑метровы мост цераз р. Пціч на чыгунцы Брэст — Гомель (гл. Пціцкая аперацыя 1942 г.).
Далейшыя задачы барацьбы ў варожым тыле вызначыла нарада кіраўнікоў партыйнага падполля, камандзіраў і камісараў партызанскіх атрадаў і злучэнняў, скліканая ЦК ВКП(б) у канцы жніўня — пачатку верасня 1942 г. у Маскве.
Пятага верасня 1942 г. падпісаны загад наркама абароны СССР І. В. Сталіна «Аб задачах партызанскага руху»; 14 лістапада 1942 г. у газеце «Правда» быў надрукаваны перадавы артыкул «За ўсенародны партызанскі рух!».
На разгортванне ўсенароднай вайны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, пашырэнне і арганізацыйнае ўмацаванне партызанскага руху былі накіраваны рашэнні V Пленума ЦК КП(б)Б (Масква, 26–28 лютага 1943), у рабоце якога прымалі ўдзел сакратары падпольных абкамаў і райкамаў КП(б)Б, камандзіры і камісары партызанскіх брыгад і атрадаў.
У чэрвені 1943 г. ЦК КП(б)Б прыняў пастанову «Аб далейшым разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі» і накіраваў у партыйныя арганізацыі пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». З усходніх у заходнія вобласці Беларусі накіроўваліся вопытныя партыйныя работнікі і арганізатары партызанскага руху, партызанскія атрады і брыгады. За 1943 г. (паводле няпоўных звестак БШПР) партызанскія фарміраванні папоўніліся на 96 тыс. чалавек, больш за 85 % з іх былі мясцовыя жыхары. Часта ў партызаны ішлі сем’ямі і нават цэлымі вёскамі.
Амаль усе брыгады мелі радыёстанцыі і падтрымлівалі рэгулярную радыёсувязь з ЦК КП(б)Б, ЦШПР, БШПР і іх аператыўнымі групамі пры ваенных саветах франтоў.
Атрады і брыгады мелі арганізаваныя рэзервы, якія папаўняліся мясцовым насельніцтвам. Жыхары многіх вызваленых партызанамі ад ворага населеных пунктаў аб’ядноўваліся ў рэзервовыя атрады ці дружыны. За гады вайны на баявым уліку ў партызанскіх атрадах і брыгадах было амаль 400 тыс. чалавек рэзерву (гл. Партызанскія рэзервы).
У сувязі з колькасным ростам народных мсціўцаў востра паўстала праблема ўзбраення і ваеннай падрыхтоўкі асабовага складу партызанскіх атрадаў. Партызаны вывучалі зброю, падрыўную і санітарную справу, аналізавалі вынікі баявых аперацый. Адной з важнейшых крыніц папаўнення зброі і боепрыпасаў былі ваенныя трафеі. Здабываць зброю дапамагала насельніцтва, якое перадавала партызанам вінтоўкі, аўтаматы, кулямёты, патроны, гранаты, снарады, знойдзеныя на месцах былых баёў. У атрадах і брыгадах ствараліся майстэрні па рамонце і вырабе зброі. Практыкавалася выплаўка толу з мін і снарадаў.
У 1943 г. сістэматычны характар набыла адпраўка партызанам Беларусі баявых грузаў з савецкага тылу. Самалёты рэгулярна дастаўлялі на партызанскія аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, літаратуру, людзей, якіх накіроўвалі з заданнямі ў варожы тыл; зваротнымі рэйсамі вывозілі параненых, жанчын, дзяцей, старых.
Узмацненне ўзброенасці, удасканаленне ваеннага майстэрства партызан садзейнічалі павышэнню баяздольнасці атрадаў і брыгад, эфектыўнасці іх баявых дзеянняў. Барацьба партызан Беларусі ў 1943 г. набыла вялікі размах, вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела манеўраны і наступальны характар. Буйныя аперацыі на вялікай тэрыторыі ўзгадняліся з дзеяннямі Чырвонай арміі, мелі стратэгічнае значэнне. Асноўныя ўдары партызаны наносілі па варожых камунікацыях, пераважна па чыгунках.
Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у «рэйкавай вайне» (1943–1944) — адначасовым масавым разбурэнні варожых чыгуначных камунікацый у час наступлення Чырвонай арміі.
Партызаны кантралявалі многія шасэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі. Яны сарвалі спробы акупантаў выкарыстаць для ваенных перавозак суднаходныя рэкі: паралізавалі рух параходаў і баржаў па рэках Заходняя Дзвіна, Сож, Дняпро, Прыпяць, Бярэзіна; у 1943 г. партызаны Пінскай і Брэсцкай абласцей вывелі са строю Дняпроўска-Бугскі канал (гл. Дняпроўска-Бугская аперацыя 1943 г.).
Найважнейшым відам барацьбы з акупантамі было знішчэнне варожых гарнізонаў (гл. Гарнізоны нямецка-фашысцкія). У ходзе 2‑га перыяду Вялікай Айчыннай вайны партызаны Беларусі разграмілі і нанеслі адчувальныя ўдары больш як па 600 фашысцкіх гарнізонах; да канца 1943 г. утрымлівалі і кантралявалі каля 60 % акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Тут існавалі партызанскія зоны — апорныя базы ўсенароднай барацьбы, плацдармы, з якіх народныя мсціўцы наносілі ўдары па ворагу (гл. Партызанскі гарнізон, Партызанскі лагер). На вызваленай партызанамі і падкантрольнай ім тэрыторыі патрыёты стварылі больш за 20 партызанскіх зон, у т. л. Акцябрска-Любанскую партызанскую зону, Барысаўска-Бягомльскую партызанскую зону, Клічаўскую партызанскую зону, Полацка-Лепельскую партызанскую зону, Івянецка-Налібоцкую партызанскую зону.
Вялікае значэнне надавалася партызанскім рэйдам, якія праводзіліся для дэзарганізацыі тылу ворага, актывізацыі і ўзмацнення ўсенароднай барацьбы.
Магутны партызанскі рух на Беларусі падрываў і разладжваў тыл нямецка-фашысцкіх войск, трымаў акупантаў у страху і напружанні.
Захопнікі рабілі ўсё, каб ліквідаваць партызанскі рух. Толькі ў 1943 г. супраць партызан і насельніцтва Беларусі яны правялі дзясяткі буйных карных аперацый. Пад выглядам барацьбы з партызанамі карнікі знішчалі цывільнае насельніцтва — старых, жанчын, дзяцей, рабавалі гарады і вёскі. Партызаны бралі пад ахову населеныя пункты, калі была магчымасць, ратавалі жыхароў ад загубы, зрывалі спробы гітлераўцаў арганізаваць масавы вываз савецкіх людзей на катаржныя работы ў фашысцкую Германію. Тактыкай манеўравання з нанясеннем нечаканых удараў па войсках карнікаў народныя мсціўцы зрывалі планы ворага.
Каб абараніць насельніцтва ў час уборкі ўраджаю, толькі ў Мінскай і Магілёўскай абласцях партызаны правялі ў жніўні 1943 г. каля 100 буйных баёў супраць спецыяльных каманд акупантаў, прызначаных для захопу і вывазу збожжа.
Вырашальную ролю ў зрыве карных аперацый ворага адыгралі баявыя дзеянні Чырвонай арміі на фронце. Захопнікі не маглі надоўга адцягнуць для барацьбы з партызанамі войскі, якія былі патрэбны на фронце. У баях з карнікамі партызаны Беларусі паказалі стойкасць і мужнасць. Высокі патрыятызм праяўлялі і мясцовыя жыхары, якія, рызыкуючы ўласным жыццём і жыццём сваіх сем’яў, усяляк дапамагалі партызанам. У час адной з карных аперацый у лютым 1943 г. гітлераўцы схапілі братоў Івана і Міхаіла Цубаў. Міхаіл адмовіўся паказаць карнікам дарогу да партызан і быў расстраляны. Тады Іван завёў карны атрад у балота, адкуль фашысты не змаглі выйсці. Гітлераўцы забілі патрыёта.
Партызанская вайна з новай сілай разгарнулася восенню 1943 г., калі Чырвоная армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі. У дырэктыве падпольным партыйным арганізацыям і партызанскім атрадам ад 21 верасня 1943 г. ЦК КП(б)Б патрабаваў: «Узмацніць удары па тылах нямецкай арміі. Біць усюды калоны праціўніка. Усе магістралі і дарогі, па якіх адступае вораг, засеяць засадамі: не павінна быць ніводнага месца, дзе немцы маглі б беспакарана і бесперашкодна прайсці... Усімі сіламі і сродкамі захоўваць мірнае насельніцтва ад знішчэння і вывазу ў нямецкае рабства».
Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, Савет Народных Камісараў БССР і ЦК КП(б)Б у звароце да беларускага народа ад 29 верасня 1943 г. заклікалі падтрымаць наступленне Чырвонай арміі. Многія партызанскія брыгады і атрады непасрэдна ўзаемадзейнічалі з часцямі Чырвонай арміі пры вызваленні гарадоў і вёсак Беларусі.
Каб ліквідаваць пагрозу для сваіх войск з тылу, акупанты зімой і вясной 1944 г. узнавілі супраць партызан буйныя карныя аперацыі.
У лютым 1944 г. вораг пачаў баявыя дзеянні супраць партызан Мінскай, Магілёўскай, Пінскай, Палескай і Брэсцкай абласцей. Партызанскія атрады ў Клічаўскім раёне 18 дзён адбівалі атакі ворага. Амаль месяц ішлі жорсткія баі паміж захопнікамі і партызанамі ў Любанскім, Старадарожскім, Глускім і Акцябрскім раёнах. Упартыя баі разгарнуліся на рубяжах Дняпроўска-Бугскага канала ў раёне Кобрын — Іванава (гл. Дняпроўска-Бугскага канала абарона 1944 г.), каля в. Здзітава Бярозаўскага раёна (гл. Здзітаўская абарона 1944 г.).
У красавіку — маі 1944 г. супраць партызан Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, якую ўтрымлівалі 16 партызанскіх брыгад, разгарнулі наступленне 60 тыс. карнікаў пры падтрымцы танкаў, артылерыі і авіяцыі (гл. Полацка-Лепельская бітва 1944 г., «Веснавое свята»).
Партызаны і мірнае насельніцтва ў ходзе карных аперацый ворага панеслі вялікія страты. Аднак карнікі не дасягнулі сваёй галоўнай мэты — знішчыць партызанскі рух у прыфрантавых раёнах.
У партызанскім руху, падпольнай барацьбе ярка праявіўся высокі патрыятызм працоўных, якіх натхнялі на барацьбу ідэі справядлівай вызваленчай вайны, імкненне адстаяць гонар і незалежнасць сваёй Радзімы. Партызаны і падпольшчыкі карысталіся шырокай падтрымкай і дапамогай беларускага народа. Мясцовыя жыхары складалі пераважную большасць партызан (амаль 90 %). Насельніцтва давала партызанам прытулак і ежу, перадавала зброю, якую здабывала, інфармавала пра кожны крок ворага, удзельнічала ў баях. Масавай была барацьба насельніцтва супраць палітычных, эканамічных і ваенных мерапрыемстваў акупантаў. Гераізм савецкіх воінаў на франтах, самаадданая работа працоўных у савецкім тыле натхнялі партызан і падпольшчыкаў на баявыя подзвігі.
Вядучую ролю ў партызанскім руху адыгралі рабочыя. У атрадах і брыгадах на тэрыторыі Беларусі было 16 % жанчын. Партызан ва ўзросце 18–25 гадоў было 45,19 %, ад 26 да 45 — 42,33 %, маладзей за 18 і старэй за 45 — 12,48 %. У партызанскіх фарміраваннях разам з беларусамі (71,1 %) змагаліся рускія (19,29 %), украінцы (3,89 %), літоўцы, латышы, грузіны, казахі, армяне, узбекі, азербайджанцы, малдаване, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей СССР.
У радах партызан Беларусі знаходзілася каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў, у т. л. 3 тыс. палякаў, 400 славакаў і чэхаў, 235 югаславаў, 70 венграў, 60 французаў, 31 бельгіец, 24 аўстрыйцы, 16 галандцаў, каля 100 немцаў, прадстаўнікі многіх іншых еўрапейскіх народаў.
Сыны і дочкі беларускага народа былі ў радах партызан братніх рэспублік, актыўна ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення народаў Францыі, Італіі, Грэцыі і іншых еўрапейскіх краін. Інтэрнацыянальная сутнасць партызанскага руху ярка праявілася ў цесным баявым узаемадзеянні беларускіх партызан з партызанамі РСФСР, Украінскай ССР, Прыбалтыкі. На беларускай зямлі ў партызанскіх зонах знаходзілі прытулак і дапамогу арганізатарскія групы і атрады, якія былі накіраваны з Вялікай зямлі ў Латвію, Літву, Малдавію. Яны карысталіся аэрадромамі гэтых зон, базамі, атрымлівалі праваднікоў. Беларускія партызаны правялі шмат баявых аперацый разам з рускімі, украінскімі, літоўскімі, латышскімі і малдаўскімі партызанамі. Такую ж дапамогу, братнюю выручку і падтрымку мелі партызаны Беларусі на зямлі братоў-суседзяў — на тэрыторыі Калінінскай, Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі, ва Украіне, у Літоўскай і Латвійскай рэспубліках.
За 3 гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г., патрыёты Беларусі знішчылі і паранілі больш за 500 тыс. гітлераўцаў, падарвалі і пусцілі пад адхон 11 128 варожых воінскіх эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыгуначных станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі больш за 18 700 аўтамашын, узарвалі, спалілі і разбурылі 819 чыгуначных і 4 710 іншых мастоў, перабілі больш за 300 тыс. чыгуначных рэек, разбурылі больш за 7 300 км тэлефонна-тэлеграфных ліній, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1 355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат рознага калібру і 939 варожых складоў. Партызаны Беларусі захапілі трафеі: 363 гарматы і мінамёты, 1 874 кулямёты, каля 21 тыс. вінтовак і аўтаматаў. Гэтыя баявыя вынікі — яркае сведчанне магутнасці ўсенароднай партызанскай вайны на Беларусі, яе дапамогі Чырвонай арміі ў дасягненні Перамогі.
За гераізм і адвагу ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў больш за 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Войскі, што змагаліся на франтах, у сваіх вялікіх ратных справах адчувалі падтрымку мільёнаў людзей, якія кавалі зброю ў тыле, забяспечвалі воінаў усім неабходным. Народы СССР, у т. л. і беларускі, здзейснілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, акрамя баявога, яшчэ і працоўны подзвіг. Толькі аддаючы ўсе сілы ў бесперапынных бітвах на працоўным фронце, можна было прыйсці да перамогі.
Насельніцтва Беларусі ўжо летам 1941 г. актыўна праявіла сябе гераічнай працай у справе абароны Айчыны. Ва ўсходніх рэгіёнах рэспублікі, якія ўтрымлівала Чырвоная армія адносна працяглы адрэзак часу, прадпрыемствы былі хутка пераведзены на выпуск ваеннай прадукцыі. На паўднёвым усходзе БССР, які заставаўся не акупіраваным да другой паловы жніўня 1941 г., спешна вялі ўборку ўраджаю. Значная частка насельніцтва ўдзельнічала ва ўзвядзенні абарончых збудаванняў (на будаўніцтве рубяжоў па Дняпры працавалі каля 500 тыс. чалавек, у цэлым па рэспубліцы — каля 2 млн).
Больш за 1,5 млн чалавек былі вымушаны пакінуць родныя мясціны, эвакуіравацца ўглыб СССР, адаптавацца да новых умоў пражывання і працы.
Хуткае прасоўванне танкавых злучэнняў гітлераўскай арміі ў першыя дні вайны не дазволіла арганізавана правесці эвакуацыю прамысловага абсталявання з заходніх і цэнтральных рэгіёнаў Беларусі. Пад бесперапыннымі бамбёжкамі эвакуіраваліся найбольш важныя прамысловыя прадпрыемствы ўсходніх і паўднёва-ўсходніх абласцей (Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Палеская). Іх калектывы суткамі не выходзілі з цэхаў, часта ўручную здымалі з падмуркаў шматтонныя станкі, займаліся пагрузачнымі работамі, перапраўкай абсталявання на чыгуначныя станцыі. Толькі з Віцебскай вобласці на ўсход было адпраўлена 2 500 вагонаў з прамысловым абсталяваннем і прадукцыяй.
У савецкі тыл з Беларусі пераправілі 124 буйныя прадпрыемствы, 36 машынна-трактарных станцый (каля 5 тыс. трактароў, больш за 600 камбайнаў, малатарняў і іншай тэхнікі), прыкладна 700 тыс. галоў жывёлы, каля 100 тыс. т збожжа, іншыя матэрыяльныя рэсурсы.
Многія рабочыя, сяляне, служачыя ў ходзе гэтых эвакуацыйных мерапрыемстваў праявілі стойкасць і самаахвярнасць, адказныя адносіны да даручанай справы. Так, жывёлаводы саўгаса «Вейна» Магілёўскага раёна больш за 3 месяцы гналі на ўсход статак племянных кароў, пакуль не прыйшлі ў Сталінградскую вобласць, якая была тады глыбокім тылам.
У складаных умовах чэрвеня — жніўня 1941 г. у тылавыя раёны Савецкага Саюза з БССР былі эвакуіраваны таксама 190 дзіцячых устаноў, 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных і 60 навукова-даследчых устаноў і вопытных вытворчасцей, 6 тэатраў і многае іншае.
Прадпрыемствы, якія былі вывезены з Беларусі, размяшчаліся пераважна ў Паволжы, на Урале, у Татарскай і Башкірскай АССР, Тамбоўскай, Саратаўскай, Курганскай, Пензенскай, Куйбышаўскай, Пермскай, Арэнбургскай, Томскай і іншых абласцях Расіі.
Рабочыя, інжынерна-тэхнічныя работнікі ў час будаўніцтва вытворчых плошчаў, мантажу абсталявання паказалі ўзор працоўнага гераізму. Яны рабілі ўсё для таго, каб фронт хутка атрымаў неабходную прадукцыю. Праца вялася кругласутачна. Так, завод «Гомсельмаш» быў зманціраваны ў г. Курган за месяц. За такі ж час устанавіў абсталяванне і пачаў выпуск зброі калектыў Гомельскага станкабудаўнічага завода імя С. М. Кірава. У верасні 1941 г. далі прадукцыю фронту гомельскія паравозавагонарамонтны і суднарамонтны заводы, віцебскія станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна, фабрыкі імя КІМ і імя Клары Цэткін. Усяго ў жніўні — верасні 1941 г. у савецкім тыле пачалі выпускаць абаронную прадукцыю 15 беларускіх заводаў і фабрык. У кастрычніку — лістападзе 1941 г. запрацавалі на новых пляцоўках гомельскі завод «Рухавік рэвалюцыі», віцебскія іголкавы завод, фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і інш. У 1942 г. усе эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы працавалі для патрэб фронту.
Беларускія вытворцы працавалі не шкадуючы сіл і часу. Напрыклад, работнікі Віцебскай панчошна-трыкатажнай фабрыкі імя КІМ, якая эвакуіравалася ў г. Ульянаўск, пры цяжкіх умовах жыцця і дрэнным харчаванні працавалі ў тры змены па 12 гадзін. Пасля змены іх маглі паслаць на будаўніцтва ўмацаваных раёнаў.
Калектывы эвакуіраваных беларускіх прадпрыемстваў актыўна ўключаліся ў рух за перавыкананне планавых заданняў, у вытворчыя спаборніцтвы, заваёўвалі пераходныя Чырвоныя сцягі ЦК ВКП(б), Дзяржаўнага камітэта абароны, Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў, наркаматаў. Лепшым брыгадам прысвойвалася званне «франтавых». На гомельскім заводзе «Чырвоны металіст», які аднавіў работу ў Куйбышаўскай (цяпер Самарская) вобласці, з вясны 1942 г. усе брыгады выконвалі штодзённую норму на 210–240 %. У калектыве Віцебскай аптычнай фабрыкі (размяшчалася ў Пермскай вобласці, цяпер Пермскі край) многія выконвалі двайную норму, а слесар І. Абуховіч — на 500 % і больш. Многія з эвакуіраваных беларусаў актыўна займаліся рацыяналізатарствам і вынаходніцтвам.
Чыгуначнікі з БССР былі задзейнічаны больш як на 40 магістралях краіны па бесперабойнай дастаўцы на фронт усяго неабходнага і працягвалі працаваць нярэдка пад варожым агнём. Беларускія чыгуначнікі, як і іх таварышы па прафесіі, рабілі ўсё для таго, каб транспарт працаваў дакладна, асвойвалі рух па хуткасным графіку, іншыя перадавыя метады працы, павышалі тэхнічныя веды, удзельнічалі ў спаборніцтвах, захоўвалі тэхніку, транспартную гаспадарку.
За высокія паказчыкі ў працы, самаадданасць 5 беларускіх чыгуначнікаў (машыністы М. А. Макараў, І. П. Першукевіч, А. М. Чухнюк, А. А. Янкоўскі і вагонны майстар А. В. Глебаў) удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. Многія з тых, хто вадзіў цягнікі да Сталінграда, на Курскую дугу і іншыя франты, адзначаны баявымі ўзнагародамі.
Разам з мясцовым насельніцтвам эвакуіраваныя з Беларусі працавалі ў сельскагаспадарчай вытворчасці. У Тамбоўскай вобласці Расіі вядомасць атрымала беларуска В. Шапавалава. Яна ўзначаліла калгас «Ніва», які знаходзіўся ў незайздросным стане. Да вясны 1943 г. пад кіраўніцтвам В. Шапавалавай гаспадарка стала перадавой і была занесена на абласную Дошку гонару. Добрую памяць пакінулі таксама спецыялісты з Беларусі — М. І. Кудзін (кіраваў насенным саўгасам «Бугульма» ў Татарскай АССР), М. Л. Яндульскі (узначальваў саўгас у Пензенскай вобласці), аграном П. А. Дуброўскі (працаваў у Чкалаўскай вобласці) і многія іншыя. Значнай была шэфская дапамога сялу рабочых і служачых, тэхнічных спецыялістаў эвакуіраваных беларускіх прадпрыемстваў.
Свой уклад у Перамогу, умацаванне тылу краіны рабілі беларускія вучоныя і работнікі культурнай сферы. У розных рэгіёнах працавалі каля 100 акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў АН БССР, дактароў і кандыдатаў навук, звыш 400 артыстаў, каля 50 мастакоў, 22 кампазітары, вялікая колькасць работнікаў друку, асветы, аховы здароўя.
Беларускія навукоўцы сканцэнтраваліся на даследаваннях, вынікі якіх можна было выкарыстоўваць для патрэб фронту, народнай гаспадаркі. Яны вялі разведку сыравінных рэсурсаў краіны, удзельнічалі ў распрацоўцы новых і ўдасканаленні існуючых тэхналагічных вытворчых працэсаў, змагаліся за павышэнне ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, павелічэнне прадукцыйнасці жывёлагадоўлі.
Вялікае значэнне мелі даследаванні ў сферы медыцыны, адкрыцці новых метадаў лячэння, медпрэпаратаў.
Члены-карэспандэнты АН БССР Б. В. Ерафееў і А. М. Розін правялі важнае для абароннай прамысловасці даследаванне па вызначэнні знаходжання рэдкіх элементаў ванадыю і літыю ў горных пародах Урала-Волжскага рэгіёна. Б. В. Ерафееў працаваў начальнікам лабараторыі ва Усесаюзным інстытуце авіяцыйных матэрыялаў, удзельнічаў у распрацоўцы і арганізацыі вытворчасці празрыстай брані з арганічнага шкла для самалётаў. Па выніках гэтай працы ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.
Акадэмік С. М. Ліпатаў, улічваючы пагрозу развязвання гітлераўцамі хімічнай вайны, распрацаваў напаўняльнікі для вытворчасці ахоўных тканін. Вынікі яго працы вытрымалі праверку ў палявых умовах. Ён жа прапанаваў новы метад дээмульсацыі нафты.
Пад кіраўніцтвам акадэміка А. Я. Пракапчука ў г. Сталінабад (цяпер г. Душанбэ, сталіца Таджыкістана) была арганізавана лабараторыя па вытворчасці стафілацыду, сульфат-сульфідзіну, акрыхіну і іншых медпрэпаратаў для лячэння гнойных захворванняў.
Прафесар С. М. Мелкіх абгрунтаваў новы метад лячэння крупознага запалення лёгкіх, які шырока выкарыстоўваўся ў шпіталях.
Была праведзена работа па аднаўленні ў савецкім тыле некаторых беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. У канцы 1942 г. з вайсковых часцей, партызанскіх атрадаў, з розных тылавых раёнаў СССР была адклікана група работнікаў вышэйшай школы БССР, якая атрымала заданне распрацаваць практычныя мерапрыемствы, звязаныя з аднаўленнем дзейнасці беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. У выніку восенню 1943 г. пачаліся заняткі ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце (станцыя Сходня каля Масквы), Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (г. Саратаў), медыцынскім інстытуце (г. Яраслаўль).
Беларускія журналісты выпускалі ў савецкім тыле сатырычныя выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка».
Актыўна працавалі ў ваенны час літаратары. Публіцыстыка стала ці не галоўнай у іх творчасці ў ваенныя гады. Менавіта яна найперш служыла выкрыццю фашызму, узнімала на барацьбу з ім.
Агульнай справай прадстаўнікоў розных груп беларускай інтэлігенцыі была праца радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», перадачы якой вяліся з Масквы.
У савецкім тыле працавалі эвакуіраваныя тэатры: Першы Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ‑1) — у Томску, БДТ‑2 з Віцебска — ва Уральску (Казахстан) і ў Арэхава-Зуеве, Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР — у Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад), Дзяржаўны яўрэйскі драматычны тэатр БССР — у Новасібірску, Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР — у Маскве. Тэатральныя пастаноўкі, канцэртныя праграмы, літаратурныя і музычныя творы (гл. Тэатр, Беларуская літаратура, Музыка, Кіно, Выяўленчае мастацтва) выхоўвалі пачуццё патрыятызму, узнімалі баявы дух воінаў, натхнялі народ на барацьбу з ворагам. Перад воінамі Чырвонай арміі на Заходнім, Калінінскім, Беларускім, 1‑м, 2‑м і 3‑м Беларускіх франтах, на мабілізацыйных пунктах, перад параненымі ў шпіталях, перад жыхарамі вызваленых раёнаў Беларусі выступалі акцёрскія франтавыя брыгады.
Беларускае мастацтва развівалася і ва ўмовах эвакуацыі, пра што сведчыць дзейнасць кампазітараў, якіх лёс раскідаў па розных рэгіёнах СССР. У 1941–1943 гг. Я. Цікоцкі, А. Багатыроў, М. Аладаў, Р. Пукст, І. Любан і іншыя дзеячы музычнага мастацтва напісалі звыш 200 твораў розных жанраў. Сярод іх кантаты А. Багатырова «Беларускім партызанам» (на словы Я. Купалы) і «Ленінградцы» (на словы Джамбула), опера Я. Цікоцкага «Алеся» (лібрэта П. Броўкі) і яго «Песня беларускіх партызан» (словы П. Броўкі). Дзяржаўным гімнам БССР стала песня Н. Сакалоўскага і М. Клімковіча «Мы — беларусы». У савецкім тыле Н. Сакалоўскі напісаў знакамітую «Песню пра Нёман» (словы А. Астрэйкі).
Дзеячы беларускага мастацтва актыўна супрацоўнічалі ў выпуску ілюстраваных выданняў «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка», сталі майстрамі палітычнага плаката, графічнай антыфашысцкай сатыры. Работы, створаныя імі ў эвакуацыі, дэманстраваліся на рэгіянальных і юбілейных мастацкіх выставах. У канцы 1943 — пачатку 1944 г., напрыклад, у Маскве ў Траццякоўскай галерэі на выстаўцы, прысвечанай 25‑годдзю БССР, было прадстаўлена каля 600 работ, з іх больш за 300 карцін, бюсты герояў Вялікай Айчыннай вайны і партызан (работы З. Азгура, за іх скульптар быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР 1946), Героя Савецкага Саюза М. Ф. Гастэлы (работы А. Бембеля), партызан і Я. Купалы (работы А. Глебава).
Пасля Курскай бітвы 1943 г. Чырвоная армія разгарнула стратэгічнае наступленне на фронце ў 2 тыс. км — ад г. Невель да Чорнага мора. У верасні — кастрычніку 1943 г. пачалі вызваленне Беларусі войскі франтоў: Калінінскага (з 20 кастрычніка 1943 — 1‑ы Прыбалтыйскі; генерал-палкоўнік А. I. Яроменка, з лістапада 1943 генерал-палкоўнік I. X. Баграмян), Заходняга (генерал арміі В. Д. Сакалоўскі; з 24 красавіка 1944 — 3‑і Беларускі — генерал-палкоўнік I. Д. Чарняхоўскі), Бранскага (расфарміраваны 10 кастрычніка 1943; генерал-палкоўнік М. М. Папоў), Цэнтральнага (з 20 кастрычніка 1943 — Беларускі, з 17 лютага 1944 — 1‑ы Беларускі; генерал арміі К. К. Ракасоўскі).
Войскі Цэнтральнага фронту ў ходзе Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943 г. 23 верасня вызвалілі раённы цэнтр Камарын Палескай вобласці (цяпер гарадскі пасёлак у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці) — першы вызвалены райцэнтр БССР.
У ліку першых уступіла на тэрыторыю БССР і 26 верасня 1943 г. вызваліла г. п. Хоцімск (першы з існуючых цяпер раённых цэнтраў Беларусі) 3‑я армія (генерал-лейтэнант А. В. Гарбатаў) Бранскага фронту. Да 2 кастрычніка 1943 г. войскі фронту вызвалілі Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі раёны Магілёўскай вобласці. Войскі Бранскага фронту ва ўзаемадзеянні з войскамі Заходняга фронту 29 верасня вызвалілі г. Крычаў Магілёўскай вобласці (гл. Бранская аперацыя 1943 г.).
У кастрычніку — снежні 1943 г. на віцебскім напрамку войскі Калінінскага і Заходняга франтоў вызвалілі раённыя цэнтры Віцебскай вобласці: станцыю Езярышча (Мехаўскі раён, цяпер Гарадоцкі), г. Гарадок (гл. Гарадоцкая аперацыя 1943 г.), г. п. Лёзна, г. п. Сураж.
Войскі Заходняга фронту, якія наступалі на аршанскім і магілёўскім напрамках, вызвалілі ў Магілёўскай вобласці раённыя цэнтры г. Мсціслаў і в. Дрыбін. Каля в. Леніна Горацкага раёна 12–13 кастрычніка 1943 г. у складзе 33‑й арміі Заходняга фронту вызначылася 1‑я польская пяхотная дывізія імя Т. Касцюшкі (палкоўнік З. Берлінг).
На гомельскім напрамку ў верасні — кастрычніку 1943 г. войскі Чырвонай арміі вызвалілі шэраг раённых цэнтраў Гомельскай вобласці (г. п. Церахоўка, в. Свяцілавічы, гарады Ветка і Добруш) і падышлі да Гомеля. Яны фарсіравалі рэкі Сож і Дняпро, 18 лістапада вызвалілі г. Рэчыца, 26 лістапада — г. Гомель — першы абласны цэнтр Беларусі (гл. Бітва за Дняпро 1943 г., Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943 г.).
Беларускі фронт сіламі 61‑й і 65‑й армій 8–20 студзеня 1944 г. ажыццявіў Калінкавіцка-Мазырскую аперацыю 1944 г., у выніку якой вызвалены абласны цэнтр Палескай вобласці г. Мазыр і чыгуначны вузел г. Калінкавічы Палескай вобласці (цяпер абодва гарады ў Гомельскай вобласці); 3‑я армія 1‑га Беларускага фронту 21–24 лютага 1944 г. прарвала абарону 9‑й нямецкай арміі, фарсіравала рэкі Дняпро і Друць, 24 лютага вызваліла г. Рагачоў Гомельскай вобласці (гл. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944 г.).
У выніку асенне-зімняга наступлення 1943–1944 гг. поўнасцю ці часткова вызвалены 36 раёнаў Беларусі, 36 раённых і 2 абласныя цэнтры — Гомель і Мазыр.
З лістапада 1943 г. да красавіка 1944 г. з Чырвонай арміяй злучылася 35 партызанскіх брыгад і 15 асобных атрадаў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей (больш за 50 тыс. чалавек), з іх больш за 45 тыс. партызан уступіла ў рады Чырвонай арміі. Паводле распараджэння ЦК КП(б)Б значная частка партызан была накіравана БШПР з усходніх у заходнія вобласці рэспублікі.
З восені 1943 г. да пачатку лета 1944 г. па тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей праходзіла лінія фронту. За гэты перыяд тут было праведзена каля 20 баявых аперацый.
Вызваленне ўсходніх раёнаў Беларусі вымагала ад войскаў Чырвонай арміі шматлікіх сіл і самаахвярнасці. Толькі за перыяд з кастрычніка 1943 г. па красавік 1944 г. страты войск Заходняга фронту склалі 330 587 чалавек (забітымі і параненымі).
Чырвоная армія 23–24 чэрвеня 1944 г. пачала Беларускую аперацыю 1944 г. з мэтай канчатковага вызвалення Беларускай ССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Войскі 1‑га Прыбалтыйскага (генерал арміі I. X. Баграмян) і 3‑га Беларускага (генерал-палкоўнік I. Д. Чарняхоўскі) франтоў знішчылі вялікую варожую групоўку ў раёне г. Віцебск, 26 чэрвеня вызвалілі Віцебск, 27 чэрвеня — г. Орша (гл. Віцебска-Аршанская аперацыя 1944 г., Віцебскі «кацёл»).
Войскі 2‑га Беларускага фронту (генерал-палкоўнік Г. Ф. Захараў) правялі Магілёўскую аперацыю 1944 г., 28 чэрвеня авалодалі г. Магілёў.
Войскі правага крыла 1‑га Беларускага фронту (генерал арміі К. К. Ракасоўскі) акружылі і разграмілі бабруйскую групоўку ворага, 29 чэрвеня вызвалілі г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (гл. Бабруйская аперацыя 1944 г., Бабруйскі «кацёл»).
Войскі 1‑га, 2‑га і 3‑га Беларускіх франтоў пры садзейнічанні 1‑га Прыбалтыйскага фронту 29 чэрвеня — 4 ліпеня 1944 г. ажыццявілі Мінскую аперацыю 1944 г. і 3 ліпеня вызвалілі сталіцу Беларусі г. Мінск, 4–11 ліпеня знішчылі або ўзялі ў палон акружаныя на ўсходзе ад Мінска нямецкія войскі — каля 105 тыс. салдат і афіцэраў (гл. Мінскі «кацёл»).
Войскі 1‑га Беларускага фронту 8 ліпеня 1944 г. авалодалі абласным цэнтрам г. Баранавічы (цяпер у Брэсцкай вобласці), 10 ліпеня — г. Слонім Баранавіцкай вобласці (цяпер у Гродзенскай вобласці), у канцы ліпеня разграмілі люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка, 28 ліпеня штурмам авалодалі г. Брэст і завяршылі вызваленне Беларусі ў яе сучасных межах (гл. Люблін-Брэсцкая аперацыя 1944 г.).
Пры правядзенні Беларускай аперацыі Чырвонай арміі дапамагалі партызаны Беларусі. Іх удзел у аперацыі быў прадугледжаны Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання і ўзгоднены з дзеяннямі франтоў.
Напярэдадні наступлення савецкіх войск у ноч на 20 чэрвеня 1944 г. партызаны метадам «рэйкавай вайны» нанеслі масіраваны ўдар па асноўных чыгуначных магістралях, узарвалі 40 тыс. рэек, усяго да поўнага вызвалення рэспублікі — 61 тыс. рэек, 8 чыгуначных мастоў. Вораг не змог выкарыстаць чыгунку для падвозу рэзерваў, эвакуацыі тылоў і вывазу нарабаванай маёмасці.
Партызаны (да пачатку лета 1944 на акупіраванай тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 144 партызанскія брыгады і 80 атрадаў) пераразалі шляхі адступлення праціўніку, не давалі яму рабаваць і паліць вёскі, ратавалі насельніцтва, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу савецкіх войск масты, пераправы, плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, пасёлкаў і вёсак, у ліквідацыі акружаных сіл ворага.
Партызанамі былі захоплены і ўтрыманы да падыходу савецкіх войск дзеючыя пераправы, пабудаваны новыя цераз рэкі Пціч, Случ, Друць, Ольса, Бярэзіна, Эса, Вілія, Шчара, Нёман, Котра.
Ва ўмовах панічнага адступлення гітлераўцаў партызаны вызвалілі сваімі сіламі і ўтрымлівалі да падыходу Чырвонай арміі многія раённыя цэнтры рэспублікі — Узду, Старобін (абодва 29.6.1944), Рудзенск (4.7.1944) Мінскай вобласці, Куранец (2.7.1944), Астравец (3.7.1944), Свір (6.7.1944) Вілейскай вобласці і інш. Разам з часцямі Чырвонай арміі ўдзельнічалі ў вызваленні Мінска (3.7.1944), абласных цэнтраў гарадоў Вілейка (2.7.1944) і Пінск (14.7.1944), гарадоў і раённых цэнтраў Любань, Плешчаніцы, Слуцк (усе 30.6.1944), Барысаў (1.7.1944), Лагойск, Смалявічы, Чэрвень (усе 2.7.1944) Мінскай вобласці, Докшыцы (2.7.1944), Дунілавічы (4.7.1944), Маладзечна (5.7.1944) Вілейскай вобласці, Капаткевічы Палескай вобласці, Асіповічы, Клічаў (абодва 28.6.1944) Магілёўскай вобласці, Стоўбцы (2.7.1944), Нясвіж (4.7.1944), Любча, Навагрудак (абодва 8.7.1944), Ліда (9.7.1944) Баранавіцкай вобласці, Лунінец (10.7.1944) Пінскай вобласці і інш.
Усяго ў ходзе баявога ўзаемадзеяння з часцямі савецкіх войск партызаны Беларусі знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон больш за 17 тыс. гітлераўскіх салдат і афіцэраў.
У гарадах і вёсках адбыліся мітынгі, прысвечаныя вызваленню ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На мітынгу працоўных Мінска, партызан і прадстаўнікоў Чырвонай арміі, які адбыўся 16 ліпеня 1944 г., першы сакратар ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнка ад імя ЦК КП(б)Б і ўрада БССР павіншаваў жыхароў сталіцы і партызан з вызваленнем ад акупантаў і перадаў воінам 1‑га, 2‑га, 3‑га Беларускіх і 1‑га Прыбалтыйскага франтоў сардэчную падзяку беларускага народа за вызваленне ад фашысцкага прыгнёту. Адразу пасля мітынгу адбыўся партызанскі парад 1944 г.
У выніку Беларускай аперацыі была поўнасцю вызвалена Беларусь у яе сучасных межах, большая частка Літвы, частка Латвіі, усходнія раёны Польшчы. Чырвоная армія прасунулася на 550–600 км і ўпершыню за час вайны падышла да тагачасных граніц Германіі, наблізіўшыся ўшчыльную да Усходняй Прусіі. У ходзе аперацыі савецкія войскі разграмілі нямецкую групу армій «Цэнтр»; 17 дывізій і 3 брыгады былі знішчаны, 50 дывізій страцілі больш за палову свайго саставу.
Вялікія страты ў ходзе аперацыі «Баграціён» панесла і Чырвоная армія. Толькі падчас ажыццяўлення 1‑га і 2‑га яе этапаў (23 чэрвеня — 4 ліпеня 1944; 5–29 ліпеня 1944) незваротныя страты савецкіх войскаў склалі 178 507 чалавек (у сярэднім за суткі гінула больш за 2 600 чалавек); атрымалі раненні, выбылі са строю па хваробе 587 308 чалавек, многія з іх потым вярнуліся ў строй.
На беларускай зямлі ў брацкіх магілах вечным сном спяць сотні тысяч савецкіх воінаў.
Радзіма высока ацаніла масавы гераізм воінаў Чырвонай арміі і народа ў баях за вызваленне Беларусі: больш як 1 600 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза; у ліпені — жніўні 1944 г. ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны больш за 402 тыс. воінаў чатырох франтоў, 874 злучэнні і часці ўзнагароджаны ордэнамі СССР, 747 воінскіх часцей і злучэнняў, якія вызначыліся ў Беларускай аперацыі, атрымалі ганаровыя найменні вызваленых імі гарадоў і мясцовасцей.
Разгром нямецка-фашысцкіх войск на тэрыторыі Беларусі стварыў спрыяльныя ўмовы для іншых наступальных аперацый. Чырвоная армія ў 2‑й палове 1944 г. выгнала ворага амаль з усёй тэрыторыі СССР і, верная інтэрнацыянальнаму абавязку, пачала вызваленне народаў Еўропы ад фашысцкай няволі. У студзені 1945 г. савецкія войскі перайшлі ў наступленне на фронце ад Балтыйскага мора да Карпат. Войскі Чырвонай арміі (1‑ы і 2‑і Беларускія, 1‑ы Украінскі франты) 16 красавіка 1945 г. пачалі Берлінскую аперацыю, акружылі і разграмілі берлінскую групоўку ворага, 30 красавіка ўварваліся ў Рэйхстаг і ўзнялі Сцяг Перамогі. Фашысцкая Германія 8 мая 1945 г. падпісала Акт аб безагаворачнай капітуляцыі.
У жніўні 1945 г. на Далёкім Усходзе Чырвоная армія з удзелам войск Мангольскай Народнай Рэспублікі разграміла японскую Квантунскую армію. Японія 2 верасня 1945 г. падпісала Акт аб безагаворачнай капітуляцыі, што азначала канец Другой сусветнай вайны.
Перамога над фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі была атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах.
Савецкі народ і яго Чырвоная армія адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе супраць рэакцыйных сіл, вынеслі на сваіх плячах асноўны цяжар вайны, пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі атрымалі ваенную, палітычную і эканамічную перамогу. Яны не толькі адстаялі сваю Радзіму, але і выратавалі народы свету ад пагрозы гітлераўскага заняволення. СССР узмацніў свой міжнародны аўтарытэт.
У гэтай вайне Савецкая краіна страціла больш за 27 млн чалавек, у т. л. Беларусь — каля 3 млн чалавек. Толькі прамыя матэрыяльныя страты СССР склалі 679 млрд руб., у т. л. БССР — 75 млрд руб. Краіна страціла каля 30 % нацыянальнага багацця (гл. Матэрыяльныя страты). Дзякуючы гераічнай працы ўсяго савецкага народа, аднаўлялася разбураная народная гаспадарка акупіраваных абласцей, у т. л. Беларусі (гл. Аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі ў 1943–1945 гг.).
Складаныя задачы стаялі перад народам Беларусі пасля выгнання ворага за межы рэспублікі. Эканоміку, сацыяльна-культурную сферу трэба было падымаць з разрухі.
На момант вызвалення ад фашыстаў у беларускіх рэгіёнах захавалася толькі 15 % даваенных прадпрыемстваў, 26 % жылога фонду гарадоў і райцэнтраў.
Карыстаючыся матэрыяльнай, фінансавай і кадравай дапамогай, якая паступала з іншых рэгіёнаў Савецкага Саюза, ужо ў 1943, 1944 і 1945 гг. жыхары Беларусі зрабілі першыя крокі па аднаўленні гарадоў, прамысловасці, транспарту, сельскай гаспадаркі. Паўсюдна дзясяткі тысяч людзей розных прафесій разбіралі завалы, збіралі будаўнічыя матэрыялы, у т. л. цэглу, расчышчалі вуліцы і фабрычныя пляцоўкі, узводзілі новыя будынкі, рамантавалі дарогі. Аддаючы ўсе сілы, хуткімі тэмпамі людзі адраджалі разбураныя заводы і фабрыкі. Рабочыя, інжынеры і тэхнікі тыднямі не сыходзілі з прадпрыемстваў, выконваючы загад любой цаной запусціць іх. І гэтыя гераічныя намаганні давалі свой плён.
У канцы 1944 г. у БССР пачалі работу звыш 3,4 тыс. вытворчых адзінак, да канца 1‑га паўгоддзя 1945 г. дзейнічала каля 8 тыс. прадпрыемстваў, арцеляў і майстэрняў.
Надавалася ўвага і будаўніцтву новых перспектыўных прадпрыемстваў. У канцы лета 1944 г. прынята рашэнне аб будаўніцтве пад Мінскам аўтазборачнага завода. У лістападзе 1944 г. адсюль на фронт былі адпраўлены першыя аўтамашыны. Так пачынаў свой шлях Мінскі аўтамабільны завод.
Хуткімі тэмпамі аднаўляўся транспарт. Да лютага 1945 г. у Беларусі было адбудавана больш за 10 тыс. км чыгуначных пуцей, звыш 1 700 мастоў. На восень 1945 г. даўжыня дзеючых беларускіх чыгунак склала больш за 80 % ад даваеннай. Рэспубліканскі аўтапарк да канца 1945 г. адноўлены на 40 %.
У найцяжэйшых умовах пасля выгнання ворага, калі яшчэ працягвалася вайна, даводзілася адраджаць сельскую гаспадарку. Беларуская вёска была спустошана і знясілена, засталася амаль без мужчын. Ад даваеннай колькасці захаваліся толькі 39 % коней, 31 % буйной рагатай жывёлы; пасяўныя плошчы ў 1944 г. у параўнанні з 1940 г. зменшыліся на 43 %. Працавалі шмат і вельмі цяжка. Напрыклад, часта людзям даводзілася на сабе пераносіць за шмат кіламетраў з чыгуначных станцый у гаспадаркі выдзеленае ўладамі збожжа. З-за адсутнасці тэхнікі і коней аралі і апрацоўвалі зямлю, упрагаючы больш моцных работнікаў у плуг, барану, або бралі для гэтага кароў. Паступова вяскоўцы аднаўлялі разбураную вытворчасць, знаходзілі рэзервы для забеспячэння харчамі фронту, прамысловасці, гарадскога насельніцтва.
Жыхары рэспублікі ўдзельнічалі ў аднаўленні гарадоў, населеных пунктаў, жылога фонду. Толькі ў 1‑й палове 1945 г. упартай працай па ўсёй Беларусі расчышчана для будаўніцтва значная колькасць пляцовак, сабрана з руін больш за 12 млн штук цэглы, тысячы квадратных метраў радыятараў ацяплення. За 1944–1945 гг. у гарадах і пасёлках агульнымі намаганнямі ўзведзена і адноўлена больш за 1 млн м² жылой плошчы; у вёсцы было пабудавана звыш 170 тыс. дамоў. Паступова Беларусь узнімалася з руін і папялішчаў. Жыццё яе народа ў гэты час было вельмі цяжкім. Усё вытрымаць дапамагала яснае разуменне справядлівасці барацьбы з фашызмам, вера ў Перамогу, у тое, што дайсці да яе можна і трэба.
Беларускі народ заўсёды шанаваў і шануе памяць пра тых, хто, рызыкуючы уласным жыццём, абараніў свабоду і незалежнасць Айчыны. Помнікі і мемарыялы ў гонар гераічных подзвігаў савецкіх воінаў і партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на ўшанаванне памяці ахвяр нацызму ўзведзены практычна ва ўсіх гарадах, шматлікіх пасёлках і вёсках Беларусі. На беларускай зямлі іх каля 8,5 тыс. Каля многіх помнікаў гарыць Вечны агонь. Помнікі і мемарыялы не толькі сведчаць пра велічны подзвіг народа, яны сталі часткай духоўнага жыцця беларускага грамадства, гістарычнага аблічча краіны, адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці і агульначалавечых каштоўнасцей.