pdf

ВАЕННА-АПЕРАТЫЎНЫЯ ГРУПЫ

Дата стварэння: 02.03.2023 10:24:19

Дата змены: 11.09.2024 14:48:27


Вае́нна-аператы́ўныя гру́пы (ВАГ)

Партызанскія злучэнні, якія дзейнічалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Таксама назва органаў кіраўніцтва гэтымі злучэннямі.

Аб’ядноўвалі партызанскія палкі, брыгады, асобныя атрады.

У красавіку 1943 г. пры Магілёўскім падпольным абкаме КП(б)‌Б для аператыўнага кіраўніцтва партызанскім рухам на тэрыторыі вобласці была створана Магілёўская абласная ВАГ. Адначасова створана Магілёўскае партызанскае злучэнне (у яго ўвайшлі партызанскія брыгады і атрады, што дзейнічалі на тэрыторыі вобласці), якое таксама называлася Магілёўская ВАГ. У ліпені — жніўні 1943 г. Магілёўскі падпольны абкам КП(б)‌Б стварыў раённыя ВАГ пры Асіповіцкім, Быхаўскім, Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Круглянскім, Магілёўскім, Шклоўскім падпольных райкамах КП(б)‌Б, якія ўвайшлі ў Магілёўскае партызанскае злучэнне.

З мэтай паляпшэння партыйнага кіраўніцтва партызанскім рухам у аддаленых раёнах вобласці, размешчаных на ўсход ад р. Дняпро, кіраўніцтва якімі ўскладнялася з прычыны недахопу сродкаў сувязі, Магілёўскі падпольны абкам КП(б)‌Б стварыў у красавіку 1943 г. Паўднёва-Усходнюю і Паўночна-Усходнюю зоны; кіраўніцтва імі ажыццяўлялі ўпаўнаважаныя абкама КП(б)‌Б Я. М. Нікіфараў і М. В. Шпак. У сакавіку 1944 г. у Рагачоўскую ВАГ пераўтворана 8‑я Рагачоўская партызанская брыгада, якая перадыслацыравалася ў Магілёўскую вобласць.

Ваенна-аператыўныя групы расфарміроўваліся па меры вызвалення тэрыторыі вобласці часцямі Чырвонай арміі.