pdf

ЛЯСНЯНСКІ ЛАГЕР СМЕРЦІ

Дата стварэння: 15.02.2024 14:32:31

Дата змены: 27.02.2025 16:09:04


location Google location Yandex

Ляснянскі лагер смерці

ЛЯСНЯНСКІ ЛАГЕР СМЕРЦІ, шталаг № 337

Брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных на месцы Ляснянскага лагера смерці.

Лясня́нскі ла́гер сме́рці, шталаг № 337

Месца масавага знішчэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян у 1941–1944 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Створаны нямецка-фашысцкімі акупантамі ў верасні 1941 г. у лясістай мясцовасці каля в. Бярозаўка Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці), за 2 км на поўнач ад чыгуначнай станцыі Лясная на лініі Баранавічы — Брэст як лагер савецкіх ваеннапалонных. Для іх размяшчэння першапачаткова былі выкарыстаны баракі-паўзямлянкі, якія засталіся ад летняга ваеннага лагера расійскіх, польскіх, а пазней і савецкіх войск, што існаваў тут з 1890‑х гг.; пазней будаваліся новыя падобныя памяшканні.

Лагер складаўся з дзвюх частак, падзеленых шашой Баранавічы — Слонім і р. Дзеравянка. На поўдзень ад шашы размяшчалася асноўная частка, на поўнач ад шашы і рэчкі — каранцінная. Асноўная частка ўяўляла правільны прамавугольнік, выцягнуты з поўначы на поўдзень даўжынёй каля 1,5 км. Хоць лагер і быў пастаянным, унутры яго меўся асобны барак для перасыльных ваеннапалонных, якіх везлі далей на захад з ліквідаваных на ўсходзе лагераў. Перасыльныя каманды фарміраваліся і ў самім лагеры.

У 1942 г. Ляснянскі лагер меў філіял (турма ў г. Баранавічы) і 6 аддзяленняў — у г. Косава, в. Івацэвічы (цяпер горад, цэнтр раёна) Косаўскага раёна Брэсцкай вобласці, в. Даманава Быценскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці), г. п. Гарадзея, в. Пагарэльцы Нясвіжскага раёна і ў г. Стоўбцы Баранавіцкай (цяпер Мінскай) вобласці.

Лагер моцна ахоўваўся гітлераўскімі вайскоўцамі і ўзброенымі калабарацыяністамі з Украіны. Яго асноўная частка была абнесена двума радамі агароджы з калючага дроту, паміж якімі на зямлі ляжала зробленая з таго ж дроту непраходная спіраль. У кутах агароджы і паміж імі стаялі вышкі для кулямётчыкаў. На выпадак бою з партызанамі, якія актыўна дзейнічалі ў наваколлі, лагер быў абкружаны акопамі і пабудаванымі бетоннымі агнявымі пунктамі.

У бараках не хапала месца ўсім ваеннапалонным (пастаянна тут трымалі да 5,5 тыс. чалавек), таму большасць вязняў зімой 1941–1942 гг. заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы гітлераўцы ўстанавілі галодны рэжым (на аднаго чалавека выдавалі на дзень 125 г хлеба з пілавіннем і 1,5 л рэдкай поснай поліўкі — баланды). Летам 1942 г. харчаванне палонных троху палепшылася, што дазваляла ім не памерці з голаду. Большасць з іх была задзейнічана ў розных рабочых камандах. Работа па-за межамі лагера давала пэўны шанец уцячы, і некаторым гэта ўдалося.

Нацысцкім кіраўніцтвам і аховай лагера быў устаноўлены жорсткі, тэрарыстычны рэжым. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы і павешанні. Асабліва здзекаваліся з камандзіраў Чырвонай арміі. У жніўні 1942 г., калі вязні адмовіліся ісці ў калабарацыянісцкія вайсковыя фарміраванні, за суткі ў «душагубцы» было знішчана 720 чалавек.

У канцы лета 1943 г. апошнія ваеннапалонныя былі вывезены ў іншыя лагеры, а на іх месца заселены прымусова эвакуіраваныя гітлераўцамі мірныя жыхары прыфрантавых раёнаў Расіі, многія з якіх загінулі ад голаду і хвароб. Летам 1944 г. яны былі адпраўлены з лагера па навакольных вёсках на сельскагаспадарчыя работы, дзе іх і вызваліла Чырвоная армія.

У лагеры і яго філіялах за час існавання загублена 88 407 чалавек.

На магілах ахвяр фашызму на чыгуначнай станцыі Лясная, каля в. Бярозаўка і на месцы філіяла лагера ў г. Баранавічы пастаўлены помнікі.

Матэрыялы аб трагедыі вязняў Ляснянскага лагера смерці захоўваюцца ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі Брэсцкай вобласці.