Дата стварэння: 02.03.2023 10:27:53
Дата змены: 11.09.2024 14:48:27
Ве́дрыцкі бой 1943 г.
Бой партызанскай брыгады 99‑й Калінкавіцкай, партызанскай брыгады 101‑й Даманавіцкай і партызанскай брыгады Васілевіцкай імя П. К. Панамарэнкі супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў ва ўрочышчы Ведрыч Васілевіцкага раёна Палескай вобласці ў жніўні 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Партызанская разведка ўстанавіла, што на жывёлагадоўчай базе «Лугас» гітлераўцы падрыхтавалі да адпраўкі ў Германію 2 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, нарабаванай у мясцовага насельніцтва. Камандаванне Палескага партызанскага злучэння вырашыла перашкодзіць планам захопнікаў і знішчыць гарнізон, які ахоўваў базу. Партызаны блакіравалі гарнізон 23 жніўня 1943 г. з поўдня, каб не дапусціць падыходу падмацавання з боку чыгуначнай станцыі Васілевічы, кулямётным агнём падавілі дзоты праціўніка, збілі з вышкі кулямётчыкаў і авалодалі базай.
Большая частка гарнізона была знішчана, захоплена звыш 500 галоў жывёлы. Партызаны страцілі 12 чалавек забітымі і параненымі.