ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ ЦК КП(б)‌Б, Вілейскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ ЦК КП(б)‌Б

Дата стварэння: 15.02.2024 14:36:01

Дата змены: 15.05.2025 15:21:54


Партыза́нская брыга́да імя́ ЦК КП(б)‌Б

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Астравецкага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Пліскага раёнаў Вілейскай вобласці (Астравецкі раён цяпер у Гродзенскай вобласці, астатнія раёны ў Віцебскай вобласці, у т. л. тэрыторыя скасаванага Пліскага) і Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

Створана ў сакавіку 1943 г. Спачатку дзейнічала як адноўлены 1‑ы батальён, арганізаваны ў кастрычніку 1942 г. з атрада імя А. Я. Пархоменкі, вылучанага брыгадай «За Савецкую Беларусь» (пазней партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага Віцебскай і Вілейскай абласцей) і перадыслацыраванага з Віцебскай у Вілейскую вобласць, і асобных партызанскіх груп П. Ф. Рудава, М. З. Умінскага, А. I. ІІІаўчэнкі, якія прыбылі ў тыл ворага па заданні ЦК КП(б)‌Б. У студзені 1943 г. 1‑ы батальён быў перададзены брыгадзе Ф. С. Шляхтунова (пазней партызанская брыгада імя Л. М. Даватара), 1‑я рота перафарміравана ў 3‑і атрад імя А. Я. Пархоменкі, з 2‑й і 3‑й рот сфарміраваны 4‑ы атрад брыгады. У сакавіку 1943 г. гэтыя атрады былі зноў аб’яднаны ў 1‑ы батальён, які дзейнічаў самастойна. З батальёна былі вылучаны групы П. Ф. Рудава, М. З. Умінскага, А. I. ІІІаўчэнкі для арганізацыі асобных атрадаў, 4‑ы атрад расфарміраваны, на базе 3‑га атрада імя А. Я. Пархоменкі сфарміраваны 2‑і (пазней імя В. П. Чкалава), у маі — 3‑і (пазней імя Г. К. Жукава), у чэрвені — 4‑ы.

У чэрвені 1943 г. батальён перайменаваны ў брыгаду А. Д. Мядзведзева. У жніўні да брыгады далучаны 5‑м атрад М. З. Умінскага (пазней імя Дзянісава), у верасні атрад 4‑ы перададзены партызанскай брыгадзе імя К. К. Ракасоўскага і перайменаваны ў атрад імя Г. К. Жукава. У лютым 1944 г. брыгада атрымала імя ЦК КП(б)‌Б. У сакавіку 1944 г. сфарміраваны новы атрад 4‑ы імя Д. А. Фурманава.

Партызаны батальёна, потым брыгады, разам з іншымі партызанскімі брыгадамі Вілейскай вобласці былі заходнім заслонам Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У кастрычніку — снежні 1942 г. разграмілі валасную ўправу і падарвалі маслазавод у в. Язна Дзісенскага раёна Вілейскай вобласці (цяпер у Мёрскім раёне Віцебскай вобласці), на чыгунках і шашэйных дарогах спалілі і падарвалі 32 масты, знішчылі каля 7 км тэлефонна-тэлеграфных ліній. У маі 1943 г. разграмілі гарнізон у г. Докшыцы. Толькі 3 сакавіка 1943 г. на чыгуначным участку Полацк — Маладзечна ўзарвалі больш за 250 рэек (рух спыніўся на 7 сутак); у ноч на 20 чэрвеня 1944 г. на чыгуначным участку Вільнюс — Смаргонь падарвалі 300 рэек. У маі і верасні 1943 г., красавіку 1944 г. вялі баі супраць карнікаў, прарывалі блакаду і не спынялі баявых дзеянняў. Вялі баі каля вёсак Тумілавічы, Несцераўшчына, Дзедзіна Докшыцкага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 6 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя А. Я. Пархоменкі, 2‑і імя В. П. Чкалава, 3‑і імя Г. К. Жукава, 4‑ы імя Д. А. Фурманава, 5‑ы імя Дзянісава, у якіх налічвалася 338 партызан.

Камандзіры брыгады: А. Д. Мядзведзеў, М. Р. Пучкароў (выконваў абавязкі), М. I. Фёдараў; камісары: Ц. М. Бондараў, Ф. Я. Воранаў, М. Р. Пучкароў, У. П. Шчуцкі; начальнік штаба I. А. Цяста.

У гонар брыгады ў г. п. Астравец у 1968 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, у в. Горнава 2 Докшыцкага раёна ў 1967 г. — мемарыяльная дошка, у 1969 г. каля вёскі — стэла.