pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 100-ы

Дата стварэння: 15.02.2024 14:37:06

Дата змены: 11.09.2024 14:52:01

Партыза́нскі атра́д 100‑ы

Дзейнічаў у час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бабруйскага, Быхаўскага і Кіраўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

У чэрвені 1942 г. у Кіраўскім раёне на базе груп чырвонай самаабароны вёсак Перунова, Нямкі, Чыгірынка і іншых створаны Нямкоўскі атрад самаабароны (камандзір Ф. С. Міхайлаў, камісар А. В. Казлоўскі), які 14 лістапада 1942 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра пераўтвораны ў партызанскі атрад 100‑ы. З 27 лістапада 1942 г. у партызанскай брыгадзе 2‑й Клічаўскай Магілёўскай вобласці, з сакавіка 1943 г. у партызанскай брыгадзе 9‑й Кіраўскай, з ліпеня 1943 г. асобны атрад Кіраўскай ваенна-аператыўнай групы.

Партызаны наносілі ўдары па чыгуначнай лініі Орша — Жлобін, шашы Магілёў — Бабруйск. У жніўні 1943 г. і чэрвені 1944 г. удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна», 29 кастрычніка 1943 г. — у разгроме апорнага пункта ў в. Казулічы Кіраўскага раёна. У красавіку — маі 1944 г. падарвалі 15 аўтамашын, знішчылі 2 масты, больш за 11 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі.

Атрад (344 партызаны) злучыўся з Чырвонай арміяй 27 чэрвеня 1944 г.

Камандзіры атрада: Ф. С. Міхайлаў, А. В. Казлоўскі (выконваў абавязкі); камісары: I. I. Дамброўскі, А. I. Бычкоў; начальнікі штаба: А. В. Казлоўскі, Р. М. Драгун (выконваў абавязкі).