«Уро́чышча Гай»
Мемарыяльны комплекс у памяць аб 3 тыс. мірных грамадзян, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў чэрвені 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Створаны ва ўрочышчы Гай на паўночна-ўсходняй ускраіне г. Баранавічы Брэсцкай вобласці, побач з чыгункай Баранавічы — Мінск у 1971–1972 гг. (скульптар: М. Альштулер; архітэктары: А. Макараў, А. Марэніч, М. Мілавідаў).
Цэнтральны манумент устаноўлены на месцы, дзе стаяў кулямёт, з якога нацысцкія ка́ты расстрэльвалі ахвяр. Складаецца з 2 пілонаў, вышыня якіх 13 і 14 м, формай нагадваюць слупы канцлагернай агароджы. Уверсе яны злучаны аркай, да якой падвешаны бронзавы звон. Унізе ўстаноўлены медны рэльеф: чалавечыя рукі, узнятыя і сціснутыя ў пратэсце, перадаюць эмацыянальны стан жорстка падманутых людзей падчас расстрэлу (нацысты абяцалі ім годнае жыццё і працу ў Беларусі). У комплекс уваходзяць: 2 брацкія магілы, аб’яднаныя бетоннай плітой-эшафотам з надпісам; сімвалічны “Парог жыцця і смерці” (бетонны брус, пакладзены ўпоперак палявой дарогі), “Сцяна загінуўшых” з 3 тыс. камянёў.