Уро́чышча Гай
Месца масавага знішчэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі яўрэйскага насельніцтва ў час Вялікай Айчыннай вайны (гай каля чыгункі Баранавічы — Мінск на паўночна-ўсходняй ускраіне г. Баранавічы Брэсцкай вобласці).
У чэрвені 1942 г. гітлераўцы даставілі на чыгуначную станцыю Баранавічы эшалон з 3 тыс. чалавек, у т. л. 1 000 яўрэяў з гета г. Тэрэзін (Чэхія). Сярод прывезеных пераважалі прадстаўнікі інтэлігенцыі (урачы, інжынеры, настаўнікі і інш.) з сем’ямі. Нацысты абяцалі ім годнае жыццё і працу ў Беларусі. Людзям загадалі пакінуць усе свае рэчы ў вагонах, сесці ў грузавыя аўтамашыны і ехаць «на абед». Іх прывозілі ва ўрочышча Гай і там невялікімі групамі расстрэльвалі, частку па дарозе атруцілі газам у спецыяльных машынах-«душагубках». Загубленых людзей скідвалі ў два загадзя выкапаныя равы. Рэчы ахвяр былі перавезены ў СД і прысвоены яго супрацоўнікамі.
У 1971–1972 гг. на ўшанаванне памяці ахвяр нацысцкага тэрору створаны мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».