Дата стварэння: 19.02.2024 11:04:24
Дата змены: 15.07.2024 14:10:35
Партыза́нская брыга́да імя́ С. М. Кі́рава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Халопеніцкага, Крупскага і Барысаўскага раёнаў Мінскай вобласці.
Створана ў снежні 1942 г. рашэннем Барысаўскага падпольнага міжрайпартцэнтра на базе атрада імя С. М. Кірава (арганізаваны ў жніўні 1942, дзейнічаў асобна). У студзені 1943 г. арганізаваны атрад імя М. В. Фрунзэ, у сакавіку — атрад «За Перамогу», у кастрычніку — атрад 4‑ы.
Партызаны наносілі ўдары па варожых камунікацыях на чыгуначным участку Барысаў — Крупкі і прылеглых да яго дарогах. Падарвалі і спалілі 15 мастоў на грунтавых і шашэйных дарогах, у студзені 1943 г. удзельнічалі ў нападзе на варожы гарнізон у в. Красналукі Халопеніцкага раёна. У чэрвені 1943 г. вялі баі з карнікамі на р. Гурба ў Халопецкім pаёне і каля вёсак Сялец і Пастрэжжа Бягомльскага раёна. У снежні 1943 г. спалілі ў Барысаве 5 нямецкіх складоў. Зрабілі 21 дыверсію ўздоўж чыгункі Мінск — Барысаў, каб падарваць падземны кабель, які злучаў фронт са стаўкай Гітлера. У чэрвені — ліпені 1944 г. разам з часцямі Чырвонай арміі ачышчалі тэрыторыі Халопеніцкага і Барысаўскага раёнаў ад варожых груп.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя С. М. Кірава, імя М. В. Фрунзэ, «За Перамогу», 4‑ы, у якіх налічваўся 771 партызан.
Камандзір брыгады Ф. Ц. Пуставіт; камісары: I. I. Панкевіч, М. А. Пасекаў; начальнікі штаба: П. Р. Сівакоў (выконваў абавязкі), В. А. Шаркоў, А. М. Гамеза.
У гонар штаба брыгады ў в. Жортай Барысаўскага pаёна Мінскай вобласці ў 1965 г. пастаўлены помнік.