pdf

«КРАСНАЯ ЗАРЯ»

Дата стварэння: 05.03.2024 09:11:24

Дата змены: 11.09.2024 15:26:25

«Кра́сная заря́»

Газета, заснавана ў кастрычніку 1939 г. пад назвай «Чырвоная зара», орган Драгічынскага райкама КП(б)‌Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Пінскай вобласці. Выходзіла да 20 чэрвеня 1941 г.

У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Драгічынскага падпольнага райкама КП(б)‌Б. Выходзіла пры штабе партызанскай брыгады імя В. М. Молатава, дзе знаходзіліся друкарня і рэдакцыя падпольнай газеты «Партизан Полесья» [орган Іванаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б]. Было выдадзена 36 нумароў агульным тыражом 4,4 тыс. экзэмпляраў. Вядомы 24 нумары (№ 1–17 за 1943; № 1–7 за 1944) за перыяд з 25 кастрычніка 1943 г. да 26 сакавіка 1944 г. на рускай мове. Рэдактар Я. П. Пчолка.

Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад назвай «Чырвоная зорка» (да 25.4.1962). З 9 сакавіка 1963 г. пасля перапынку ў выданні была адноўлена пад назвай «Запаветы Леніна». З 1965 г. — орган Драгічынскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977) Брэсцкай вобласці.

З 1990 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Драгічынскі веснік» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Драгічынскі раённы выканаўчы камітэт і Драгічынскі раённы Савет дэпутатаў, калектыў рэдакцыі.