Дата стварэння: 05.03.2024 10:29:31
Дата змены: 11.09.2024 14:18:05
«Шлях соцыялі́зма» («Шлях сацыялізма»)
Газета, заснавана ў лютым 1935 г. як орган Мінскага гаркама КП(б)Б і райвыканкама, са жніўня 1936 г. орган Мінскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Выходзіла да 23 чэрвеня 1941 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Мінскага сельскага падпольнага райкама КП(б)Б. Вядома 28 нумароў за перыяд з 13 мая 1943 г. да 21 чэрвеня 1944 г., пераважна на беларускай мове. Асобныя нумары (№ 4, 72 за 1943; № 77, 80 за 1944) і частка матэрыялаў іншых нумароў на рускай мове. Рэдактар Я. К. Ахрамовіч.
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай. З 29 красавіка 1962 г. называлася «Шлях камунізма». З 1965 г. друкавалася як орган Мінскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977).
Раённая газета, з 1991 г. мела назву «Наша жыццё», з кастрычніка 2007 г. выходзіць пад назвай «Прысталічча» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнік — Мінскі раённы выканаўчы камітэт. З чэрвеня 2017 г. далучылася да Мінскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Рэдакцыя газеты “Мінская праўда”».