Дата стварэння: 15.03.2024 10:45:28
Дата змены: 11.09.2024 15:07:20
Партыза́нская брыга́да 5‑я Клятня́нская
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Арлоўскай вобласці РСФСР, Касцюковіцкага і Хоцімскага раёнаў Магілёўскай вобласці БССР.
Створана ў сакавіку 1943 г. на базе партызанскіх атрадаў «Бясстрашны» [рус. «Неустрашимый»; арганізаваны ў ліпені 1941, у ліпені 1942 устанавіў сувязь з Заходнім штабам партызанскага руху (ЗШПР), у снежні 1942 уключаны ў партызанскую брыгаду 3‑ю Клятнянскую] і «За Савецкую Беларусь» (арганізаваны ў красавіку 1942).
Партызаны тады яшчэ асобных атрадаў «Бясстрашны» і «За Савецкую Беларусь» 18 лістапада 1942 г. разграмілі чыгуначную станцыю Журбін (цяпер прыпыначны пункт каля аднайменнай вёскі ў Касцюковіцкім раёне) на лініі Крычаў — Унеча (Расія), у студзені 1943 г. вялі баі з карнікамі за выхад з блакады ў Клятнянскіх лясах.
Загадам ЗШПР атрад «Бясстрашны» быў вылучаны для фарміравання 5‑й Клятнянскай брыгады, у канцы красавіка 1943 г. у складзе брыгады атрад разгорнуты ў полк «Бясстрашны» (уключаў 1‑ы, 2‑і батальёны). У маі 1943 г. атрад «За Савецкую Беларусь» рэарганізаваны ў 1‑ы батальён. У ліпені 1943 г. полк (налічваў 750 чалавек) расфарміраваны, яго 1‑ы і 2‑і батальёны перайменаваны ў 2‑і і 3‑і батальёны брыгады. У верасні 1943 г. з рэзерву брыгады ўтвораны 4‑ы батальён.
У лютым — ліпені 1943 г. партызаны правялі больш за 100 баёў.
У красавіку 1943 г. разбілі варожую ахову моста цераз р. Сураў на дарозе Хоцімск — Касцюковічы каля в. Круты Роў Касцюковіцкага раёна. У жніўні і верасні 1943 г. на чыгуначным участку Камунары — Журбін — Сураж на лініі Крычаў — Унеча падарвалі больш за 1,5 тыс. рэек. Разам з часцямі Чырвонай арміі вялі баі супраць варожых груп на дарозе Чэрыкаў — Краснаполле.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 верасня 1943 г., на той момант уключала батальёны 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы, у складзе якіх змагаліся 1 488 партызан.
Камандзір брыгады А. М. Яромін; камісары: С. I. Сядоў, П. С. Кляцко (выконваў абавязкі); начальнік штаба М. Г. Мураўёў.