Дата стварэння: 15.03.2024 10:47:27
Дата змены: 11.09.2024 15:01:49
Партыза́нская брыга́да 760‑я імя́ М. Беразо́ўскага (партыза́нскі атра́д 760‑ы імя́ М. Беразо́ўскага)
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клічаўскага, Бялыніцкага, Шклоўскага, Магілёўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.
Атрад пачаў стварацца ў лютым 1942 г., у красавіку ўвайшоў у склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра як 760‑ы, з лістапада — у партызанскай брыгадзе 5‑й Клічаўскай. У снежні 1942 г. атраду нададзена імя М. Беразоўскага, аднаго з арганізатараў атрада, які загінуў у баі 6 сакавіка 1942 г. У маі 1943 г. атрад быў перададзены ў партызанскую брыгаду 6‑ю Магілёўскую, з 20 ліпеня 1943 г. — асобны атрад Бялыніцкай ваенна-аператыўнай групы.
Партызаны праводзілі баявыя дзеянні на чыгунках Барысаў — Орша, Орша — Магілёў, Магілёў — Асіповічы і на шашэйных дарогах. Удзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у г. п. Клічаў і в. Дручаны ў красавіку 1943 г., у г. п. Бялынічы ў верасні 1943 г. (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.). Вялі баі з карнікамі, абарончыя баі. Удзельнічалі 20 чэрвеня 1944 г. у захопе чыгуначнага ўчастка Шклоў — Латва́ (Лотва), падарвалі 846 рэек.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант у ім налічвалася 487 партызан. Пасля злучэння Беларускі штаб партызанскага руху вызначыў 760‑ы атрад як брыгаду ў складзе трох атрадаў з верасня 1943 г.
Камандзіры: Г. М. Колбнеў (загінуў), Р. I. Перасценка; камісар В. М. Міхайлаў; начальнікі штаба: I. Я. Лантухоў (загінуў), М. А. Баранаў, К. I. Ражаў.