pdf

ВЫСОКАЕ

Дата стварэння: 25.04.2024 09:00:28

Дата змены: 11.09.2024 15:17:05


location Google location Yandex

Высокае (помнік ахвярам фашызму)

ВЫСОКАЕ, горад

Абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у горадзе Высокае.

ВЫСОКАЕ, горад

Памятны знак ахвярам фашызму ў горадзе Высокае.

Высо́кае

Горад у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца за 40 км на захад ад г. Камянец, за 45 км ад г. Брэст, за 384 км ад Мінска, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск (на лініі Брэст — Беласток), аўтадарогамі звязаны з гарадамі Брэст, Камянец, Пружаны.

Да 1939 г. называўся Высока-Літоўск.

У 1940–1962 гг. цэнтр Высокаўскага раёна.

У 1939 г. у Высокім было 6,1 тыс. жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У Высокім напярэдадні 22 чэрвеня 1941 г. размяшчаўся штаб 62‑га (Брэсцкага) умацаванага раёна, а таксама штаб 49‑й стралковай дывізіі.

Высокае акупіравана 23 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе i раёне 1 301 чалавека, у т. л. 83 ваеннапалонныя і 320 яўрэяў у гета ў Высокім (астатнія вязні гета, ад 2,5 да 3 тыс. чалавек, былі вывезены ў канцлагер Трэблінка на тэрыторыі Польшчы і загінулі там).

На тэрыторыі раёна дзейнічалі Высокаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанскі атрад «За Радзіму» (Брэсцкай вобласці), партызанскі атрад імя М. І. Кутузава (Брэсцкай вобласці), партызанскі атрад імя Э. Тэльмана (Брэсцкай вобласці, камандзір М. І. Каваленка), партызанскі атрад «Чэкіст».

Высокае вызвалена 28 ліпеня 1944 г. воінамі 54‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр М. М. Данілаў) 3‑га гвардзейскага стралковага корпуса, 152‑й стралковай дывізіі (палкоўнік А. Ц. Кузін) 128‑га стралковага корпуса 28‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г.

У Высокім знаходзяцца:

  • брацкая магіла савецкіх воінаў i партызан, на якой пастаўлены абеліск;

  • памятны знак ахвярам фашызму — закатаваным тут вязням гета і яўрэям, вывезеным у канцлагер Трэблінка; пастаўлены каля руін сінагогі.