Вялі́кая Бераставі́ца
Гарадскі пасёлак, цэнтр Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, на р. Бераставічанка. Знаходзіцца за 63 км на поўдзень ад г. Гродна, за 304 км ад Мінска, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Бераставіца (на лініі Масты — Бераставіца), на аўтадарозе Гродна — Пагранічны — Ваўкавыск.
У 1940–1947 гг. вёска.
У 1940–1944 гг. у Крынкаўскім раёне.
У 1939 г. у Вялікай Бераставіцы — 1 553 жыхары.
Вялікая Бераставіца акупіравана 23 чэрвеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Крынкаўскім раёне загінулі 634 чалавекі, у т. л. 411 вязняў гета ў Вялікай Бераставіцы, многія з якіх у 1941–1942 гг. былі вывезены ў гета ў г. Крынкі (цяпер Польшча) і іншыя населеныя пункты або ў 1942 г. на станцыю Малкіня (Польшча), дзе былі загублены.
Дзейнічалі Крынкаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада імя Кастуся Каліноўскага і партызанскі атрад 550‑ы.
Вялікая Бераставіца вызвалена 16 ліпеня 1944 г. воінамі 120‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (палкоўнік П. С. Цялкоў) 3‑й арміі 2‑га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 г.
У сувязі з перадачай Польшчы 20 верасня 1944 г. часткі тэрыторыі Крынкаўскага раёна разам з Крынкамі, цэнтр раёна быў перанесены ў Вялікую Бераставіцу, раён перайменаваны ў Бераставіцкі.
У Вялікай Бераставіцы знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў, на якіх устаноўлены помнікі;
мемарыял Славы (архітэктар А. А. Казловіч), створаны на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, у складзе якога скульптура воіна, Сцяна Памяці з прозвішчамі землякоў, што загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, і Вечны агонь;
помнік С. В. Прытыцкаму.