pdf

МАЛАРЫТА

Дата стварэння: 25.04.2024 09:16:22

Дата змены: 11.09.2024 15:17:05


location Google location Yandex

Маларыта (тэрыторыя гета)

МАЛАРЫТА, горад

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у горадзе Маларыта.

МАЛАРЫТА, горад

Помнік на магіле ахвяр фашызму — вязняў гета ў горадзе Маларыта.

МАЛАРЫТА, горад

Помнік на брацкай магіле савецкіх танкістаў у горадзе Маларыта.

МАЛАРЫТА, горад

Памятны знак у гонар 40‑годдзя вызвалення Маларыцкага раёна.

Малары́та

Горад, цэнтр Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, на р. Маларыта. Знаходзіцца за 52 км на паўднёвы ўсход ад г. Брэст, за 351 км ад Мінска, чыгуначная станцыя (на лініі Брэст — Ковель), аўтадарогамі звязана з гарадамі Брэст і Кобрын.

У 1940–1970 гг. гарадскі пасёлак.

У 1940 г. у Маларыце было 3 748 жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У першыя дні вайны з 22 да 27 чэрвеня 1941 г. у раёне Маларыты на левым флангу 4‑й арміі Заходняга фронту гераічна змагаліся часці 75‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр С. I. Нядзвігін) супраць трох дывізій (у т. л. танкавай) нямецкага 53‑га армейскага корпуса. Воіны дывізіі вялі жорсткія баі каля в. Хаціслаў (цяпер аграгарадок), дзе 25 чэрвеня 1941 г. батальён 34‑га стралковага палка акружыў і знішчыў артылерыйскі полк гітлераўцаў; каля в. Збураж абарону трымаў 115‑ы стралковы полк, каля ўрочышча Мелавая Гара — падраздзяленні 235‑га гаўбічнага палка, якія знішчылі амаль батальён салдат і афіцэраў праціўніка, адбілі некалькі танкавых атак ворага; 28‑ы стралковы полк, які адышоў з баямі ад г. п. Дамачава да Маларыты, суткі адбіваў атакі ворага ў акружэнні, прарваў яго і выйшаў да чыгункі Брэст — Пінск. Упартыя баі ішлі таксама каля вёсак Олтуш, Макраны, Лукава і інш. Нямецкі генерал Г. Гудэрыян у сваёй кнізе «Успаміны салдата» пісаў: «У 20 гадзін 15 хвілін 24 чэрвеня я даведаўся аб цяжкіх баях на нашым правым флангу, дзе з 23 чэрвеня нямецкія войскі адбівалі атакі рускіх каля Маларыты». Патраціўшы амаль поўнасцю боепрыпасы і гаручае, часці 75‑й стралковай дывізіі прарвалі акружэнне ў напрамку в. Лукава і адышлі да г. Пінск. Камандаванне 4‑й нямецкай арміі толькі 2 ліпеня перакінула свае войскі з ваколіц Маларыты на лінію Кобрын — Баранавічы.

Маларыта акупіравана 22 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 3 299 мірных жыхароў і 50 ваеннапалонных. У гета ў Маларыце загінула 2,8 тыс. яўрэяў з усяго раёна.

У раённым цэнтры дзейнічала падпольная антыфашысцкая група, у раёне — Маларыцка-Дамачаўскі падпольны міжрайкам КП(б)‌Б, Маларыцкі падпольны райкам КП(б)‌Б і Маларыцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада імя І. В. Сталіна (Брэсцкай вобласці), партызанская брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, партызанская брыгада імя У. І. Леніна (Брэсцкай вобласці), партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава (Брэсцкай вобласці, камандзір Б. М. Міхайлоўскі), партызанскі атрад імя П. Л. Валькова.

Маларыта вызвалена 20 ліпеня 1944 г. воінамі 76‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр А. В. Кірсанаў) 114‑га стралковага корпуса 70‑й арміі 1‑га Беларускага фронту і партызанамі брыгады імя У. І. Леніна (камандзір В. У. Каткоў) у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г.

У Маларыце знаходзяцца:

  • брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, помнік на якой увекавечвае таксама памяць жыхароў Маларыты, што загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах у час Вялікай Айчыннай вайны; брацкая магіла трох савецкіх танкістаў, якія загінулі ў баі 28 верасня 1939 г.; магіла партызана А. М. Юшчука, які загінуў ад рук фашыстаў у 1943 г.; магіла ахвяр фашызму; на магілах пастаўлены помнікі;

  • памятны знак у гонар 40‑годдзя вызвалення Маларыцкага раёна;

  • мемарыяльныя дошкі ў гонар М. I. Бугаёвай (арганізатар падпольнай антыфашысцкай групы), Ф. Я. Маруды (сакратар Маларыцкага падпольнага райкама ЛКСМБ) і земляка, героя Вялікай Айчыннай вайны А. Н. Алесіка.