Мір
Гарадскі пасёлак у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, на р. Міранка. Знаходзіцца за 26 км на паўднёвы ўсход ад г. п. Карэлічы, за 201 км ад г. Гродна, за 97 км ад Мінска, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея (на лініі Мінск — Баранавічы), на аўтадарозе Навагрудак — Нясвіж.
Да 1940 г. мястэчка.
У 1940–1956 гг. цэнтр Мірскага раёна.
У 1940 г. у Міры было 5,5 тыс. жыхароў.
Мір акупіраваны 26 чэрвеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гарадскім пасёлку і раёне загінула больш за 2 560 чалавек (згодна з пайменным спіскам ахвяр). Гітлераўцы стварылі ў Міры гета (з мая 1942 знаходзілася ў Мірскім замку), дзе загубілі ў 1941–1942 гг. больш за 3 тыс. яўрэяў.
На тэрыторыі раёна дзейнічалі Мірскі падпольны райкам КП(б)Б і Мірскі падпольны райкам ЛКСМБ, Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле, партызанская брыгада 1‑я Беларуская кавалерыйская, партызанская брыгада імя Г. К. Жукава (Баранавіцкай вобласці), партызанская брыгада «Камсамолец» і партызанская брыгада Першамайская, партызанскі атрад Д. I. Семянцова; выдавалася падпольная газета «Сцяг свабоды», орган Мірскага падпольнага райкама КП(б)Б, з сатырычным дадаткам «Партызанскае жыга́ла».
У ноч на 22 сакавіка 1944 г. партызаны брыгад імя Г. К. Жукава і «Камсамолец» здзейснілі напад на фашысцкі гарнізон у Міры (гл. Мірскі бой 1944 г.).
Мір вызвалены 7 ліпеня 1944 г. воінамі 283‑й Гомельскай стралковай дывізіі (палкоўнік В. А. Канавалаў) 41‑га стралковага корпуса 3‑й арміі 2‑га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 г.
У Міры знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў, магілы ахвяр фашызму — вязняў гета; пахаванні размешчаны ў месцах масавых расстрэлаў на тэрыторыі пасёлка і ва ўрочышчы Яблонаўшчына на поўдзень ад Міра; на магілах пастаўлены помнікі.