pdf

БРЭСЦКІ ЎМАЦАВАНЫ РАЁН

Дата стварэння: 02.05.2024 15:13:39

Дата змены: 11.09.2024 15:18:06

БРЭСЦКІ ЎМАЦАВАНЫ РАЁН

Дот «Арол». Фота 1965 г.

БРЭСЦКІ ЎМАЦАВАНЫ РАЁН

Мемарыяльная дошка на доце «Арол» у гонар абаронцаў Брэсцкага ўмацаванага раёна.

Брэ́сцкі ўмацава́ны раён

Брэст-Літоўскі ўмацаваны раён

62‑і Брэсцкі ўмацаваны раён

Умацаваны раён у наваколлі г. Брэст на новай дзяржаўнай граніцы СССР у 1940–1941 гг.

Згодна з Дырэктывай народнага камісара абароны СССР ад 26 чэрвеня 1940 г. на новай заходняй граніцы Савецкага Саюза было пачата збудаванне ўмацаваных раёнаў (УРаў). Да лета 1940 г. у прыгранічнай паласе Заходняй асобай ваеннай акругі былі створаны 62‑і Брэсцкі, 64‑ы Замброўскі, 66‑ы Асавецкі і 68‑ы Гродзенскі ўмацаваныя раёны. Брэсцкі (Брэст-Літоўскі) УР размяшчаўся ў раёне дыслакацыі 4‑й арміі Заходняй асобай ваеннай акругі, займаючы ўчастак працягласцю да 120 км: ад граніцы Украінскай ССР праз г. Сямяцічы — г. Драгічын-на-Бугу да в. Путкавіцы — цяпер тэрыторыя Польшчы. Крайнім пунктам Брэсцкага УРа (дзе павінны былі будаваць даўгачасныя агнявыя пункты — доты) быў г. Цехановец, там будаўніцтва амаль не пачыналі.


Будаўніцтва Брэсцкага ўмацаванага раёна і яго склад

Узвядзенне збудаванняў у паласе 62‑га ўмацаванага раёна вяло 74‑е Упраўленне начальніка будаўніцтва (маёр В. А. Якаўлеў). У складзе Упраўлення дзейнічала 5 будаўнічых участкаў: 16‑ы, 18‑ы, 20‑ы, 21‑ы і 22‑і. Большую частку забетанаваных збудаванняў планавалі ўзброіць і замаскіраваць да восені 1941 г. Палявыя абарончыя збудаванні і супрацьтанкавыя перашкоды на першым рубяжы неабходна было падрыхтаваць да 1 жніўня 1941 г., на другім рубяжы — да 1 верасня 1941 г. У паласе 62‑га Брэсцкага ўмацаванага раёна найбольш падрыхтаванымі былі вузлы абароны пад Сямяцічамі (каля 20 дотаў) і Драгічынам-на-Бугу (15 дотаў). На ўчастку працягласцю да 80 км, ад Сямяцічаў да Брэста, каля в. Орля амаль гатовыя былі 6 дотаў, у раёне Брэсцкай крэпасці і на поўнач — 8, на поўдзень ад крэпасці — 3 доты. Паміж апорнымі пунктамі і вузламі абароны былі разрывы ў 10–15 і нават 20–30 км. На поўдзень ад Брэста, ажно да стыку з Кіеўскай асобай ваеннай акругай, даўгачасных збудаванняў не было. Меркавалася падрыхтаваць 2 абарончыя паласы, у аснову якіх закладваліся вузлы абароны, што складаліся з кулямётных, артылерыйскіх і артылерыйска-кулямётных дотаў. Прамежкі паміж імі былі абсталяваны палявымі ўмацаваннямі. Апорныя пункты батальёнаў толькі пачалі складвацца, нярэдка на многія кіламетры не было абарончых збудаванняў, некаторыя батальёны знаходзіліся на стадыі фарміравання.

У складзе ўмацаванага раёна былі 16‑ы, 17‑ы, 18‑ы асобныя артылерыйска-кулямётныя батальёны (АКАБ) і 245‑я асобная рота сувязі, падпарадкаваныя Упраўленню Брэсцкага ўмацаванага раёна. У адпаведнасці са штатным раскладам колькасць іх асабовага саставу павінна была скласці 1 500 чалавек, але штат не быў укамплектаваны. У кожны з батальёнаў напярэдадні вайны прыбылі выпускнікі ваенных вучылішчаў (толькі ў 18‑м АКАБ іх было 75 чалавек), гатовыя стаць камандзірамі ўзводаў нанава фарміраваных або ўжо сфарміраваных рот і батальёнаў. Штаб 62‑га Брэст-Літоўскага ўмацаванага раёна 20 чэрвеня 1941 г. быў пераведзены з Брэста ў г. Высокае.

Тэхнічны і баявы ўзровень збудаванняў быў вельмі высокі. Калі б іх удалося дабудаваць, узброіць і забяспечыць усім комплексам сродкаў, умацаваны раён з’яўляўся б сур’ёзнай перашкодай для наступаючага праціўніка.

У адпаведнасці з Дырэктывай Наркамата абароны ад 21 чэрвеня 1941 г. войскам Ленінградскай, Прыбалтыйскай, Заходняй, Кіеўскай і Адэскай акруг было загадана: быць у поўнай баявой гатоўнасці, на правакацыйныя дзеянні праціўніка не паддавацца; на працягу ночы 22 чэрвеня скрытна заняць агнявыя пункты ўмацаваных раёнаў на дзяржаўнай граніцы.


Гераічная абарона Брэсцкага ўмацаванага раёна

Аднак з-за раптоўнасці масіраванага ўдару праціўніка прывесці ў дзеянне загад было немагчыма. З пачаткам баявых дзеянняў у распараджэнне начальніка штаба 62‑га УРа палкоўніка А. С. Лявуты была перададзена 245‑я рота сувязі, якая размяшчалася ў мястэчку Вярховічы. Камандзір роты сувязі старшы лейтэнант В. І. Палей, прыбыўшы да месца размяшчэння, прывёў асабовы састаў у баявую гатоўнасць. У штабе ўжо знаходзіліся камендант Брэсцкага УРа генерал-маёр М. І. Пузыроў і начальнік палітаддзела УРа палкавы камісар І. Г. Чапыжэнка; быў аддадзены загад: на аднаўленне сувязі з ротамі, выратаванне штабных дакументаў і сцяга, эвакуацыю сем’яў. Ва ўмовах, калі акружаныя праціўнікам роты былі адсечаны не толькі ад штаба 62‑га УРа, але і ад штабоў батальёнаў, кіраванне баявымі дзеяннямі было немагчыма.

Правы фланг Брэсцкага УРа прыкрываў 16‑ы АКАБ: ад в. Крупіцы да Драгічына-на-Бугу пазіцыі займала 1‑я рота (лейтэнант З. Д. Сокал); 2‑я рота (лейтэнант І. І. Змейкін) размяшчалася ў дотах ад Драгічына-на-Бугу да в. Мінчава; 3‑я рота (лейтэнант П. М. Ігнатаў) займала пазіцыі ад Мінчава да в. Путкавіцы. З пачаткам баявых дзеянняў камандзір батальёна капітан А. В. Назараў рабіў усё магчымае для арганізацыі адпору ворагу. Галоўным напрамкам нападаў стаў раён в. Крупіцы, дзе трымаліся гарнізоны 1‑й роты, ведучы агонь прамой наводкай, расстрэльвалі пераправу праз р. Заходні Буг. Адначасова з надыходам на гарнізоны 1‑й роты праціўнік адкрыў масіраваны агонь па гарнізонах 2‑й і 3‑й рот. Найбольш цяжкія баі вытрымала 2‑я рота, якая абараняла раён Мінчава. Да вечара 22 чэрвеня варожыя танкі і мотапяхота не маглі прарваць абарону. Акрамя чатырох дотаў, у размяшчэнні 2‑й роты былі і 3 укапаныя ў зямлю танкі, прызначаныя для адбіцця танкавых нападаў праціўніка, што дазволіла пратрымацца да 26 чэрвеня 1941 г.

Пазіцыі 17‑га АКАБа былі размешчаны ў цэнтры паласы ўмацаванага раёна. Падраздзяленні былі размешчаны кампактней, лепш прыкрывалі адно аднаго. Гэты батальён (у параўнанні з іншымі) меў больш гатовых дотаў і больш асабовага саставу. Усе яго доты мелі назвы. Першыя распараджэнні ротам па адбіцці нападаў праціўніка аддаў камандзір батальёна капітан А. І. Паставалаў. Да 12 гадзін дня 22 чэрвеня 1941 г. сувязь са штабам батальёна была перапынена, таму роты дзейнічалі самастойна.

Апорны пункт на ўчастку 1‑й роты (лейтэнант І. І. Фёдараў) складаўся з трох дотаў: «Арол», «Святлана», «Сокал». Пасля артылерыйскага абстрэлу ў наступ на пазіцыі ў цэнтры (на захад ад чыгуначнай станцыі Сямяцічы каля в. Анусін) пайшлі матацыклісты, дзе ў калоне было яшчэ 2 легкавыя машыны. Падпусціўшы калону бліжэй, доты адкрылі агонь, што выклікала мінамётны ўдар праціўніка ў адказ. Доты, размешчаныя бліжэй да чыгуначнай станцыі, не давалі да яе падысці. Дот «Святлана» (малодшы лейтэнант В. І. Калачараў) вёў агонь па чыгуначным мосце праз р. Буг. У 2‑й палове дня 22 чэрвеня па «Святлане» і іншых пунктах быў адкрыты артылерыйскі агонь з буйнакаліберных гармат. У выніку абстрэлу прамой наводкай у доце, дзе былі жанчыны, сталі адвальвацца вялікія кавалкі бетону, людзі задыхаліся ад цэментавага пылу і парахавога гару, 25 чэрвеня 1941 г. стаў пранікаць густы задушлівы дым.

Левы фланг батальёна, на ўсход ад станцыі Сямяцічы (у раёне в. Машчона-Крулеўска), займала 2‑я рота (лейтэнант П. Я. Недалугаў). Сем дотаў, у т. л. «Круты», «Вольны», «Бліскучы» і «Затвор» пад камандаваннем лейтэнанта І. І. Змейкіна, трымалі абарону чацвёра сутак. У адным з дотаў 12 маладых лейтэнантаў, якія прыехалі перад вайной, адмовіліся здацца ў палон і загінулі ад газаў і агнямётаў. Даўжэй за ўсіх трымаўся дот «Арол» пад камандаваннем лейтэнанта І. І. Фёдарава.

У в. Слохі-Анапольскія размяшчаліся доты 3‑й роты лейтэнанта Р. Р. Салаўёва, але напярэдадні вайны ён быў у камандзіроўцы ў Брэсце. У баявых дзеяннях удзельнічалі ўсе доты роты. Старшы палітрук В. К. Локцеў і малодшы лейтэнант І. І. Шаўлюкоў знаходзіліся ў доце «Холм» малодшага лейтэнанта С. М. Зайцава. Дот «Безыменны» размяшчаўся на схіле пагорка на поўнач ад в. Слохі, з сектарам абстрэлу на захад. На ўзбраенні былі 2 кулямёты «максім». Узначаліў абарону адзін з нядаўна прыбылых лейтэнантаў. Доты «Пчолка» (малодшы лейтэнант І. М. Сазонаў), «Кім» (малодшы лейтэнант М. В. Елісеенка), «Безыменны», «Хуткі» (малодшы лейтэнант І. М. Шыбакоў) былі кулямётнымі, маючы на ўзбраенні кулямёты «максім» з сектарам абстрэлу на захад. Дот «Горны» малодшага лейтэнанта І. І. Шаўлюкова размяшчаўся на ўсход — з сектарам абстрэлу на ўсход. Дот быў артылерыйска-кулямётны, таму на ўзбраенні былі кулямёт «максім» і 45‑міліметровая гармата, злучаная з кулямётам ДС. Дот «Чорны» (малодшы лейтэнант А. В. Яськоў) размяшчаўся з сектарам абстрэлу на захад, на ўсход ад в. Слохі, на ўзбраенні было 2 кулямёты «максім». Ад дота «Кім» да дота «Горны» праходзіў палявы тэлефонны кабель. Была тэлефонная сувязь і з дотамі на правым флангу. У першы дзень даводзілася адбіваць асобныя групы праціўніка, што прарваліся з боку станцыі Сямяцічы. Агонь дотаў «Узгорак», «Пчолка», «Кім» і «Безыменны» прымусіў наступаючых на в. Слохі з захаду залегчы, а потым адысці назад.

Раніцай 23 чэрвеня праціўнік аднавіў наступ з усіх кірункаў і асабліва з поўдня. З дапамогай актыўных дзеянняў з боку дотаў «Холм» (пад камандаваннем В. К. Локцева), «Чорны» (пад камандаваннем А. В. Яськова) і «Хуткі» (пад камандаваннем І. М. Шыбакова) атакі былі адбітыя.

У ходзе баёў абаронцы дотаў ажыццяўлялі вылазкі з мэтай адбіцця нападаў праціўніка, удакладнення становішча, папаўнення запасаў харчавання і вады. Гарнізоны дотаў, што абараняліся, вылучалі групы для разведкі на дарогах і знішчэння варожых машын, матацыклістаў і невялікіх груп варожых салдат.

На шашы каля в. Слохі 23 чэрвеня 1941 г. была падбіта легкавая аўтамашына з нямецкімі вайскоўцамі (афіцэр быў забіты, а шафёр паранены). На наступны дзень праціўнік адкрыў агонь па дотах цяжкай артылерыяй, захопнікі спалілі вёску (90 двароў), а ўсіх маладых мужчын (72 чалавекі) расстралялі.

Супраць дота «Хуткі» 25 чэрвеня 1941 г. былі ўжыты газы, узарваны запасны выхад, ніжні і другі паверхі затоплены вадой. На ўчастку 17‑га АКАБа доты батальёна трымаліся даўжэй, чым на іншых участках 62‑га УРа. У размяшчэнні 1‑й роты тры з чатырох дотаў вялі агонь да 26 чэрвеня 1941 г., а дот «Арол» — да 28 чэрвеня 1941 г. Да 26 чэрвеня актыўна ўдзельнічалі ў баі ўсе 8 дотаў 3‑й роты батальёна, з якіх 3 змаглі пратрымацца да 29 чэрвеня 1941 г. Раніцай 27 чэрвеня 1941 г. падчас зацішша ў доце «Горны» быў сабраны асабовы састаў роты, які застаўся ў дотах. Палітрук В. К. Локцеў звярнуўся да ўсіх з заклікам не пакідаць ацалелыя доты (усе чакалі падмацаванне). У выніку чарговай спробы ліквідаваць дот «Безыменны» з выкарыстаннем газаў загінулі 13 яго абаронцаў, а дот быў падарваны. На 7‑ы дзень 7 чалавек былі ўзяты ў палон і расстраляны недалёка ад дота. У данясенні 293‑й пяхотнай дывізіі праціўніка аб баявых дзеяннях у перыяд з 27 па 29 чэрвеня 1941 г. адзначаецца: «У адным доце ў лесе, на захад ад р. Каменка, быў узяты ў палон палітрук і згодна з загадам расстраляны. Гэты палітрук прыняў на сябе камандаванне ротай, у т. л. і кіраванне пяццю падначаленымі ёй дотамі... Дакладна ўстаноўлена, што гэты палітрук...быў душой супраціву».

На ўчастку 18‑га АКАБа (камандзір батальёна маёр М. П. Бірукоў) дабудаваных і адносна гатовых дотаў было вельмі мала. Доты 1‑й роты (лейтэнант М. Ф. Бубнаў) бліжэй за іншыя размяшчаліся да Брэста, а па беразе р. Буг з поўначы прымыкалі да Брэсцкай крэпасці. Асабовы састаў 1‑й і вучэбнай рот, узвода сувязі, хімузвода, штаб 18‑га АКАБа і 21‑га будаўнічага ўчастка размяшчаліся ў двух цагляных будынках («Чырвоныя казармы»). Начальнік артылерыйскага забеспячэння батальёна лейтэнант І. М. Швейкін першы прыбыў у размяшчэнне штаба, арганізаваў салдат гаспадарчых падраздзяленняў і будаўнічага батальёна для вядзення агню па праціўніку з станковых кулямётаў. Ён даў распараджэнне адвезці да дотаў боепрыпасы, але ад выбуху снарада адзіная наяўная ў батальёне машына была пашкоджана. У перастрэлцы каля штаба 22 чэрвеня 1941 г. намеснік камандзіра 2‑й роты малодшы палітрук П. Д. Данілаў быў паранены, узяты ў палон і як палітработнік расстраляны. У раёне форта «Граф Берг» атакі фашыстаў стрымлівала група, якая мела на ўзбраенні 2 станковыя кулямёты і гранаты. Астанкі 26 байцоў і камандзіраў разам з рэшткамі зброі і дакументаў былі знойдзены ў 1957 г. і пахаваны.

Невядомы салдат, што сядзеў у жыце, застрэліў 22 чэрвеня 1941 г. нямецкага афіцэра, які ехаў на матацыкле, за што ў прысутнасці ўсіх аднавяскоўцаў былі расстраляны 10 жыхароў суседняй в. Рэчыца. Воіны 1‑й роты ў раёне дота каля Рэчыцы, узначаленыя малодшымі лейтэнантамі П. П. Селязнёвым, М. Р. Зіміным і старшыной І. Ф. Рэхіным, стрымлівалі пераправу праціўніка праз Буг амаль суткі; усе яны загінулі пасля прымянення праціўнікам газаў і агнямётаў.

Дотам 2‑й роты, якія размяшчаліся на поўдзень ад Брэста, пры неўкамплектаваным штаце і адсутнасці боепрыпасаў, у вельмі складаных умовах даводзілася супрацьстаяць нападам праціўніка. Малодшыя лейтэнанты І. М. Барысаў, І. П. Бабкоў, В. І. Адзегаў, І. П. Фралоў трымаліся ў адным з дотаў амаль суткі. Пазіцыі 3‑й роты размяшчаліся па беразе Буга каля в. Орля (у раёне в. Воўчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Да пачатку вайны на ўчастку роты знаходзілася ў стане адноснай баявой гатоўнасці 6 дотаў. Некалькі дотаў, хоць і мелі дзверы, уманціраваныя ў амбразурныя каробкі, не былі замаскіраваны і ўзброены. Асабовы састаў роты жыў у казарме, якая знаходзілася за кіламетр ад збудаванняў. Спрабуючы заняць доты пад агнём артылерыі праціўніка, многія байцы і камандзіры загінулі. Узначаліў абарону на ўчастку роты яе камандзір — лейтэнант С. І. Весялоў. Ад артылерыйскага абстрэлу запальнымі снарадамі пачаліся пажары, бо маскіроўка была сухой. У першы дзень вайны выбухнуў і склад боепрыпасаў. З пачаткам баявых дзеянняў было ясна, што рота змагаецца ў поўным акружэнні. У баі ўдзельнічалі доты малодшых лейтэнантаў А. К. Шанькова, П. І. Масквіна, М. І. Мішурэнкава, Ш. Я. Лявіта і А. Я. Арэхава і дот, прозвішча камандзіра якога невядома. На другі дзень лейтэнант С. І. Весялоў, спрабуючы выведаць абстаноўку, выбраўся з дота, але тут жа быў забіты. У 2‑й палове дня 23 чэрвеня 1941 г. праціўнік ужыў цяжкую артылерыю, агнямёты, дымавыя шашкі і слёзатачывы газ.

Двое сутак ва ўрочышчы Козеньскіх змагаўся гарнізон дота пад камандаваннем малодшага лейтэнанта І. Ц. Глініна. Выдаткаваўшы ўвесь боекамплект, ён здолеў выбрацца з дота разам з байцамі, якія засталіся ў жывых, але адразу быў схоплены і расстраляны на беразе Буга.

Агульную колькасць дотаў, якія абараняліся на ўчастку батальёна, назваць цяжка, але вядома, што ў размяшчэнні штаба батальёна і 2‑й роты доты змагаліся 22 чэрвеня, а адзін з дотаў роты (у в. Рэчыца) да 23 чэрвеня 1941 г. Даўжэй за ўсіх на ўчастку батальёна трымалі абарону доты 3‑й роты — да 24 чэрвеня 1941 г.


Значэнне абароны Брэсцкага УРа. Памяць

Невядомы лёсы многіх вайскоўцаў 62‑га Брэсцкага ўмацаванага раёна, у т. л. камандзіраў батальёнаў: 16‑га — капітана А. В. Назарава, 17‑га — капітана А. І. Паставалава, 18‑га — маёра М. П. Бірукова, што з’яўляецца яркім сведчаннем іх самаадданай стойкасці ў выключна цяжкіх умовах. Падраздзяленні і групы былі разрозненыя, яны адыходзілі рознымі маршрутамі, імкнучыся прабіцца да старой граніцы (Слуцкі УР), арганізоўвалі групы разведкі, падрывы мастоў, стваралі абарончыя рубяжы, завалы, супрацьтанкавыя равы. Ва ўпартых баях, якія доўжыліся больш за тыдзень, праціўнік не быў затрыманы на шырокім участку фронту, але абаронцы дотаў у раёне гарадоў Сямяцічы і Драгічын-на-Бугу адцягвалі на сябе 293‑ю нямецкую пяхотную дывізію. Для барацьбы з дотамі ў раёне в. Орля на трое сутак, з 22 па 24 чэрвеня 1941 г., былі затрыманы часці 167‑й нямецкай пяхотнай дывізіі. У выніковым данясенні 293‑й пяхотнай дывізіі аб баявых дзеяннях дывізіі ў перыяд з 27 па 29 чэрвеня 1941 г. адзначалася: «На чале гарнізонаў заўсёды былі афіцэры. Афіцэры і салдаты абараняліся да апошняй хвіліны. Здаралася, што салдаты, якія ўвайшлі ў разбураныя доты, яшчэ падвяргаліся абстрэлу. Толькі прыціснутыя развалінамі, сталёвымі плітамі і трупамі, салдаты прасілі аб дапамозе. Патрабаванні аб здачы ў палон, перададзеныя праз перакладчыка перад падрывам дотаў, не аказалі ніякага ўздзеяння».

Разрозненыя групы асабовага саставу 62‑га Брэсцкага ўмацаванага раёна і будаўнічых участкаў з баямі адыходзілі на ўсход, удзельнічаючы ў абарончых баях і бітвах на тэрыторыі Беларусі.

Сярод тых, хто абараняўся ў дотах, былі не толькі воіны-ураўцы і вайскоўцы будаўнічых участкаў, але і пагранічнікі, жонкі камандзіраў з дзецьмі.

На дотах (тэрыторыя Рэспублікі Беларусь) усіх трох рот 1‑га АКАБа ў 2004 г. устаноўлены мемарыяльныя дошкі з надпісамі: «У перыяд Вялікай Айчыннай вайны, 22–29 чэрвеня 1941 года, гарнізоны дотаў 62‑га Брэсцкага ўмацаванага раёна аказвалі ўпарты супраціў нямецка-фашысцкім пяхотным дывізіям на дзяржаўнай граніцы СССР. Памятаем доблесць і мужнасць абаронцаў Радзімы».