pdf

БЕЛАРУСКІ ФРОНТ 2-і

Дата стварэння: 02.05.2024 15:44:49

Дата змены: 27.12.2024 11:41:09

Белару́скi фронт 2‑і (1‑га фарміравання)

Утвораны ў Вялікую Айчынную вайну паводле рашэння Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання 27 лютага 1944 г. на ковельскім напрамку.

У склад фронту ўваходзілі арміі: 47‑я (генерал-лейтэнант М. I. Гусеў), 61‑я (генерал-лейтэнант П. А. Бялоў), 70‑я (генерал-лейтэнант В. С. Папоў), 6‑я паветраная (генерал-лейтэнант авіяцыі Ф. П. Палынін), Дняпроўская рачная ваенная флатылія (капітан 1‑га рангу В. В. Грыгор’еў).

Фронт 17 сакавіка 1944 г. пачаў Ковельскую аперацыю і акружыў варожы гарнізон у г. Ковель (Украіна), што адцягнула з іншых участкаў фронту значныя сілы ворага. Пасля дэблакіравання гарнізона ворагам войскі фронту замацаваліся на ўсходніх подступах да Ковеля і перайшлі да абароны. Рашэннем Стаўкі ад 5 красавіка 1944 г. Беларускі фронт 2‑і расфарміраваны, яго арміі перайшлі ў склад Беларускага фронту 1943–1944 гг., а ўпраўленне — у рэзерв Стаўкі.

Камандуючы — генерал-палкоўнік П. А. Курачкін.

Член ваеннага савета — генерал-лейтэнант Ф. Я. Бокаў.

Начальнік штаба — генерал-лейтэнант У. Я. Калпакчы.