Дата стварэння: 02.05.2024 15:46:01
Дата змены: 27.12.2024 11:40:53
Пяцідзяся́тая а́рмія
Сфарміравана ў Вялікую Айчынную вайну ў жніўні 1941 г. у складзе Бранскага фронту на базе 2‑га стралковага корпуса. Спачатку ў яе ўваходзілі 8 стралковых, адна кавалерыйская дывізіі, артылерыйскія, авіяцыйныя і іншыя часці.
У складзе Бранскага і Заходняга франтоў удзельнічала ў абароне г. Тула, вызваленні г. Калуга, у абарончых баях пад г. Юхнаў, у 1943 г. — у Ржэўска-Вяземскай, Арлоўскай і Смаленскай аперацыях.
Уключана 17 жніўня 1943 г. у склад Бранскага фронту 1943 г.; у верасні — кастрычніку ўдзельнічала ў Бранскай аперацыі 1943 г., у выніку якой яе злучэнні 26 верасня вызвалілі г. п. Хоцімск, да 8 кастрычніка выйшлі на р. Проня на ўчастку Петухоўка — г. Прапойск (Слаўгарад) і захапілі плацдарм на яе правым беразе. З 10 кастрычніка армія ў складзе Цэнтральнага фронту (з 20 кастрычніка — Беларускі фронт 1943–1944 гг.) удзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г., у ходзе якой войскі 25 лістапада выйшлі да р. Днепр у раёне в. Новы Быхаў. У снежні 1943 г. войскі арміі вялі наступальныя баі і выйшлі на рубеж Юшкавічы — Давыдавічы — Трылесіна — Хачынка (за 22 км на ўсход ад г. Быхаў).
З 24 студзеня 1944 г. армія у складзе 1‑га Беларускага, з 5 красавіка — Заходняга, з 23 красавіка 1944 г. — 2‑га Беларускага франтоў. Яе войскі (19‑ы, 38‑ы і 121‑ы стралковыя карпусы, 307‑я стралковая дывізія, шэраг танкавых, артылерыйскіх і іншых злучэнняў і часцей) у чэрвені — жніўні 1944 г. удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944 г. і паказалі пры гэтым высокае баявое майстэрства, мужнасць і адвагу. Пераадолеўшы жорсткае супраціўленне нямецка-фашысцкіх войск, злучэнні арміі з баямі прайшлі больш за 500 км, вызвалілі шмат населеных пунктаў, у т. л. ва ўзаемадзеянні з іншымі арміямі — гарады Магілёў (28 чэрвеня), Быхаў (28 чэрвеня), Навагрудак (8 ліпеня), Гродна (16 ліпеня), і да канца жніўня выйшлі на р. Нараў (гл. Магілёўская аперацыя 1944 г., Беластоцкая аперацыя 1944 г.).
Пры фарсіраванні Дняпра вызначыліся 110‑я, 324‑я і 362‑я стралковыя дывізіі арміі, якім было нададзена ганаровае найменне «Верхнедняпроўскія» (10.7.1944), і 1830‑ы цяжкі самаходны артылерыйскі полк, удастоены ганаровага наймення «Магілёўскі» (10.7.1944).
У 1945 г. войскі арміі ў складзе 2‑га Беларускага, з лютага — 3‑га Беларускага франтоў удзельнічалі ва Усходне-Прускай аперацыі і штурме Кёнігсберга. Баявыя дзеянні армія закончыла выхадам на ўзбярэжжа заліва Фрышэс-Хаф (цяпер Калінінградскі заліў). За мужнасць, адвагу і баявое майстэрства дзясяткі тысяч воінаў арміі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 85 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Многія злучэнні і часці арміі ўдастоены ордэнаў і ганаровых найменняў.
Камандуючыя: генерал-маёр М. П. Пятроў (жнівень — кастрычнік 1941); генерал-маёр А. М. Ермакоў (кастрычнік — лістапад 1941); генерал-лейтэнант, з 15 ліпеня 1944 г. генерал-палкоўнік I. В. Болдзін (лістапад 1941 — люты 1945); генерал-лейтэнант Ф. П. Озераў (люты 1945 — да канца вайны).