ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦЯЯ АРМІЯ, аператыўнае аб’яднанне войск Чырвонай арміі
pdf

ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦЯЯ АРМІЯ

Дата стварэння: 02.05.2024 15:46:25

Дата змены: 27.02.2025 16:09:04

Тры́ццаць трэ́цяя а́рмія

Сфарміравана ў ліпені 1941 г. у Маскоўскай ваеннай акрузе ў складзе пяці дывізій народнага апалчэння і шэрагу артылерыйскіх і іншых часцей. Знаходзілася ў складзе Рэзервовага, з 13 кастрычніка 1941 г. — Заходняга франтоў, удзельнічала ў Вяземскай і Мажайска-Малаяраславецкай аперацыях. Спыніла праціўніка на р. Нара (Маскоўская вобласць) да 24 кастрычніка. Са снежня 1941 г. да красавіка 1942 г. удзельнічала ў контрнаступленні пад Масквой і агульным наступленні Чырвонай арміі на заходнім напрамку, вызваліла гарады Нара-Фамінск, Бораўск і Вярэя. Ва ўзаемадзеянні з 1‑м гвардзейскім кавалерыйскім корпусам спрабавала ўзяць г. Вязьма, але была адрэзана ад асноўных сіл Заходняга фронту і да чэрвеня 1942 г. дзейнічала ў тыле праціўніка. У 1943 г. удзельнічала ў Ржэўска-Вяземскай аперацыі.

Летам і восенню 1943 г. злучэнні арміі ўдзельнічалі ў Смаленскай аперацыі 1943 г., да канца якой выйшлі на рубеж на ўсходзе ад в. Леніна — на поўначы ад пасёлка Дрыбін Горацкага раёна. У кастрычніку 1943 г. у баях пад Леніна ў складзе 33‑й арміі прыняла баявое хрышчэнне 1‑я Польская пяхотная дывізія імя Т. Касцюшкі. У канцы 1943 — пачатку 1944 г. армія ўдзельнічала ў наступальных аперацыях Заходняга фронту на багушэўскім і віцебскім напрамках, у красавіку 1944 г. перагрупавана на аршанскі напрамак і да канца чэрвеня абараняла рубеж Баева — Дрыбін.

У складзе 2‑га Беларускага, з 5 ліпеня 1944 г. 3‑га Беларускага франтоў удзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944 г. У перыяд Магілёўскай аперацыі 1944 г. яе войскі вызвалілі г. Горкі (26.6.1944, 70‑я стралковая дывізія), паспяхова фарсіравалі рэкі Проня, Бася, Дняпро, вызвалілі г. Шклоў (27.6.1944) і да канца аперацыі выйшлі ў міжрэчча Друці і Дняпра на захадзе ад Шклова. У баях за Дняпро і Шклоў найбольш вызначылася 70‑я стралковая дывізія, якая была ўдастоена ганаровага наймення «Верхнедняпроўская» (10.7.1944). У Мінскай аперацыі 1944 г. армія ва ўзаемадзеянні з часткай сіл 49‑й і 50‑й армій удзельнічала ў знішчэнні акружанай групоўкі праціўніка на ўсходзе ад Мінска. У канцы ліпеня — жніўня ўдзельнічала ў Каўнаскай аперацыі 1944 г.

У складзе 1‑га Беларускага фронту з 18 кастрычніка 1944 г. У 1945 г. удзельнічала ў Варшаўска-Пазнанскай і Берлінскай аперацыях. Ваенныя дзеянні армія закончыла 6 мая выхадам галоўных сіл на р. Эльба на паўночным захадзе ад г. Дэ́саў. За мужнасць, гераізм і ваеннае майстэрства дзясяткі тысяч воінаў арміі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 116 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Многія яе злучэнні і часці ўзнагароджаны ордэнамі і ўдастоены ганаровых найменняў.

Камандуючыя: камбрыг Д. П. Анупрыенка (ліпень — кастрычнік 1941), генерал-лейтэнант М. Р. Яфрэмаў (кастрычнік 1941 — красавік 1942); генерал арміі К. А. Мерацкоў (май — чэрвень 1942), генерал-лейтэнант М. С. Хозін (чэрвень — кастрычнік 1942), генерал-лейтэнант, з 9 верасня 1943 г. генерал-палкоўнік В. М. Гордаў (кастрычнік 1942 — сакавік 1944), генерал-палкоўнік I. Я. Пятроў (сакавік — красавік 1944), генерал-лейтэнат В. Д. Кручонкін (красавік — чэрвень 1944), генерал-лейтэнат С. I. Марозаў (чэрвень — верасень 1944), генерал-палкоўнік В. Д. Цвятаеў (верасень 1944 — да канца вайны).