Дата стварэння: 18.05.2024 09:37:29
Дата змены: 24.03.2026 10:38:16
Га́нцавіцкі падпо́льны райка́м КП(б)Б
Ганцавіцкі падпольны раённы камітэт КП(б)Б.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці.
Створаны ў канцы 1942 г. (дакладная дата не пазначана ў архіўных дакументах) рашэннем Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б, дзейнічаў пад яго кіраўніцтвам. Пінскі падпольны абкам КП(б)Б 16 ліпеня 1943 г. зацвердзіў новы склад райкама.
Узначальваў падпольную і партызанскую барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праводзіў палітычную і арганізатарскую работу сярод насельніцтва раёна.
Базіраваўся з ліпеня 1943 г. у атрадзе імя М. І. Кутузава партызанскай брыгады імя У. І. Леніна Пінскай вобласці.
Друкаванага органа не меў.
Спыніў сваю дзейнасць 7 ліпеня 1944 г.
Сакратары райкама: М. М. Бандарэнка (да 17.2.1943, загінуў), М. С. Бяляй (з 16.7.1943; адначасова ў ліпені — жніўні 1943 камісар атрада імя М. І Кутузава); члены райкама: С. С. Жарыкаў [да 16.7.1943, пераведзены ў Быценскі падпольны міжрайкам КП(б)Б], П. Р. Кавалёў [да 16.7.1943, выбыў у Брэсцкую вобласць, з чэрвеня 1944 сакратар Косаўскага падпольнага райкама КП(б)Б], Я. П. Узенюк, М. І. Яцына (абодва з 16.7.1943), Р. С. Сарока (з 17.10.1943).