Дата стварэння: 18.05.2024 09:39:32
Дата змены: 27.02.2025 16:09:04
Грэ́скае парты́йнa-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Грэскім раёне (у 1956 скасаваны) Мінскай вобласці пад кіраўніцтвам Грэскага падпольнага райкама КП(б)Б (з сакавіка 1943) з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Арганізатар і кіраўнік У. I. Заяц. Налічвала каля 80 чалавек, у т. л. 10 камуністаў і 4 камсамольцы, 4 групы: у бальніцы в. Грэск — кіраўнік Ю. Г. Войчык; в. Стараселле — А. В. Вадап’ян; в. Гацук — У. І. Заяц; в. Вобчае (Се́лецк) — I. I. Каско.
Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва палітычную работу, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, перадавалі партызанам звесткі пра рух варожага транспарту, папярэджвалі іх пра карныя аперацыі акупантаў, памагалі зброяй, медыкаментамі. Сістэматычна парушалі тэлефонную сувязь праціўніка, спалілі некалькі мастоў на шашэйных дарогах, напалі на апорны пункт акупантаў у в. Вобчае, захапілі абоз з прадуктамі і пераправілі партызанам 3 т збожжа, 4,5 т бульбы, 6 пудоў солі, пусцілі пад адхон эшалон з жывой сілай і тэхнікай ворага.
У барацьбе з ворагам загінулі: Аляксандр Аляксандравіч Бурак, Анатоль Аляксандравіч Бурак, А. М. Бурак, Е. I. Бурак, Ю. Г. Войчык, А. А. Дземідовіч, Л. Кавалёва, А. А. Каляда, А. В. Каляда, Ю. М. Каляда, А. М. Каспяровіч, А. В. Клебановіч, I. В. Клебановіч, В. А. Нямковіч, [У. І.] Рухлевіч, Ф. Р. Тарасевіч, А. П. Хацько.