ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «КАСТРЫЧНІК», Вілейскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «КАСТРЫЧНІК»

Дата стварэння: 18.05.2024 09:44:53

Дата змены: 28.05.2025 12:04:03


Партыза́нская брыга́да «Кастры́чнік»

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Глыбоцкага, Дзісенскага, Мёрскага, Пліскага, Шаркаўшчынскага раёнаў Вілейскай вобласці.

Створана ў верасні 1943 г. на базе атрада «Кастрычнік», арганізаванага ў верасні 1942 г. ва Усвяцкім раёне Смаленскай вобласці і накіраванага ў Вілейскую вобласць.

Партызаны атрада праводзілі баявыя дзеянні на чыгуначных лініях і шашэйных дарогах. Летам 1943 г. вялі засадныя баі на р. Заходняя Дзвіна. Каля в. Крукі разбілі варожы абоз з боепрыпасамі, у верасні 1943 г. вялі баі з карнікамі ў Мёрскім раёне.

Партызаны брыгады зімой 1943–1944 гг. і вясной 1944 г. нападалі на варожыя гарнізоны ў вёсках Бараўцы (цяпер не існуе), Галубічы, Шыпы Пліскага (цяпер Глыбоцкага) раёна. У аперацыі «Рэйкавая вайна» толькі на чыгуначным участку Крулеўшчына — Падсвілле на лініі Маладзечна — Полацк падарвалі 730 рэек. На шашы Дзісна — Лужкі спалілі 12 мастоў. У лютым — сакавіку 1944 г. з партызанамі Ушаччыны ўдзельнічалі ў разбурэнні чыгункі на лініі Полацк — Маладзечна. У красавіку — маі 1944 г. удзельнічалі ў баях супраць карнікаў у Полацка-Лепельскай партызанскай зоне.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2–4 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы імя М. Горкага, у якіх змагаліся 256 партызан.

Камандзіры брыгады: Ф. К. Юрчанка, I. I. Юкша (выконваў абавязкі); камісар І. І. Юкша; начальнік штаба Г. Т. Цяльноў (загінуў).