Дата стварэння: 18.05.2024 09:46:00
Дата змены: 05.03.2025 09:09:39
Партыза́нская брыга́да 225‑я імя́ А. В. Суво́рава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Слуцкага, Грэскага і суседніх раёнаў Мінскай вобласці.
Створана ў снежні 1942 г. на базе атрадаў імя С. М. Будзённага (арганізаваны ў сакавіку 1942), імя А. В. Суворава (арганізаваны ў ліпені 1942), імя М. В. Фрунзэ (арганізаваны ў кастрычніку 1942), вылучаных партызанскай брыгадай імя К. Я. Варашылава Мінскай вобласці. Пазней у брыгадзе былі арганізаваны атрады: 19 чэрвеня 1943 г. — імя Ф. Э. Дзяржынскага і імя С. М. Кірава, 3 жніўня 1943 г. — імя М. А. Астроўскага, 1 верасня 1943 г. — імя В. П. Чкалава, 19 верасня 1943 г. — імя К. К. Ракасоўскага.
У канцы верасня 1943 г. атрады імя С. М. Будзённага, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя С. М. Кірава, імя К. К. Ракасоўскага былі вылучаны для стварэння партызанскай брыгады 95‑й імя М. В. Фрунзэ. У снежні 1943 г. арганізаваны атрад імя 26‑годдзя Кастрычніка.
Партызаны брыгады ў красавіку 1943 г. каля в. Шчыткавічы Старадарожскага раёна, у красавіку 1944 г. ва ўсходняй частцы Грэскага раёна вялі баі з карнікамі. Праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага, у т. л. у жніўні 1943 г. на ўчастках Воўчкавічы — Фаніпаль, Талька — Пухавічы, Слуцк — Цімкавічы падарвалі 1,4 тыс. рэек.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя А. В. Суворава, імя М. В. Фрунзэ, імя М. А. Астроўскага, імя В. П. Чкалава, імя 26‑годдзя Кастрычніка, у якіх налічвалася 1 040 партызан.
Камандзіры брыгады: Л. П. Стафанюк, I. В. Арастовіч, А. М. Каляда; камісары: П. I. Разувакін, I. М. Ражкоў, У. I. Заяц; начальнікі штаба: К. А. Прыгуноў, М. М. Цімашэнка.
У гонар брыгады і Грэскага падпольнага райкама КП(б)Б каля в. Палікараўка Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў 1969 г. пастаўлены помнік.