Дата стварэння: 18.05.2024 09:46:25
Дата змены: 10.07.2025 14:29:16
Партыза́нская брыга́да 2‑я Белару́ская імя́ П. К. Панамарэ́нкі 1‑га складу
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Мехаўскага, Гарадоцкага і Суражскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана ў маі 1942 г. на базе Мехаўскага партызанскага атрада (дзейнічаў з ліпеня 1941, налічваў 300 чалавек у маі 1942); пры фарміраванні брыгады былі арганізаваны атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і і 4‑ы. У чэрвені 1942 г. арганізаваны атрады 5‑ы і 6‑ы, у ліпені — 7‑ы (першапачаткова называўся «Арол»). У жніўні 1942 г. атрад 3‑і накіраваны ў Вілейскую вобласць (гл. у артыкуле Партызанская брыгада «Спартак»), у брыгадзе нанава створаны атрад 3‑і, а таксама атрад 8‑ы (былы ўзвод коннай разведкі), пазней — атрад 9‑ы. У студзені 1943 г. атрады былі перайменаваны: 1‑ы — у атрад імя А. В. Суворава, 2‑і — «Мсцівец», 3‑і — імя К. Я. Варашылава, 4‑ы — «Смерць фашызму», 5‑ы — імя Кузьмы Мініна, 6‑ы — імя М. І. Кутузава, 7‑ы — імя М. В. Фрунзэ, 8‑ы — імя В. І. Чапаева, 9‑ы — імя І. В. Сталіна.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Віцебск — Невель, Полацк — Невель, Віцебск — Полацк, на аўтамабільных дарогах. У маі — снежні 1942 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Вадзянікі, Шмані, на станцыях Бычыха, Езярышча, у былой Мехаўскай МТС Мехаўскага раёна, вёсках Смалоўка і Бяскатава Гарадоцкага раёна БССР, в. Чурылава Усвяцкага раёна Смаленскай вобласці РСФСР. Змагаліся супраць карнікаў у верасні — кастрычніку 1942 г. і ў лютым 1943 г. Пасля асабліва цяжкіх баёў, што адбываліся каля вёсак Цары, Камары, Будніца Мехаўскага раёна, частка брыгады, у т. л. атрады імя А. В. Суворава, «Мсцівец», імя К. Я. Варашылава, «Смерць фашызму», імя Кузьмы Мініна, імя М. І. Кутузава, імя В. І. Чапаева, у якіх налічвалася 597 партызан, 4 сакавіка 1943 г. выйшла за лінію фронту, атрады расфарміраваны.
У сакавіку 1943 г. з атрадаў імя М. В. Фрунзэ, імя І. В. Сталіна і асобных груп, якія засталіся ў варожым тыле, створаны 4 новыя атрады. У маі — чэрвені 1943 г. партызаны брыгады зноў супрацьстаялі карнікам. У жніўні 1943 г. разграмілі варожы гарнізон у в. Дуброва (Дубрава) Гарадоцкага раёна. У жніўні — верасні 1943 г. на чыгунцы Віцебск — Невель падарвалі больш за 1 тыс. рэек.
Брыгада паатрадна злучылася з Чырвонай арміяй у кастрычніку — снежні 1943 г., на той час уключала атрады 1‑ы імя В. І. Чапаева, 2‑і «Мсцівец», 3‑і, 4‑ы, у якіх змагаліся 274 партызаны.