ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ В. І. ЧАПАЕВА, Гомельскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ В. І. ЧАПАЕВА

Дата стварэння: 18.05.2024 09:51:54

Дата змены: 28.05.2025 12:04:03


Партыза́нская брыга́да імя́ В. I. Чапа́ева

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Буда-Кашалёўскага, Жлобінскага, Стрэшынскага, Рэчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці, Парыцкага і Васілевіцкага раёнаў Палескай вобласці (абодва не існуюць, цяпер тэрыторыя Светлагорскага, Рэчыцкага і Калінкавіцкага раёнаў Гомельскай вобласці).

Створана ў верасні 1943 г. на базе атрадаў імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў лістападзе 1942) і імя Д. А. Фурманава (арганізаваны ў сакавіку 1943), адначасова былі сфарміраваны атрады імя М. Ф. Гастэлы і імя С. Г. Лазо.

Партызаны наносілі ўдары на чыгуначных лініях Гомель — Жлобін, Гомель — Калінкавічы і прылеглых да іх шашэйных і грунтавых дарогах. У ліпені — верасні 1943 г. разбілі 9 варожых апорных пунктаў, знішчылі 24 аўтамашыны, падарвалі 9 мастоў, пусцілі пад адхон 17 эшалонаў. Толькі ў жніўні — кастрычніку 1943 г. падарвалі каля 1,1 тыс. рэек. У лютым, маі — кастрычніку 1943 г. вялі баі з карнікамі.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 23 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады імя В. І. Чапаева, імя Д. А. Фурманава, імя М. Ф. Гастэлы, імя С. Г. Лазо, у якіх налічвалася 817 партызан.

Камандзір брыгады М. Д. Стэфановіч, камісар С. I. Касьянаў, начальнік штаба I. Ю. Даўгала.