Дата стварэння: 18.05.2024 09:53:34
Дата змены: 11.09.2024 14:59:46
Партыза́нская брыга́да імя́ У. I. Ле́ніна
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ганцавіцкага і Целяханскага раёнаў Пінскай вобласці.
Створана ў красавіку 1943 г. на базе атрадаў: В. А. Васільева (арганізаваны ў сакавіку 1942 у Ваўкавыскім раёне з ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне, у ліпені 1942 перайшоў у Краснаслабодскі раён, дзе аб’яднаўся з групамі С. Я. Ягорава, П. С. Казакова, І. В. Шаўчэнкі, М. Д. Кісцюніна, Ф. Ф. Светкіна, І. С. Качамарава, якія раней дзейнічалі ў Быценскім, Бярозаўскім і Косаўскім раёнах) і імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў снежні 1942 з груп М. С. Фядотава і І. С. Зайкова). Пры стварэнні брыгады атрад В. А. Васільева расфарміраваны, арганізаваны атрад імя Ф. Э. Дзяржынскага, у красавіку 1943 г. арганізаваны атрады імя М. В. Фрунзэ, імя М. І. Кутузава, у маі 1943 г. — атрады імя В. У. Куйбышава і імя Р. К. Арджанікідзэ (якія ў лістападзе 1943 былі вылучаны для арганізацыі партызанскай брыгады імя В. У. Куйбышава), у снежні 1943 г. — кавалерыйскі эскадрон.
У чэрвені — ліпені 1942 г. атрад В. А. Васільева разграміў гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі ворага ў вёсках Хомск Драгічынскага раёна, Адрыжын Іванаўскага раёна, у кастрычніку — у в. Чудзін Ганцавіцкага раёна (гл. Чудзінскі бой 1942 г.), у г. п. Чырвоная Слабада (гл. Чырвонаслабодскі бой 1942 г.). У верасні — кастрычніку 1942 г. атрад В. А. Васільева вёў баі з карнікамі каля вёсак Колкі Клецкага раёна, Старына і Смалічы Чырвонаслабодскага раёна, у студзені 1943 г. — каля хутара Дубіца, в. Гаўрыльчыцы, у ліпені 1943 г. — каля в. Дабрамысль Целяханскага раёна.
Партызаны брыгады праводзілі дыверсіі на чыгунках і шашэйных дарогах. Толькі ў ноч на 6 жніўня 1943 г. на чыгунцы Лунінец — Баранавічы яны падарвалі больш за 1,9 тыс. рэек (рух быў спынены на 14 сутак), у верасні 1943 г. — больш за 3 тыс. рэек. У студзені 1944 г. вялі баі з карнікамі каля вёсак Вялікія і Малыя Чучавічы Лунінецкага раёна. У лютым 1944 г. разграмілі варожы гарнізон у в. Дзяніскавічы, у маі напалі на станцыю Люсіна Ганцавіцкага раёна. Разам з часцямі Чырвонай арміі вялі баі каля станцый Люшча, Бастынь, хутара Перахрэсце (на дарозе Лунінец — Багданаўка), в. Альшанка.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 7 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. І. Чапаева, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя М. В. Фрунзэ, імя М. І. Кутузава, кавалерыйскі эскадрон, у якіх налічвалася 1 067 партызан.
Камандзір брыгады В. А. Васільеў, камісар І. В. Зібараў, начальнік штаба М. Д. Кісцюнін.
У в. Чудзін (цяпер аграгарадок) Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў 1977 г. у гонар брыгады, а таксама ў г. п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Мінскай вобласці ў 1961 г. на ўшанаванне памяці атрада В. А. Васільева ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.